29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія вайсковыя экспэрты: Пуцін падлучае Беларусь да вайны з ЗША

55
Расейскія вайсковыя экспэрты: Пуцін падлучае Беларусь да вайны з ЗША

Пытанне аб размяшчэнні расейскай авіябазы ў Беларусі, як відаць, мае дачыненне да сярэднетэрміновых планаў Расеі.

Перамовы з Менскам актывізуюцца, калі супрацьстаянне з Захадам будзе і далей узмацняцца.

Пра гэта заявіў інфармацыйнаму агенцтву Еўразійскага саюза EADaily расейскі вайсковы публіцыст Барыс Рожын.

«Разгортванне базы ў Беларусі, хутчэй за ўсё, будзе сіметрычным адказам на ўзмацненне амерыканскіх кантынгентаў ля межаў Расеі. Гэта цяпер адбываецца і на тэрыторыі Расеі, дзе ўмацоўваюцца войскі Заходняй вайсковай акругі. Адпаведна, калі супрацьстаянне стане ўзмацняцца, то актывізуюцца і перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам аб нарошчванні расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі. Гэтае пытанне знаходзіцца ў сярэднетэрміновых планах, і многае будзе залежаць ад развіцця гэтага канфлікту. А паколькі ўсеагульная эскалацыя будзе нарастаць, хутчэй за ўсё, мы ўбачым і нарошчванне вайсковых кантынгентаў на заходняй мяжы», - сказаў ён.

Рожын звярнуў увагу на тое, што ў межах так званай саюзнай дзяржавы ўжо мае месца вайсковая прысутнасць Расеі, а яго павелічэнне будзе ўвязанае з эканамічнымі прэфэрэнцыямі Менску з боку Масквы, якія будуць абмяркоўвацца ў межах перамоўнага працэсу.

«У абмен на прадастаўленне новых опцый вайсковай прысутнасці Лукашэнка будзе прасіць эканамічных прэферэнцый - спісвання пазык, зніжак, субсідый і льгот для беларускай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Гэта значыць, ён стане патрабаваць узаемавыгаднага абмену, імкнучыся вырашыць шэраг эканамічных праблем Беларусі», - растлумачыў Рожын.

Паводле ягоных слоў, з улікам гэтых тэндэнцый у стасунках з Захадам, разгортванне расейскай авіябазы патэнцыйна неабходнае Расеі, хоць пакуль што пытанне аб яе размяшчэнні і не з'яўляецца крытычным. Аднак, на думку экспэрта, «чым раней атрымаецца яе разгарнуць, тым лепш, каб потым не апынуцца ў цэйтноце».

Адказваючы на пытанне аб тым, наколькі хутка можна будзе размясціць авіябазу ў выпадку з'яўлення тэрміновай неабходнасці, Барыс Рожын адзначыў, што гэта залежыць ад таго, якія будуць у гэтай авіябазы задачы.

«Усё залежыць менавіта ад таго, якія вайсковыя задачы будуць пастаўленыя. Акрамя дыпламатычных перамоў будуць весціся кансультацыі на ўзроўні Генштабаў Беларусі і Расеі. Таму канкрэтна сказаць, што атрымаецца ў канчатковым выніку, цяпер складана. Усё залежыць ад таго, якім пагрозам яна павінна процідзейнічаць з пункту гледжання Генштаба», - сказаў экспэрт.

Як паведамляў charter97.org, распараджэнне пачаць перамовы аб размяшчэнні расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі Уладзімір Пуцін выдаў яшчэ ў верасні мінулага года. Нядаўна амбасадар РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што працэс «не зацягваецца, а знаходзіцца ў стадыі абмеркавання». Паводле слоў дыпламата, цяпер няма сэнсу выносіць пытанне аб размяшчэнні авіябазы ў парадак дня, паколькі «нічога асабліва страшнага ў свеце нам не пагражае».

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках