18 красавiка 2024, Чацвер, 7:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дуня Міятавіч: Калі я дапамагла журналістам - я дасягнула сваёй мэты

Дуня Міятавіч: Калі я дапамагла журналістам - я дасягнула сваёй мэты
Дуня Міятавіч
ФОТА: АБСЕ

Заканчваецца 6-гадовы тэрмін працы прадстаўніка АБСЕ свабоды СМІ Дуні Міятавіч.

«Калі за гэты час я дапамагла журналістам - я дасягнула сваёй мэты», - заявіла Дуня Міятавіч у інтэрв'ю «Еўрапейскаму цэнтру свабоды прэсы» напярэдадні сыходу (пераклад - baj.by).

- Калі я прыйшла на пасаду ў 2010 годзе, рэгіён АБСЕ выглядаў абсалютна інакш, - успамінае Дуня Міятавіч. - Была меншай пагроза з боку Аль-Каіды ды іншых тэрарыстычных арганізацый; арабская вясна толькі пачыналася; у Масквы і Кіева былі добрыя стасункі; Эдвард Сноўдэн яшчэ не раскрыў нам сістэматычнага масавага назірання ў нашых грамадствах.

Безумоўна, пагрозы для СМІ і свабоды выказвання існавалі і раней. Журналістаў і раней пераследавалі, збівалі, саджалі ў турмы, нават забівалі за іх працу, інтэрнэт-рэгуляванне было ўведзенае ў многіх рэгіёнах Еўропы, адзначае Дуня Міятавіч.

- Аднак я б сказала, што ў Еўропе была іншая атмасфера - атмасфера аптымізму, даверу, надзеі і чаканняў. Еўропа шмат у чым ішла правільным кірункам. Цяпер усё істотна памянялася. Надышлі больш небяспечныя часы. Нядаўнія тэрарыстычныя напады і новыя лініі канфлікту ў Еўропе кідаюць выклік нашаму спосабу мыслення аб асноўных правах чалавека, такіх як свабода самавыяўлення і прыватнае жыццё.

«Сумны факт, але нашая ўласная бяспека стварыла адную з найвялікшых пагроз свабодзе слова», - адзначае Дуня Міятавіч. У той жа час, у нашых грамадствах пануе атмасфера росту нецярпімасці да «асаблівых» меркаванняў. Усе разам гэтыя чыннікі стварылі небяспечную сумесь ціску і самацэнзуры ў Еўропе і за яе межамі. Акрамя таго, выклікі свабодным СМІ ў зонах канфліктаў часта звязаныя з прапагандай, накіраванай на распальванне нянавісці.

- Небяспека цэнзуры і самацэнзуры таксама ўзрастае ў атмасферы страху падчас вайны супраць тэрору. Мы павінны прызнаць, што ўзровень бяспекі, да якога мы імкнемся, магчыма, недаступны. І што для барацьбы з тэрарызмам патрэбныя эфектыўныя і прапарцыйныя законы. Я ні ў якім разе не кідаю выклік законнаму праву ўрадаў змагацца з тэрарызмам і абараняць нашае грамадства. Але законы нельга выкарыстоўваць так, каб яны перашкаджалі працы журналістаў і прыгняталі свабоду СМІ.

«Не мая справа судзіць, што я зрабіла як Прадстаўнік АБСЕ свабоды СМІ - хай судзяць іншыя, - адзначыла Дуня Міятавіч. - Калі мая праца была карыснай для журналістаў, спрыяла іх працы, дала ім свабоду - я дасягнула сваёй мэты».

Што да пераемніка - ён (ці яна) самі павінны вызначыць свае прыярытэты і шлях, перакананая Міятавіч. Але, зыходзячы з сённяшніх выклікаў свабодзе СМІ, «офіс АБСЕ павінен надалей клапаціцца аб бяспецы журналістаў ва ўсіх сферах і на ўсіх платформах», - перакананая яна.

Раней сайт charter97.org паведамляў, што пасля нападу міліцыянтаў у зале суда на журналіста tut.by Дуня Міятавіч ад імя АБСЕ запатрабавала неадкладна расследаваць збіццё журналіста міліцыяй у Менску.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках