25 красавiка 2024, Чацвер, 14:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскія экспэрты аб сыходзе «Лукойла»: Нічога нечаканага

7
Літоўскія экспэрты аб сыходзе «Лукойла»: Нічога нечаканага
ФОТА З САЙТА RBC.RU

Расейскі нафтавы гігант «Лукойл» сыходзіць з рынку Літвы, Латвіі і Польшчы.

Прэс-служба расейскай кампаніі паведаміла аб продажы блізу 230 АЗС у Літве, Латвіі і Польшчы мала вядомай аўстрыйскай AMIC Energy Management GmbH.

Чым абернецца для Літвы сыход «Лукойлу» высвятляў карэспандэнт charter97.org у Вільні, на пытанні якога адказаў сябра праўлення Асацыяцыі інвестараў Вайдотас Рукас.

- Якія фактары на вашу думку паўплывалі на пастанову расейскага канцэрну «Лукойл» абвясціць аб сыходзе з Літвы і Латвіі?

- Цягам апошніх двух гадоў «Лукойл» прадаў аўтазаправачныя станцыі ў Чэхіі, Вугоршчыне, Славакіі, Эстоніі і на Украіне. Такім чынам, няма нічога нечаканага ў тым, што кіраўніцтва кампаніі наважыла нарэшце адмовіцца ад раздробнага гандлю нафтапрадуктамі ў Літве і Латвіі. Раздробны гандаль нафтапрадуктамі на замежных рынках не з'яўляецца асноўнай дзейнасцю «Лукойла», таму канцэрн засяроджваецца на асноўным кірунку - здабычы і вытворчасці нафты.

- Тым не менш, гэта пастанова палітычная ці эканамічная?

- Свае аўтазаправачныя станцыі ў Цэнтральнай Еўропе «Лукойл» пачаў прадаваць летам 2014 года, таму вельмі верагодна, што пастанову адмовіцца ад долі рынка нафтапрадуктаў кіраўніцтва кампаніі прыняло значна раней, чым пачаліся ўсе палітычныя канфлікты на лініі Усход-Захад.

- Якім коштам патэнцыйным інвестарам можа абысціся купля актываў «Лукойла» на літоўскім рынку?

- Наколькі мне вядома, кошт адной аўтазаправачнай станцыі на рынку ў залежнасці ад стану інфраструктуры, гандлёвага абароту, размяшчэння пачынаецца з 0,5 млн. даляраў і можа дасягнуць мільёна даляраў.

- Якую частку рынку ў Літве займае «Лукойл»?

- Некалькі гадоў таму «Лукойл» займаў у Літве 20 - 25 адсоткаў, рынку раздробнага гандлю нафтапрадуктамі (у Латвіі 10 - 15 адсоткаў), але гэтая тэндэнцыя паступова памяншалася.

- Сыход «Лукойла» паўплывае на эканоміку Літвы?

- Аўтазаправачныя станцыі пяройдуць у рукі іншых інвестараў і працягнуць працу, а так хутчэй за ўсё і здарыцца, то ніхто нічога не адчуе. Сышла кампанія, змяніўся брэнд і толькі.

ДАВЕДКА:

Наколькі ўдалося высветліць, аўстрыйская кампанія AMIC Energy заяўляе пра сябе як пра незалежную кансалтынгавую кампанію, якая працуе ў галінах прыватнага капіталу, карпаратыўных і фінансавых кансультацый і спецыялізуецца ў еўрапейскім энэргетычным сектары. Пакуль што адзіная сур'ёзная інвестыцыя гэтай кампаніі, пра якую стала вядома - заправачныя «Лукойла» ва Украіне. «AMIC Energy» ў 2014 годзе за 267,713 млн. еўраў набыла ў «Лукойла» 240 заправачных і шэсць баз нафтапрадуктаў ва Украіне.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках