24 красавiка 2024, Серада, 12:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІП - чыноўнікам: «Вашы жонкі не носяць гэтыя рэчы»

106
ІП - чыноўнікам: «Вашы жонкі не носяць гэтыя рэчы»
Фотa: tut.by

Беллегпрам зладзіў паказ беларускага адзення.

«У якіх рэчах вы хочаце бачыць сваіх жанчын? На 90% упэўненая, што вашыя жонкі не носяць тое, што тут паказана», - іпэшніца Алена Ярэма на прэзентацыі айчынных тавараў была настроена катэгарычна. Кіраўнік «Беллегпрама» Мікалай Яфімчык і намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун, нават не адразу знайшлі, што адказаць. Tut.by наведаў прэзентацыю кампаніі «Трыкатажгандаль», якая займаецца пастаўкамі тавараў з усімі дакументамі - як беларускіх, так і імпартных.

ФОТА: TUT.BY

Мікалай Яфімчык і Вячаслаў Драгун так і не распавялі, якое адзенне пераважна купляць іх жонкі. Затое кіраўнік «Беллегпрама» ў адказ прадэманстраваў біркі на сваім адзенні - касцюм, кашуля, гальштук і абутак былі беларускай вытворчасці. «Касцюм, да прыкладу, кампаніі «Камінтэрн», - стараўся прыхіліць да сябе прадпрымальнікаў Мікалай Яфімчык.

ФОТА: TUT.BY

Пазней іншая іпэшніца жартам зробіць заўвагу кіраўніку «Беллегпрама», што не першы раз бачыць яго ў гэтым касцюме. «Час бы ўжо прадэманстраваць на сваім прыкладзе не толькі класічныя касцюмы, але і адзенне больш вольнага стылю, раз ужо рэкламуеце тавары легпрама», - сказала прадпрымальнік. Мікалай Яфімчык таксама пажартаваў, што «Энштэйн купляў па 10 адзінак адзення, каб не думаць, што надзець заўтра», і што ён носіць чорныя класічныя касцюмы з рознымі адценнямі.

«Мы не кажам, што ўсе павінны адзявацца аднолькава як у Паўночнай Карэі. Але беларускі тавар не саступае такім брэндам як Hugo Boss і Armani», - пераконваў іпэшнікаў кіраўнік канцэрна.

Алена Ерэма не здавалася і заявіла, што «не купіла б ніводнай рэчы, якая тут прадстаўлена, максімум - пару рэчаў». Жанчына распавяла, што разам са сваёй сяброўкай Аленай Іўкінай 16 гадоў гандлявала на рынку Дынама, а пасля яго закрыцця пераехалі на «Атлантык», дзе сталі прадаваць жаночыя рэчы вялікіх памераў. «Можа быць, я нешта і купіла з тавараў «Беллегпрама», але дзе гарантыя, што дакладна такія ж рэчы не з'явяцца ў продажы ў суседняй краме», - разважае прадпрымальніца Алена Іўкіна.

ФОТА: TUT.BY

«Так, мы не заўсёды ўгадваем з мадэлямі, але ніхто не забараняе ўвозіць імпартны тавар з дакументамі, - пагадзіўся Мікалай Яфімчык. - Акрамя таго, прадпрымальнікі могуць набываць тавар па адпускных коштах заводаў-вытворцаў, падаваць заяўкі на фабрыку і звяртацца на аптовыя базы». З яго слоў, сёння ІП могуць пашыць рэчы пад індывідуальны заказ. «За вашыя грошы - любы капрыз. І гэта міф, што ў «Беллегпрама» няма тавару, пра што часта даводзіцца чуць ад індывідуальных прадпрымальнікаў», - удакладніў Мікалай Яфімчык.

Кіраўнік «Беллегпрама» нагадаў ІП словы Лукашэнкі пра тое, што «сертыфікацыя тавараў - гэта толькі першы крок», і ўвесь тавар павінен быць з суправаджальнымі дакументамі.

«Я 20 гадоў гандлюю абуткам, закупляю тавар у Расеі. Але цяпер расейскія прадаўцы адмаўляюцца працаваць з беларускімі прадпрымальнікамі, яны кажуць, што не жадаюць праблем», - паскардзілася яшчэ адна ІП. Мікалай Яфімчык параіў «не сябраваць з такімі пастаўшчыкамі» і звярнуць увагу на беларускі абутак.

ФОТА: TUT.BY

Тут жа іншая іпэшніца прывяла прыклад са сваёй практыкі: «Год вяла перамовы, каб набыць тавар у «Марка», але безвынікова». Як высветлілася, тыя мадэлі, якія выбрала жанчына, кампанія пастаўляе на экспарт. «Больш за 60% усяго абутку, які вырабляецца ў Беларусі, пастаўляецца на экспарт. У нас не стаіць задача на 100% забяспечыць унутраны рынак айчынным абуткам. Тая ж кампанія «Марка» на экспарт пастаўляе блізу 30% прадукцыі», - пацвердзіў Мікалай Яфімчык.

ФОТА: TUT.BY

Прадпрымальнікі папрасілі старшыню канцэрна дапамагчы з тым, каб прадпрыемствы галіны «выдавалі пробныя партыі тавару на рэалізацыю, пры гэтым не патрабавалі перадаплату». «Часта самы зручны варыянт для працы ІП - гэта атрыманне тавару на прадпрыемстве з адтэрміноўкай аплаты», - пагадзіўся Мікалай Яфімчык.Некаторыя вытворцы тут жа сталі заклікаць вытворцаў «прыходзіць да іх за таварам». «Бярыце прадукцыю! Мы дапаможам адабраць і самі прывязём. Мы гатовыя да супрацоўніцтва», - запэўніла прадстаўніца «Галантэя».

ФОТА: TUT.BY

У кіраўніка «Беллегпрама» таксама пацікавіліся мужчынскім трыкатажам. «Гэта адна з слабых пазіцый у легпрама. У нас катастрафічна не стае мужчынскага тавару. Нашы прадпрыемствы пакрываюць толькі 2% патрэбаў унутранага рынку», - не стаў спрачацца Мікалай Яфімчык.

Тут жа дырэктар ПУП «Гандлёвы дом Камінтэрн-М» Андрэй Ахрэм прадэманстраваў ІП новыя мадэлі мужчынскіх касцюмаў. Да прыкладу, адзін з касцюмаў, які ў дзяржаўнай краме можна купіць за 2 мільёны 959 тысяч рублёў, прадпрымальнікам прапануюць набыць за 1 мільён 860 тысяч рублёў (кошт без ПДВ).

ФОТА: TUT.BY

Пры гэтым Андрэй Ахрэм звярнуў увагу, што многія мужчынскія касцюмы, прывезеныя з Расеі і якія ІП прадаюць на рынках, пашытыя як раз заводам «Камінтэрн». «Усе «Ждановічы» заваленыя касцюмамі, якія мы адшылі, але іх прывезлі праз Расею», - сказаў дырэктар ПУП «Гандлёвы дом Камінтэрн-М». Андрэй Ахрэм распавёў, што любы ахвочы ІП можа звярнуцца на фабрыку і пашыць партыю мужчынскіх касцюмаў. З ягоных слоў, праца па пашыву каштуе 430 тысяч рублёў, плюс яшчэ блізу 190 тысяч абыйдзецца фурнітура. Пры гэтым кошт тканіны вар'іруецца ад 4 да 5 даляраў, на адзін касцюм сыходзіць да 4 метраў палатна.

Са слоў Мікалая Яфімчык, праблемы існуюць і з дзіцячай абуткам: «мы прайграем у асартыменце замежным вытворцам». Іпэшнікі паскардзіліся на якасць дзіцячага абутку, выпушчанага кампаніяй «Чаўляр».

ФОТА: TUT.BY

«На ўсіх прадпрыемствах маса праблем, але абутак у нас зроблены з натуральных матэрыялаў. Абутак прадаецца, і прадаецца добра», - апраўдвалася прадстаўніца «Чаўляр».

Сталічная прадпрымальніца Вольга Шахмуць, якая ў аўторак прысутнічала на пасяджэнні рабочай групы ў пытаннях работы ІП у Міністэрстве эканомікі, паскардзілася, што канцэрн чамусьці не прэзентуе працы беларускіх дызайнераў.

ФОТА: TUT.BY

Іпэшнікі шмат крытыкавалі на сустрэчы адзенне і абутак айчынных прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці: як праз асартымент, так і праз кошты. Кіраўнікі фабрык, якія прысутнічалі на сустрэчы з ІП, спрабавалі адказаць на папрокі. Да прыкладу, гендырэктарка «Купалінкі» Таццяна Ярота распавяла, што прадпрыемства «цяпер настолькі мабільнае», што «можа выпусціць адзенне паводле індывідуальнага пашыву».

«Мы гатовыя супрацоўнічаць з індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў любой форме, - сказала Таццяна Ярота. - Прадпрымальнікі могуць скааперавацца і замовіць у нас адзенне паводле індывідуальнага пашыву. У нас ёсць свае дызайнеры». Са слоў гендырэктара «Купалінкі», з пачатку гэтага года 20 прадпрымальнікаў заключылі дамовы аб супрацоўніцтве з кампаніяй.

ФОТА: TUT.BY

«Важна, што ў нас ужо атрымліваецца дыялог з індывідуальнымі прадпрымальнікамі», - падвёў вынікі сустрэчы Мікалай Яфімчык. Праўда, ці прывядзе гэты дыялог да падпісання кантрактаў паміж гандлярамі і вытворцамі, пакуль з упэўненасцю сказаць немагчыма.

Напісаць каментар 106

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках