20 красавiка 2024, Субота, 0:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошты як паводка

46
Кошты як паводка
ФОТА З САЙТУ SGPRESS.RU

Беларусы з трывогай чакаюць рахункі за студзень.

Разлікова-даведачныя цэнтры жыллёва-камунальных прадпрыемстваў Гомеля яшчэ не ўсім разаслалі паведамлення пра новыя тарыфы за камунальныя паслугі, а гараджане ўжо захваляваліся, як гэта адаб'ецца на сямейным бюджэце?

78-гадовая пенсіянерка Надзея з вуліцы Жукава, што жыве ў Савецкім раёне Гомеля, распавядае «Радыё Свабода»:

«І я, і суседзі не вытрымалі, тэлефанавалі ў свой разліковы цэнтр, пыталіся, што і колькі цяпер каштуе. Кошт жа ўсяго плыве, як паводка - і прадуктаў, і на «камуналкі». Я маю аднапакаёвую кватэру, дагэтуль плаціла за ўсё, у тым ліку за тэлефон, амаль чатырыста тысяч. Цяпер спатрэбіцца на дзвесце тысяч больш. Ацяпленне найбольш падаражэла - удвая. А да пенсіі, смех дый годзе, мне дадалі апошні раз шэсць з паловай тысяч. Гэта павышэнне або кампенсацыя нейкая, я нават і не ведаю».

Суразмоўніца трыццаць сем гадоў працавала выхавацелькай у дзіцячым садку. Жыве адна. Пенсія ў яе - 2,7 мільёна. У папярэднія гады сабрала некалькі мільёнаў і паклала на дэпазіт у банку, каб мець нейкі дадатак да пенсіі. Цяпер, калі атрымлівае свае дывідэнды ў банку, купляе дзесяць, дваццаць даляраў, а калі выпадае, то і больш.

«Хоць неяк трэба сябе засцерагаць. Беларускім грошам асаблівай веры ўжо няма. 200-тысячнай купюры я наогул не люблю. Возьмеш гэтую «паперку», купіш у краме малака або тварагу, а табе кажуць, што няма чым рэшту аддаць», - падсумоўвае пенсіянерка.

У суседа выхавальніцы Аляксандра - двухпакаёвая кватэра. Мужчына падлічыў, што ў лютым яму з жонкай давядзецца заплаціць за камунальныя паслугі на 50 з лішнім адсоткаў больш, чым у студзені. Вырас кошт не толькі ацяплення, але й вады і яе падагрэву, каналізацыі. Акрамя таго, трэба аплачваць электраэнэргію для асвятлення, як сказана, дапаможных памяшканняў - гэта значыць, пад'езда.

Згаданыя месцічы жывуць у пяціпавярховіку без ліфта. У дамах з ліфтам у рахунках дадаліся новыя радкі. Калі раней уладальнікі кватэр у гмахах проста плацілі за тэхабслугоўванне і карыстанне ліфтам, то цяпер прыплюсавалі яшчэ і тэхнічнае абслугоўванне ліфта і электраэнэргію, якая ідзе на рух ліфта.

«Калі ў рахунках неўзабаве з'явіцца дадаткова і графа аб колькасці прабеглых па дратах электронаў, то я не здзіўлюся. Кошт можна і, напэўна, трэба павышаць у некаторых выпадках, але яго неяк трэба прыстасоўваць да даходаў людзей. Калі заробак у нас 3,5-4 мільёна, а кошты імчацца галопам, то акрамя масавых неаплат дзяржава нічога не атрымае», - падрахоўвае Аляксандр.

У шмат якіх шматкватэрных дамах гомельцы ўжо праводзяць сходы, каб вызначыць, якім чынам аплачваць тую ж электраэнэргію для асвятлення так званых месцаў агульнага карыстання. Гучаць прапановы аб складках на куплю электрасвяцільняў, якія спрацоўваюць на рух.

У сваю чаргу чыноўнікі апошнім часам сталі практыкаваць сустрэчы каля пад'ездаў дамоў, каб патлумачыць людзям рост тарыфаў на камунальныя паслугі і не дапусціць абурэння.

«Наш пад'езд у двухпавярховіку на вуліцы Білецкага ўжо шмат гадоў ніхто не прыбірае. Гэта я раблю сама. Пакуль маю змогу, мне не складана. Прапаную начальніку ЖЭУ: «Вы б хоць прынялі ў рахунку прыбіранне пад'езда ці мне б даплачвалі». Але ён толькі усміхаецца», - распавядае гараджанка Валянціна.

Былая настаўніца Таісія, якая жыве ў аднапакаёвай кватэры ў мікрараёне "Гомсельмаш", з трывогай чакае рахунак за студзень. Але аптымізму імкнецца не траціць:

«На нас ужо столькі экспэрыментаў ставілі, што і не злічыць. Але беларусы выжывалі. Калі вельмі цяжка было, то змагаліся за лепшую долю».

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках