29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Планы Лукашэнкі ў аднаўленні свінагадоўлі праваленыя

51
Планы Лукашэнкі ў аднаўленні свінагадоўлі праваленыя

Фактычны паказчык пагалоўя на 1 студзеня 2016 года аказаўся меншы за ўстаноўленыя заданні ўрада на 16,7%.

Заданне ўрада ў аднаўленні пагалоўя свіней да 2016 года не выкананае, сведчаць афіцыйныя звесткі аб сітуацыі ў сферы жывёлагадоўлі.

Паводле стану на 1 студзеня 2016 года пагалоўе буйной рагатай жывёлы налічвала 4,23 млн. галоў, у тым ліку кароў - 1,42 млн. галоў, свіней - 2,75 млн. галоў. За 2015 год колькасць кароў скарацілася на 0,8%, свіней павялічылася на 11,8%, паведамляе tut.by.

Разам з тым варта адзначыць, што пастанова ўрада №793, прынятая 15 жніўня 2014 года, меркавала, што на 1 студзеня 2016 пагалоўе свіней будзе адноўлена да ўзроўню, які быў у 2013 годзе, і складзе 3,3 мільёна галоў.

Такім чынам, фактычны паказчык пагалоўя на 1 студзеня 2016 года аказаўся меншы за ўстаноўленыя заданні ўрада на 16,7%.

Нагадаем, у 2013 годзе ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі была выяўленая афрыканская чума свіней. «Барацьба» ўладаў з эпідэміяй прывяла да значнага скарачэння пагалоўя жывёлы ў другой палове 2013 года.

Праз недахоп свініны на ўнутраным рынку кошты на мяса значна павялічыліся. Паводле звестак за 2014 год свініна на ўнутраным рынку падаражэла на 59,7%.

Рэагуючы на гэтую сітуацыю, Аляксандр Лукашэнка даручаў ў 2014 годзе аднавіць пагалоўе свіней да ўзроўню, які ў краіне быў да моманту ўзнікнення эпідэміі.

«Што за праблема? Гэта ж не быка выгадаваць, што яму трэба 18 месяцаў, гэта цягам года можна аднавіць пагалоўе. І мы пра гэта дамовіліся», - падкрэсліваў беларускі кіраўнік, звяртаючыся да сябраў урада ў траўні 2014 года.

Цягам 2014 года кіраўніцтва Мінсельгасхарча заяўляла, што даручэнне прэзідэнта ў аднаўленні пагалоўя свіней будзе выкананае. На пачатку 2015 года ўрад даручыў Мінсельгасхарчу забяспечыць кантроль за выкананнем аблвыканкамамі зацверджаных планаў у аднаўленні пагалоўя свіней.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках