19 красавiка 2024, Пятніца, 10:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У жыхара Івацэвічаў, які скардзіўся на збіццё міліцыяй, правялі ператрус

11

Сяргей Дылюк заяўляў, што яго збілі міліцыянты, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы, якога ён не ўчыняў.

У жыхара Івацэвічаў Сяргея Дылюка, які сцвярджае, што яго збілі міліцыянты, прайшоў ператрус. Ён кажа, што яго абвінавачваюць у крадзяжы. У Следчым камітэце пакуль не каментуюць заявы Дылюка аб збіцці яго міліцыянтамі, паведамляе «Радыё Свабода».

Сяргей Дылюк

Больш за тыдзень таму з івацэвіцкай лякарні быў выпісаны Сяргей Дылюк, які распавядаў, што яго збілі міліцыянты.

Жыве Дылюк у прыватным сектары ў Івацэвічах недалёка ад «Івацэвічдрэва». Дом сціплы. Гаспадар не працуе, кажа, што перабіваецца заробкамі.

«У лякарні паляжаў, здаецца, лепш, але нармальна ніяк не становіцца. Усе гайдае і моташна», - распавёў Сяргей Дылюк пра свой стан.

Пасля выхаду з лякарню яго выклікалі ў міліцыю на допыты:

«Прыехаў следчы крымінальнага вышуку Куратнік, кажа, паехалі на гадзінку ў міліцыю. Раніцай забраў, а дома ўжо быў недзе пад 17 гадзін. Мяне абвінавачваюць у тым, што скраў прыстаўку ў суседа. Сказалі канкрэтна, што была прыстаўка, што быццам я прадаў яе нейкаму Фамічу. Што за Фаміч, у мяне такіх знаёмых няма», - распавядае Дылюк.

Сяргей Дылюк

Дылюк кажа, што цяпер на допытах яго не білі, але ён «ад страху падпісаў паперы, якія там складаліся». Мужчына заявіў журналістам, што на допытах агаварыў сябе, баючыся, што будуць біць.

На мінулым тыдні дома ў Сяргея Дылюка прайшоў ператрус:

«Нічога ніхто не знайшоў. Участковы хадзіў, шукаў, паперакульваў усё. Павінна быць санкцыя пракурора на ператрус. Але ніякай паперы ніхто не паказваў. Пачалі аглядаць усё на свеце, перавярнулі ўсё, але не знайшлі нічога».

Сяргей Дылюк кажа, што падчас ператрусу не прадстаўляліся, і санкцыі ад пракурора яму не паказвалі.

«Прыйшлі, мяне паклікалі, сказалі, што буду панятым. Рабілі ператрус у яго, нічога не знайшлі. Напісалі, мы падпісаліся. Не, я не чытаў, бо я не прачытаю, не бачу. Ну, яны (міліцыянты. - Рэд.) сказалі, што вось, маўляў, паглядзіце, што мы шукаем. Усё прагледзелі - нічога», - кажа сусед Дылюка Міхаіл Ятчэня, які быў панятым пры вобшуку.

Пенсіянер Ятчэня характарызуе свайго суседа Сяргея Дылюка не лепшым чынам. Кажа, што выпівае, хоць журналістам раней Дылюк даводзіў, што п'е надзвычай рэдка.

Галоўная інспектарка інфармацыі і сувязі з грамадскасцю ўправы Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Берасцейскай вобласці Марына Дранкова паведаміла, што праверка заявы Сяргея Дылюка яшчэ праводзіцца. Пра яе вынікі будзе паведамлена дадаткова.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках