20 красавiка 2024, Субота, 9:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Дабравольскі: Акцыі пратэсту - адзіны спосаб прымусіць з сабой лічыцца

8
Аляксандр Дабравольскі: Акцыі пратэсту - адзіны спосаб прымусіць з сабой лічыцца
АЛЯКСАНДР ДАБРАВОЛЬСКІ
Фота: EPRAMOVA.ORG

Прадпрымальнікі павінны праявіць салідарнасць і патрабаваць ад уладаў павагі да сябе.

Такое меркаванне выказаў сайту charter97.org сябра палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі.

- Як вы можаце пракаментаваць цяперашнюю сітуацыю з пратэстамі прадпрымальнікаў?

- Мне здаецца, што праблема не ў тым, што цяпер выдалі такі ўказ і трэба яго выпраўляць. Праблема ў тым, што вышэйшае кіраўніцтва краіны ўважае эканамічную ініцыятыву і прадпрымальнікаў за сваіх асабістых ворагаў і тых, каго трэба максімальна знішчаць.

Я ўспамінаю, як іх называлі вашывымі блохамі і як іх цяпер назвалі бандытамі - нічога фактычна не змянілася. І пакуль не зменіцца стаўленне ўлады, нічога не зменіцца.

Гэта хамства. Таму што да сваіх грамадзянаў так ставіцца нельга. Мы ўжо чулі такія ж словы і ў дачыненні да іншых груп грамадзян. І вось калі ў чалавека няма ніякай палітычнай культуры і культуры ўзаемадачыненняў, чаго можна чакаць яшчэ ад такога кіраўніцтва?

У нас у краіне няма іншых багаццяў, якія можна было б выкарыстоўваць для росту дабрабыту, такіх як у рэсурсаздабываючых краінах - ні нафты дастатковай колькасці, ні іншых выкапняў. У нас адзінае багацце - гэта людзі. А адзіная крыніца іх развіцця - гэта іх ініцыятыва. Таму ўлада паводзіць сябе вельмі па-дурному.

Прадпрымальнікі, якія гэтага не разумеюць, фактычна ствараюць умовы, каб іх прыніжалі. Я думаю, што іншага спосабу, акрамя публічных пратэстаў, каб прымусіць уладу з сабой лічыцца, няма. І ўсе гэтыя непаслядоўныя крокі - то мы так, то мы гэтак - гэта сведчанне несур'ёзнасці падыходу, а можа быць, і запалоханасць. Вельмі шкада, што ў нас так мала людзей, якія гатовыя праявіць пачуццё ўласнай годнасці і адстаяць свае правы. Думаю, што іншага спосабу няма і толькі гэта будзе дзейсным спосабам нешта змяніць.

- Ці можна трактаваць гэта як тое, што вы разам з прадпрымальнікамі пойдзеце на акцыю пратэсту 15 лютага?

- Я, на жаль, буду хутчэй за ўсё за межамі Беларусі ў гэты дзень, але калі вярнуся, то пайду на гэтую акцыю. Таму што справа не ў канкрэтных прадпрымальніках з канкрэтнымі прозвішчамі. А справа ў тым, што адзіная магчымасць для развіцця - гэта падтрымка ініцыятывы. А ўлада займаецца прыгнётам ініцыятывы і не толькі прадпрымальнікаў, таму нам трэба праяўляць салідарнасць.

Я думаю, што на гэтую акцыю ў любым выпадку пойдуць многія мае аднадумцы.

- Як член сябра палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі, вы можаце сказаць, што партыя будзе падтрымліваць прадпрымальнікаў?

- Вядома. АГП паслядоўна падтрымлівае прадпрымальнікаў і заўсёды падтрымлівала. І ў нашых праграмах заўсёды былі прапановы, накіраваныя на падтрымку прадпрымальніцкай ініцыятывы і людзей, якія яе праяўляюць. Але ў дадзеным выпадку, партыя не толькі прымала нейкія рашэнні, але і арганізоўвала акцыі ў падтрымку прадпрымальнікаў.

Лідэр партыі Анатоль Лябедзька ўжо арганізоўваў такую акцыю падтрымкі, і я думаю, што і далей мы будзем падтрымліваць і ўдзельнічаць.

- Як шмат людзей прыйдзе 15 лютага на Кастрычніцкую плошчу?

- Не ведаю, не магу сказаць. Звычайна бываюць розныя сітуацыі. Апошнім часам многія запалоханыя, але я думаю, што калі прыпіраюць да сценкі, то прыходзіцца змагацца. І можа быць хтосьці з тых мужчын, якія гавораць сёння адно, а заўтра другое, заўтра ўспомняць, што яны павінны неяк па-мужчынску сябе паводзіць. Тады будзе ўсё мяняцца.

- Як вы ацэньваеце той факт, што «Перспектыва" адклікаў заяўку на правядзенне акцыі 15 лютага?

- У мяне два магчымых тлумачэння. Або яны маюць нейкія ілюзіі, тады мне не зразумела адкуль гэтыя ілюзіі маглі з'явіцца. Ці магчыма яны запалоханыя. У любым з гэтых выпадкаў, мне здаецца, гэта прыкмета несур'ёзнасці падыходу.

Нагадаем, што з 1 студзеня 2016 года беларускія ІП масава спынілі гандаль. З гэтай даты, згодна з указам Лукашэнкі, прадпрымальнікі не змогуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краін Мытнага саюза, без сертыфікатаў. Да 1 студзеня 2016 года ім надавалася права рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных да 1 ліпеня 2014 года ў Беларусь без суправаджальных дакументаў, па зарэгістраваных у падатковых органах вопісах рэшткаў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках