29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пайшла супраць сістэмы - забралі дзяўчынку?

12

Алеся Садоўская спрабавала давесці, што яе катавалі ў міліцыі.

8 лютага суд Маладзечанскага раёна пачаў разглядаць законнасць пастановы аб адабранні дачкі Кацярыны ў жыхаркі Маладзечна Алесі Садоўскай без пазбаўлення яе бацькоўскіх правоў, паведамляе «Радыё Свабода».

Алеся Садоўская
Фотa: svaboda.org

«Гэта жорсткае пакаранне Алесі Садоўскай за тое, што пайшла супраць сістэмы», - мяркуе праваабаронца Наталля Гарачка-Басалыга.

30-гадовая маці-адзіночка паспрабавала давесці, што яе катавалі ў РАУС Маладзечна ў навагоднюю ноч 2013 года. Але дзяржаўныя органы паставілі ёй дыягназ «хранічнае афектыўнае захворванне», і ўжо год ёй не аддаюць дачку.

«Каця цяпер у шпіталі з дыягназам «пнеўманія». Яна падаўленая псіхалагічна, у чаканні, каб яе нарэшце адпусцілі дадому. Складана стала з ёй мець стасункі. Ніколі раней такога не было, але цяпер нават спрачаемся. Ад гэтага вельмі балюча», - кажа Алеся.

Дачка Алесі Садоўскай Кацярына
Фотa: svaboda.org

Яна скардзіцца, што за апошні год васьмігадовай дачцы давялося многае перажыць, яна стала горш вучыцца і шмат хварэць.

«Першы месяц яна наогул не хадзіла ў школу, другі месяц некалькі тыдняў у школу не хадзіла, бо была расфармаваная яе прыёмная сям'я. Далей яна хварэла, а потым былі вакацыі. Перад новым годам яна не хадзіла, бо былі рэпетыцыі ў прытулку, а цяпер яна зноў хварэе. За паўгода паўтара-два месяцы дзіця хадзіла ў школу, - кажа Алеся. - Натуральна дрэнная паспяховасць, дрэнныя адзнакі».

На гэты раз Алеся Садоўская пры дапамозе юрыста Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйлы спрабуе давесці, што адабралі ў яе дачку незаконна. Аддзел адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама, які ў судзе прадстаўляе Наталля Бярлова, настойвае на сваім пазове аб адабраннi дачкі ў Садоўскай. На папярэдніх слуханнях Бярлова сцвярджала, што Алеся аднойчы пакінула дачку дома адну, а падчас іх інспекцыі ў доме не было прыгатаванай ежы. Да таго дыягназ Садоўскай пастановай Міністэрства аховы здароўя №36 ад 30.03.2010 уваходзіць у пералік захворванняў, пры якіх бацькі не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі.

Сама Бярлова ад каментароў для прэсы адмовілася. Сказала, што на гэта патрабуецца дазвол начальніка аддзела адукацыі. У аддзеле адукацыі сёння на званкі не адказвалі, таму атрымаць ад іх каментарый не ўдалося.

«Мне цяжка растлумачыць пазіцыю аддзела адукацыі. Ці гэта, проста скажам, помста Садоўскай за яе прынцыповую пазіцыю, звязаную з незаконным адабраннем дзіцяці, - распавядае Гары Паганяйла. - Але юрыдычная абгрунтаванасць на нулі. І сёння прадстаўнік аддзела адукацыі таксама блытае «боб з гарохам». То ў іх абгрунтаванне звязанае з тым, што дзіця пастаўленае ў сацыяльна-небяспечнае становішча ў сувязі з паводзінамі маці... З іншага боку, яны кажуць і пра тое, што яна псіхічна хворы чалавек, яе захворванне знаходзіцца ў пераліку міністэрства аховы здароўя, пры якім бацькі не могуць выконваць бацькоўскія функцыі».

Алеся Садоўская з праваабаронцамі ў судзе
Фотa: svaboda.org

Садоўскай і Паганяйлу ўжо ўдалося скасаваць папярэднюю пастанову Маладзечанскага раённага суда аб адабраннi Кацярыны, і на гэты раз яны спадзяюцца пацвердзіць яго незаконнасць.

Алеся патлумачыла ў судзе, што пакінула Кацярыну адну з бабуляй-суседкай, калі яе саму прымусова забралі ў «Навінкі»; што ў яе дома былі прадукты, а ў мультыварцы - гатовая ежа для дзяўчынкі, якую супрацоўнікі аддзела адукацыі чамусьці не заўважылі; што да яе ніколі не было прэтэнзій з боку выхавацеляў у дзіцячым садзе, а ў школе дачка добра вучылася. Але дзяржаўныя органы палічылі па-іншаму, і ўжо праз некалькі тыдняў у прытулку для Каці вызначылі прыёмную сям'ю.

«Вось паводле нашай справы праходзіць сям'я А., - апісвае яе Гары Паганяйла. - У самой жанчыны трое сваіх дзяцей. Яна іх выхоўвае без бацькі. Ёй яшчэ прыёмных дзяцей даюць у нагрузку. Хіба ў яе не будзе праблем, каб пакінуць дзіця без нагляду? Ёй жа таксама трэба схадзіць у краму, прыйсці ў школу да аднаго з дзяцей. Або ў лякарню схадзіць або яшчэ якія праблемы развязаць. Магчымасць нармальна ўтрымліваць і выхоўваць дзяцей у такіх варунках таксама пытанне».

Але галоўная задача, якую ставіць перад сабой праваабаронца Гары Паганяйла ў гэтым працэсе, давесці, што дыягназ Алесі Садоўскай - не падстава забіраць у яе дзіця.

«Сама пастаноўка пытання аб адабраннi дзiцяцi ў сувязі з наяўнасцю псіхічнага захворвання з'яўляецца некарэктнай. Яна сведчыць аб дыскрымінацыйным падыходзе. Кожны з нас можа захварэць. Але гэта не азначае, што ў такім выпадку ў нас забяруць дзіця, - рэзюмуе Гары Паганяйла і выказвае надзею на аб'ектыўны вырак суда ў справе Садоўскай. - Усе гэтыя пастановы павінны прымацца выключна ў інтарэсах дзіцяці. І павінна ўлічвацца права дзіцяці жыць разам з бацькамі».

Фотa: svaboda.org

Юрыст кажа, што БХК фіксуе выпадкі, калі прэзідэнцкі дэкрэт №18 ужываецца ў палітычных мэтах. Ён згадвае пра вядомы выпадак віцебскай актывісткі Крысціны Шацікавай (яна памерла ў 2012 годзе), у якой спрабавалі адабраць дваіх непаўналетніх сыноў.

Праваабаронца Наталля Гарачка-Басалыга наўпрост называе тое, што адбываецца з Садоўскай, «жорсткім пакараннем».

«Я мяркую, што ў Алесі незаконна забралі дзіцяці. Яна пайшла супраць сістэмы. Яна збіралася падаць на міліцыянтаў у пракуратуру за іх супрацьзаконныя дзеянні, перавышэнне паўнамоцтваў, - сцвярджае Наталля, якая прыехала ў Маладзечна, каб падтрымаць Садоўскую ў судзе. - Адабраўшы дзіця, яе вельмі жорстка пакаралі. Гэта зроблена, каб паставіць яе на месца і паказаць іншым людзям, што з вамі будзе так, калі вы пойдзеце супраць сістэмы».

Умовамі ў дзіцячым прытулку Алеся Садоўская вельмі задаволеная. Распавядае, што выхавальнікі ставяцца да яе вельмі пазітыўна. У прытулку зроблены добры касметычны рамонт, уважліва ставяцца да дзяцей, прапануюць ім шмат інтэлектуальных гульняў.

«З неўладкаваных сем'яў дзяцей мала. Большасць з нармальных сем'яў, - распавядае жанчына. - Да іх штодня прыходзяць бацькі, забяспечваюць іх усім неабходным. Дзеці паўнавартасна развіваюцца».

Наступнае паседжанне паводле справы Садоўскай прызначанае на 17 лютага. Да гэтага ў Алесі будзе яшчэ адзін суд, які павінен вызначыць, прадоўжаць ёй амбулаторнае назіранне або накіруюць у псіхіятрычны стацыянар.

«Гэта форма запалохвання, і гэта выпадак не адзінкавы, - мяркуе праваабаронца Наталля Гарачка-Басалыга. - Гэта ўжо ўвайшло ў сістэму сілавых структур Беларусі і даводзіць супольную дзейнасць іх разам з аддзелам адукацыі, органамі апекі і псіхіятрычным дыспансерам. Яны працуюць па запалохванню і пакаранню няўгодных грамадзян, якія ідуць супраць сістэмы. Склалася такая жорсткая сітуацыя, якая была характэрная для сталінскіх часоў».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках