28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пастаўкі нафтапрадуктаў з Беларусі ў Расею знізіліся ўдвая

5
Пастаўкі нафтапрадуктаў з Беларусі ў Расею знізіліся ўдвая

Скарачэнне паставак беларускіх нафтапрадуктаў у Расею ў 2015 годзе прывяло да рознагалоссяў у стасунках паміж Масквой і Менскам.

Беларусь у 2015 годзе паставіла ў Расею 902,6 тысячы тон нафтапрадуктаў, што ўдвая менш у параўнанні з 2014 годам, паведамляе БелаПАН.

У грашовым выражэнні аб'ём экспарту беларускіх нафтапрадуктаў у Расею склаў летась 372,2 мільёнаў даляраў і скараціўся на 65% у параўнанні з 2014 годам.

Варта адзначыць, што скарачэнне паставак беларускіх нафтапрадуктаў у Расею прывяло да рознагалоссяў у стасунках паміж Масквой і Менскам на пачатку 2016 года.

Так, Міністэрства энэргетыкі Расеі заявіла ў студзені, што не задаволенае тым, як Беларусь выконвае свае абавязанні ў пастаўках бензіну ў Расею, і прапанавала расейскаму ўраду прыняць захады ў адказ.

На пачатку лютага, расейскае міністэрства паведаміла, што Расея мае права паменшыць аб'ём паставак нафты ў Беларусь у пяцікратным памеры ў дачыненні да недапастаўленых аб'ёмаў беларускага бензіну. Нагадаем, дамоўленасці паміж Масквой і Менскам раней меркавалі, што Беларусь паставіць у 2015 годзе ў Расею 1,8 мільёна тон бензіну.

У сваю чаргу, віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, рэагуючы на заявы расейскага боку, падкрэсліў, што Беларусі нявыгадна сёння прадаваць бензін у Расеі.

«Для нас пастаўляць сёння бензін у Расею - працаваць глыбока ў страту», - заявіў Сямашка 2 лютага сёння журналістам у Менску на цырымоніі адкрыцця выставы «Электратэх», адказваючы на пытанне БелаПАН.

Паводле звестак за 2015 год, акрамя Расеі буйныя партыі нафтапрадуктаў Беларусь адгружала ва Украіну, Нідэрланды і Вялікабрытанію.

Так, паводле інфармацыі БелаПАН, аб'ём экспарту беларускіх нафтапрадуктаў ва Украіну склаў у 2015 годзе 3,2 мільёна тон і знізіўся на 7% у параўнанні з 2014 годам. У той жа час у Нідэрланды Беларусь у 2015 годзе паставіла 2,9 мільёна тон, што на 29% больш у параўнанні з 2014 годам. У Вялікабрытанію Беларусь паставіла 7,7 мільёна тон нафтапрадуктаў, што ўдвая больш, чым у 2014 годзе.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках