28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІП прапанавалі прадаваць абутак ад «Белшыны»

104

Човен з вёсламі сустракаў прадпрымальнікаў на выставе-кірмашы нехарчовых тавараў у Магілёве.

У выставачным комплексе «Прыдняпроўе» ўлады на чале з «Беллёгпрамам» сабралі беларускіх вытворцаў, каб дапамагчы прадпрымальнікам, якія гандлююць на базарах і ў гандлёвых цэнтрах, «у набыцці тавараў з суправаджальнымі дакументамі для іх наступнай рэалізацыі».

Адкрылася выстава аб 11.00. Праз паўтары гадзіны па зале блукалі пераважна школьнікі. Прадпрымальнікаў былі адзінкі. Траіх мы заспелі ля стала Аршанскага льнокамбіната.

«Я гандлюю адзеннем, ручнікамі для купання, камплектамі для нованароджаных і пасцельнай бялізнай для іх, - распавяла tut.by магілёўка Вольга. - Ужо працую з расейскімі, турэцкімі вытворцамі - пытанняў няма ні да кошту, ні да якасці, ні пагатоў да асартыменту. А наша, беларускае, усё нейкае бляклае. І якасць не надта. У таго ж «Світанку» мы бралі трыкатаж - ён пасля прання сур'ёзна траціць форму. Пакупнікі ведаюць пра гэта, і калі мы прапануем ім камплекты «майткі-саколка», яны выбіраюць тавар расейскага вырабу. І кажуць нам: «Світанак» не завозьце».

Жанчыне спадабалася прадукцыя прадпрыемства «8 Сакавіка». Супрацоўніцтва з ім яна яшчэ разглядае. Ейная знаёмка Марына - жанчыны разам гандлююць на Віленскім рынку Магілёва - дзеліцца ўражаннямі ад выставы: «Я ў шоку. Якая карысць, што яна [выстава] адкрылася? Тут усё – беларускага вырабу. Як на гэтым зарабіць? Добра, кошт трыкатажу ад «Світанку», «8 Сакавіка» невысокі. Але я вазьму гэты трыкатаж, дадам толькі 20% звыш кошту, як прэзідэнт кажа, - і ўсё. Выходзіць, што я зараблю з саколкі толькі 10 тысяч рублёў. З іх мне трэба заплаціць падаткі, арэнду. А мне што застанецца?».

Жанчына прадае адзенне для дарослых і дзяцей. Кажа, што ўжо знайшла расейскія фірмы, якія працуюць з Беларуссю, даюць усе патрэбныя дакументы - «у інтэрнэце іх поўна». Аднак пункты абедзвюх прадпрымальніц на Віленскім рынку пакуль замкнёныя. Жанчыны не пачнуць працаваць, пакуль не знойдуць патрэбны тавар з сэртыфікатамі.

На пытанне аб тым, чаго ім на выставе не стае, адказваюць хорам: «Расейскага вытворцы і яскравых, модных тавараў, а яшчэ - годнага асартыменту».

«Нашых вытворцаў тут - раз-два і аблічыўся, - тлумачыць Марына. - Паглядзіце на абутак ад «Белшыны» - яны смяюцца, ці што? Ці нам усім гумовымі ботамі гандляваць?».

Ля павільёна «Вяснянка» з вопраткай пуста, але намеснік дырэктара ў камерцыйных пытаннях Наталля Хаменя кажа, што прадпрыемцы прыйшлі яшчэ да адкрыцця выставы і ўжо разышліся.

«Чалавек, можа, 50 было. Шмат хто дамовіўся прыехаць на склад паглядзець прадукцыю. Яны задавалі пытанні, бралі візітоўкі, цікавіліся ўмовамі працы. Мяркуючы з усяго, наш тавар ім вельмі спадабаўся і коштам, і якасцю. Негатыву пэўна не было», - зазначае жанчына.

Наталля Хаменя распавяла, што «Вяснянка» даўно працуе з індывідуальнымі прадпрымальнікамі: «Чалавек 20 дакладна ёсць». Прычым прыязджаюць ІП і з раёнаў - Крычаўскага, Быхаўскага. Яны на складзе выбіраюць упадабаныя мадэлі, робяць 100%-ую папярэднюю аплату і атрымліваюць тавар. Ёсць і тыя, хто бярэ да дзясятка рэчаў - «для спробы».

«Не магу сказаць, што пасля ўваходу ў дзеянне ўказа № 222 колькасць ахвочых з намі супрацоўнічаць павялічылася. Думаю, прадпрымальнікі ўсё яшчэ нечага чакаюць», - мяркуе Наталля Іванаўна.

Намеснік дырэктара таксама дадае, што прадпрыемства ахвочае нават шыць адзенне на заяўкі ІП - з усякага матэрыялу, усякіх расфарбовак і памераў. Аднак чым меншая партыя замоўленага тавару, тым вышэйшы кошт. У ідэале трэба шыць не менш за 200 рэчаў адной мадэлі за раз.

Абутковае прадпрыемства «Сівельга», здаецца, таксама знайшло на выставе патэнцыйных партнёраў сярод прадпрымальнікаў. Прынамсі некалькі дзясяткаў чалавек папрасілі кантакты кіраўніцтва і паабяцалі прыйсці на гуртовы склад, каб патаргаваць.

«Акрамя наяўнасці дакументаў самае галоўнае для іх цяпер - кошт. Прадпрымальнікі цікавіліся і растэрміноўкай платы, і навінкамі, фатаграфавалі стэнды», - распавядае загадчыца фірмавага стэнду Таццяна Харчанка. Паводле ейных слоў, прадпрыемцы раней і самі не раз прыходзілі ў краму «Сівельга» - таксама хацелі даведацца пра варыянты супрацоўніцтва.

Загадчыца гуртовага складу ў Магілёве Ірына Каваленка заўважыла, што з прадпрымальнікамі «Сівельга» у рэгіёне працуе даўно: «Зазвычай яны прыязджаюць на гуртовы склад і выбіраюць тое, што ім падабаецца. Нехта 20 пар бярэ, хтосьці - 200 ці нават 500. Тых, хто купляе адзінкавыя мадэлі, мала. У Магілёве наш абутак прадаецца не толькі ў дзяржаўных крамах, але і ў гандлёвых цэнтрах. А вось у намёце на Віленскім рынку вы яго наўрад знойдзеце - там звыклі да кітайскай абутку за 3 шэлегі, якую трэба выкінуць па заканчэнні сэзону».

Прадпрымальнік Валер, які гандлюе спартовым мужчынскім адзеннем, застаўся вельмі незадаволены выставай, адгукнуўся пра яе лаянкай і спытаў, навошта выставілі павільёны «Магілёўдрэва», «Магілёўхімвалакна», «Строммашыны», «Крычаўцэментнашыфера» ды іншых прадпрыемстваў, якія не маюць дачынення да лёгкай прамысловасці.

«А лодка тут навошта? Ці нас ужо ў Муму ўсіх запісалі?» - пажартаваў ён на развітанне і дадаў, што для сябе на выставе не знайшоў нічога.

Таксама на выставе-кірмашы арганізавалі дэгустацыю «Чырвоны Харчавік», «Бабулін гладыш».

Напісаць каментар 104

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках