25 красавiка 2024, Чацвер, 1:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ульяне Захаранцы споўнілася 92 гады

19

6 лютага маці зніклага экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі павіншавалі аднапартыйцы яе сына.

У мястэчка Васілевічы Рэчыцкага раёна прыехалі з Гомеля чальцы «Аб'яднанай грамадзянскай партыі» Уладзімір Кацора і Васіль Палякоў. Хоць на календары зімовы месяц люты, надвор'е ў гэты дзень было цёплае, і гаспадыня сама выйшла да брамкі сустракаць гасцей. Гамельчукі ўручылі Ульяне Рыгораўне чырвоныя ружы з пажаданнем доўгіх гадоў жыцця і добрага самаадчування, паведамляе «Радыё Свабода».

Уладзімір Кацора адзначыў, што, на жаль, яны з калегам не прывезлі Ульяне Захаранка нейкіх новых звестак аб зніклым сыне, але выказаў надзею, што яна будзе мацавацца і дачакаецца таго часу, калі стане вядомая ўся праўда пра лёс і Юрыя Захаранкі, і Віктара Ганчара, і ўсіх іншых зніклых людзей.

«Расследаванне справы Юрыя Захаранкі працягваецца таму, што ў Беларусі ёсць неабыякавыя людзі, якія не забываюць пра зніклых, дамагаюцца, каб праўда пра іх знікненне была апублікаваная. Каб не было такіх людзей, то ўлады, напэўна, даўно б закрылі гэтую справу, паколькі прайшло ўжо звыш пятнаццаць гадоў. Да знікнення Юрыя Захаранкі ды іншых палітыкаў, я ўпэўнены, мае дачыненне вярхоўная ўлада. І пакуль гэтая ўлада застаецца, то людзі, якія ведаюць праўду, яе не скажуць, і адпаведныя дакументы не могуць быць раскрытыя», - сказаў Уладзімір Кацора.

Ульяна Рыгораўна і яе пляменніца Люба распавялі, што ледзь не кожныя тры месяцы ім прыходзіць паведамленне ад Следчага камітэта аб тым, што расследаванне знікнення Юрыя Захаранкі падоўжанае. Пайшоў сямнаццаты год, а вынікаў пакуль няма.

Маці зніклага генерала усцешаная цяпер толькі адным: ёй рэгулярна тэлефануюць з Нямеччыны ўнучкі, дочкі Юрыя, а таксама ягоная жонка Вольга. Яны выехалі ў Нямеччыну, баючыся за сваё жыццё. Унучка Алена тэлефанавала і сёння - віншавала і даслала да дня нараджэння пасылку з тамтэйшымі цукеркамі і каўбасамі.

Дапамагла сям'я сына Ульяне Рыгораўне і фінансамі, латаннем дома. А сродкі на падвядзенне прыроднага газу ў дом дапамагала сабраць «Аб'яднаная грамадзянская партыя».

Як заўсёды, Ульяна Захаранка з пляменніцай запрасілі гасцей за святочны стол. Ёсць у гаспадыні і свая фірмовая страва - блінцы з тварагом, ад якіх ніколі ніхто не адмаўляўся. Яны былі на стале і сёння.

Сайт charter97.org далучаецца да віншаванняў і жадае Ульяне Захаранцы дачакацца праўды пра зніклага сына ды іншых годных беларусах.

Нагадаем, што ў 1999 - 2000 гадах у Беларусі бясследна зніклі выканаўца абавязкаў старшыні Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі, былы кіраўнік МУС Юрый Захаранка і журналіст Зміцер Завадскі. Пасля былі апублікаваныя дакументы, у тым ліку рапарт намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Лапаціка, якія сведчылі, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі расправіўся «эскадрон смерці». Загады яму аддавала вышэйшае кіраўніцтва краіны.

Міжнародная супольнасць мяркуе, што да знікнення Юрыя Захаранкі і іншых лідараў беларускай апазіцыі датычныя былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, кіраўнік справамі Лукашэнкі Віктар Шэйман, былы камандзір спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка і экс-міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках