19 красавiка 2024, Пятніца, 22:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Беларускія ўлады выкарыстоўваюць ЕЗ як процівагу Расеі

7
Экспэрт: Беларускія ўлады выкарыстоўваюць ЕЗ як процівагу Расеі
ФОТА З САЙТА INTERFAX.RU

Беларусь, як і шэраг іншых краін Усходняга партнёрства, выкарыстоўвае Еўрапейскі Звяз у якасці процівагі Расеі.

Погляд цяперашняй беларускай улады на ЕЗ утылітарны - ён патрэбны для таго, каб прыпыніць Расею, агрэсіўнасць якой выклікае заклапочанасць афіцыйнага Менска.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў літоўскі экспэрт, кіраўнік кансалтынгавай арганізацыі ESTEP (European Social, Legal, and Economic Projects) Клаўдыюс Манекас.

На ягоную думку, не трэба сцвярджаць, што палітыка Усходняга партнёрства скончылася катастрофай, праграма мела і шмат станоўчых момантаў. Беларусь, хоць і фармальна, але ўдзельнічае ў праграме Усходняе партнёрства, аднак вялікіх дывідэндаў, як вядома, гэта не прыносіць.

Апошнім часам беларускі рэжым спрабуе паказаць жаданне палепшыць стасункі з ЕЗ. Ці трэба спадзявацца на шчырасць Беларусі?

На думку Манекаса, у тым, што Беларусь дэманструе ЕЗ гатоўнасць стасункаў, няма нічога дзіўнага, бо да ЕЗ Менск падыходзіць з пункту гледжання неабходнага інструмента.

«У гэтым няма нічога дзіўнага. Калі казаць пра краіны УП, не толькі пра Беларусь, то ЕЗ ім неабходны як пэўная процівага ўплыву Расеі. Усе яны спрабуюць балансаваць паміж уплывам Расеі і ЕЗ, і нават іншых дзяржаў», - мяркуе Клаўдыюс Манекас.

«Беларусь, Азербайджан, які знаходзіцца ў падобным стане, і нават Украіна, Малдова, Грузія, глядзяць на ЕЗ інструментальна», - упэўнены ён.

З ягоных слоў, ЕЗ патрэбен беларускаму рэжыму для таго, каб «прыпыніць Расею, агрэсіўнасць якой выклікае заклапочанасць у цяперашняй беларускай улады».

У той жа час, адзначае ён, гэта выдатна разумеюць і ў ЕЗ.

«ЕЗ, думаю, гэта разумее досыць рэальна і падае магчымасць удзелу ў ініцыятывах УП і эвалюцыі гэтага рэжыму. Я думаю, што такая палітыка (збліжэння - charter97.org) будзе прадаўжацца, і колькі тут у далейшым будзе адкрытасці, залежыць ад Беларусі», - сказаў на заканчэнне ён.

Клаўдыюс Манекас - экспэрт краін Усходняга партнёрства, кіраўнік кансалтынгавай арганізацыі ESTEP (European Social, Legal, and Economic Projects), былы намеснік галоўнага перагаворшчыка аб сяброўстве Літвы ў NATO.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках