19 красавiка 2024, Пятніца, 19:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памочнік Лукашэнкі Руды: Лібералы скасавалі рабства

32
Памочнік Лукашэнкі Руды: Лібералы скасавалі рабства
Фота: Вадзім Заміроўскі, tut.by.

12 лютага на Міжнароднай кніжнай выставе ў Менску прайшла прэзентацыя кнігі «Фінансавая дыета. Рэформы дзяржаўных фінансаў Беларусі».

Укладальнікам і сааўтарам кнігі стаў памочнік Лукашэнкі ў эканоміцы Кірыл Руды. Да працы з «Фінансавай дыетай» былі прыцягнутыя экспэрты з такіх незалежных экспэртых цэнтраў, як Beroc і ДПМ.

Прэзентацыя праходзіла ў даволі дзіўных дэкарацыях: на сценах былі развешаныя цытаты з Францыска Скарыны на расейскай мове, а побач ляжаў торт у выглядзе Бібліі Скарыны. За мерапрыемствам назірала блізу 50 чалавек, паведамляе nn.by.

«Мы ўбачылі такі рукапіс, такую сур'ёзную навуковую працу, за якой стаяць не толькі канкрэтныя асобы, дзяржаўныя дзеячы, але, самае галоўнае, сур'ёзнае навуковае даследаванне тых працэсаў і з'яў, якія адбываюцца ў эканамічным жыцці краіны, - сказала міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, прэзентуючы кнігу . - Мы былі ўпэўненыя, што кніга будзе цікавая не толькі для эканамістаў, але і для тых, хто ўважліва ўглядаецца ў жыццё і разумее, што жыццё шматграннае і ў ім бываюць перыяды, калі ўсё грамадства і дзяржава павінны больш уважліва ставіцца да такога адчувальнага сегмента, як дзяржаўныя фінансы».

Прамова самога Кірылы Рудога доўжылася блізу 15 хвілін. Вось некаторыя моманты з яго выступу:

«Калі эканамічны рост спыняецца, то прапануецца фінансавая дыета, гэта значыць пераход на рацыянальны механізм выкарыстання дзяржаўных рэсурсаў, каб грошы размяркоўвалі аб'ектыўна. Чаканні, якія я чуў ад сяброў і знаёмых - адказы на пытанні, што нам трэба развіваць, якія галіны будуць прыярытэтнымі, як мы бачым будучыню. На самай справе гэтага ў кнізе няма.

Больш за тое, да такой папулярнай вобласці як інфармацыйныя тэхналогіі, што выглядае відавочнай для развіцця, у нас стаўленне досыць скептычнае. Спадзяюся, гэта выкліча пэўныя дыскусіі, нават крытыку аўтараў.

У кнізе расказана аб трох варыянтах, як выбіраць прыярытэты развіцця.

Адзін варыянт - гэта верыць, што сённяшнія прыярытэтныя прадпрыемствы дадуць вынік. Другі варыянт - адчуць дар празорцы, прызначыць новыя прадпрыемствы прыярытэтнымі і чакаць вынікаў ад іх. Трэці варыянт – калі мы не можам прадбачыць будучыню, нам трэба адштурхоўвацца ад жыцця, ад канкурэнцыі.

Для таго каб канкурэнцыя з'явілася, прапануецца перайсці на конкурсную дзяржаўную падтрымку. Напрыклад, вывесці з падпарадкавання міністэрстваў прадпрыемствы, акунуць іх у больш канкурэнтнае асяроддзе.

Але самым важным элементам для аздараўлення арганізма з'яўляюцца правільныя стымулы. Гэтыя стымулы не абавязкова павінны быць камандна-адміністрацыйнымі, але і добраахвотна-рынкавымі. Гэтая праблема вельмі складаная. Цяпер ёсць дыскусія «сваё не сваё», «прыватнае-дзяржаўнае».

Калі вобразна падысці да спрэчкі, то ёсць такая аналогія - кватаранты не робяць рамонт у арэндаванай кватэры. Каб з'явіліся правільныя стымулы, павінен з'явіцца шырокі пласт уласнікаў, якія і будуць ствараць правільныя стымулы для эканомікі.

У кагосьці ёсць асцярогі, у кагосьці - надзеі, што гэтая кніга - гэта маніфест лібералаў. У кнізе няма лібералізму ў яго звыклым значэнні. Няма заклікаў падняць эканоміку за кошт сацыяльнай сферы. Цэнтральныя ідэі кнігі, наадварот, гучаць дастаткова кансерватыўна. Гаворыцца пра ўзмацненне прававога парадку, кантролю над грашыма.

Сёння ў коле кнігалюбаў я б хацеў нагадаць, хто такія лібералы, у іх першасным значэнні. Менавіта лібералы ставяць прыярытэтам сацыяльную сферу. Яны выступаюць за адукацыю, ахову здароўя, культуру. У свой час менавіта лібералы, а не кансерватары скасавалі рабства, увялі пенсіі, дапамогу беспрацоўным, дапамогу сям'і. Лібералы абараняюць экалогію, выступаюць за гендэрную роўнасць. Таму ў гэтым сэнсе кніга з'яўляецца выключна ліберальнай. Бо галоўным прыярытэтам «фінансавай дыеты» з'яўляецца сацыяльная сфера.

Менавіта сацыяльная сфера дае максімальны эфект для ўсяго грамадства, як ні адна іншая сфера. Калі развіць сацыяльную сферу, то яна дае зваротны эфект самой эканоміцы, кожнаму чалавеку. Пры развітой сацыяльнай сферы, пры тых жа фізічных і маральных намаганнях, вырасце прадукцыйнасць працы, заробкі і ўзровень жыцця. Усё гэта магчыма, безумоўна, пры рынкавай эканоміцы».

Пакуль што ніхто не можа ведаць, ці будуць выкарыстаныя ідэі Кірылы Рудога і ягонага атачэння кіраўніцтвам краіны, аднак, нават тое, што яны гучаць - гэта нешта новае для Беларусі.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках