25 красавiка 2024, Чацвер, 15:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Folker: Шалкевіч спявае пра будучыню Беларусі без страху

6

Сваёй творчасцю бард святкуе «дотык дэмакратыі», якая з'явілася ў Беларусі ў 1991-1994 гадах.

Беларусь, роўная па тэрыторыі палове Нямеччыны, зачараваная краіна за мяжой Еўразвяза, спіць разам са сваімі дзесяццю мільёнамі жыхароў, бо былы старшыня калгаса моцна трымае краіну ў жалезных дыктатарскіх кіпцюрах.

Што можна спяваць у асяроддзі трох спецслужбаў, дзе цэнтралізм у сталіцы ўвасабляецца ў выглядзе Галоўпаштамта і цэнтральнай паліклінікі? Што можна спяваць там, дзе бронзавая статуя галоўнага чэкіста Дзяржынскага, здаецца, штодня павялічваецца ў памерах нейкім таямнічым чынам? Пра беларускага барда і шоўмена Віктара Шалкевіча піша ў нямецкім музычным часопісе Folker Дытэр Калка (пераклад - «Новы Час»).

Так, Шалкевіч спявае. Усё яшчэ. І гэта само па сабе цуд. Не высланы ў Сібір, не выкінуты з краіны, ні разу не затрыманы сярод ночы. Хапіла б толькі аднаго: ягоны голас усё яшчэ прысутнічае. Між тым, ён стаў культавым у краіне. Імаверна, апошні сапраўдны бард, які спраўляецца з напалову наладжанай гітарай, сваімі грымасамі і няспыннай плынню жартаў стварае людзям добры настрой і між іншым спявае свае з'едліва-самотныя баляды. «Паручнік быў, на жаль, габрэем - а!.. А!.. - І камсамольцам!». Змястоўны выраз, з высока паднятымі бровамі.

Віктар Шалкевіч з малаком маці ўвабраў у сябе культурную ідэнтычнасць беларуска-польска-расейска-габрэйскай сумесі народаў сваёй радзімы: у бязмежных прасторах краіны, ганарлівая польска-патрыятычная літаратура, ад якой ён ахвотна адштурхваецца, беларуская сціпласць і габрэйскі гумар. За гадзіну Шалкевіч расказвае сорак жартаў. Песні пра каханне чаргуюцца з «беларускім блюзам». У песні «Яна праваслаўная, я - каталік» ён выказвае наіўнае жаданне гармоніі і прымірэння супрацьлегласцяў. Калі Шалкевіч шукае моцную форму выказвання, ён дасціпна і з шармам выкарыстоўвае танго. Ён рэгулярна звяртаецца да габрэйскай тэматыкі - так, як у песні пра Кацярыну на Брукліне, што забылася сваіх габрэйскіх сяброў, або ў «Добрай раніцы», загалоўнай песні чацвёртага альбома: «Добрай раніцы, жлобская нацыя!». Альбо ў «Juden Tango», дзе ён раіць габрэям не ўцякаць так проста.

Шалкевіч, нягледзячы на сур'ёзны падтэкст, сярод бязрадаснасці, імаверна, найбяднейшай краіны Еўропы, з'яўляецца гарантам прынамсі адной гадзіны асалоды. Ён святкуе бачанне будучыні без страху, дотык дэмакратыі, якая з'явілася ў Беларусі ў 1991-1994 гадах, пакуль Аляксандр Лукашэнка не знішчыў усякую надзею. У слaвянамоўнай краіне Шалкевіч - у дарозе, і там ён, сапраўды, мае патрэбу толькі ў самім сабе і сваёй гітары. Да гэтага часу ён выпусціў шэсць альбомаў. Гэта вельмі складаныя ў музычным плане творы, разнастайныя стылістычна (ад рока да «народных»), з выкарыстаннем акардэона, электрычных гітарных рыфаў, фагота ды іранічна ўстаўленай балалайкі.

З улікам умоў ягонай працы Шалкевіч заслугоўвае ўзнагароды за настойлівасць. Але што такая ўзнагарода ў параўнанні з «Ордэнам Усмешкі» - ганаровай міжнароднай узнагародай, лаўрэатам якой Шалкевіч з'яўляецца, і, дзякуючы гэтаму, знаходзіцца ў знакамітай кампаніі разам са Стывенам Спілбергам, чатырнаццатым Далай-ламам, Папам Рымскім Янам Паўлам II, Астрыд Ліндгрэн і маці Тэрэзай.

Найбліжэйшы канцэрт Віктара Шалкевіча «паводле заявак да дня ўсіх закаханых» адбудзецца 14 лютага а 19.00 у менскім Палацы культуры ветэранаў (вул. Я.Купалы, 21). Усім парам з нагоды дня Святога Валянціна - кампакт-дыск у падарунак!

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках