24 красавiка 2024, Серада, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выведка ЗША: Паўночная Карэя запусціла плутоніевы рэактар

5

КНДР аднавіла працу плутоніевага рэактара ў Ёнбэне і можа стварыць запасы плутонію цягам некалькіх тыдняў.

Пра гэта заявіў дырэктар Нацыянальнай выведкі ЗША Джэймс Клэпар, паведамляе расейская служба BBC.

У Ёнбэне (здымак са спадарожніка) знаходзяцца рэактары магутнасцю 5 МВт і завод для ўзбагачэння ўрану
ФОТА: AP

"Мы мяркуе, што Паўночная Карэя дастаткова доўга выкарыстоўвае рэактар, каб пачаць здабываць плутоній цягам некалькіх тыдняў ці месяцаў", - сказаў Клэпар, выступаючы ў кангрэсе.

Ён таксама паведаміў, што Пхеньян спрабуе стварыць міжкантынентальную балістычную ракету.

Раней паўднёвакарэйскія і амерыканскія вайскоўцы паведамілі, што ўночы 7 лютага Паўночная Карэя ажыццявіла запуск балістычнай ракеты далёкага дзеяння з выпрабавальнага палігона на паўночным захадзе краіны.

Паўночнакарэйскія ўлады яшчэ ў верасні заяўлялі, што плутоніевы рэактар у Ёнбэне аднавіў працу ў звычайным рэжыме.

Гэты рэактар з'яўляецца галоўнай крыніцай плутонію, патрэбнага для рэалізацыі паўночнакарэйскай ядзернай праграмы.

Пхеньян паабяцаў аднавіць працу рэактара яшчэ ў 2013 годзе пасля абвастрэння стасункаў з Вашынгтонам
ФОТА: REUTERS

"З нашай ацэнкі, Паўночная Карэя следам за гэтай заявай пашырыла магутнасці для ўзбагачэння ўрану і аднавіла работу рэактара для вырабу плутонію", - заявіў Джэймс Клэпар, выступаючы ў сенацкім камітэце ўзброеных сіл.

"Таксама, паводле нашых ацэнак, гэты рэактар працуе дастаткова доўга, бо ён ужо можа пачаць выраб плутонію з адпрацаванага паліва цягам бліжэйшых тыдняў ці месяцаў", - дадаў ён.

Для вырабу ядзернай бомбы магутнасцю 20 кілатон трэба чатыры кілаграмы плутонію.

Пхеньян некалькі разоў абяцаў спыніць працы ў сваім ядзерным цэнтры ў Ёнбэне і ў 2008 годзе ў рамках праграмы раззбраення нават разбурыў вентыляцыйна-астуджальную вежу ўстаноўкі.

Рэактар магутнасцю 5 МВт быў спынены ў 2007 годзе ў рамках дамоўленасцяў, дасягнутых на шасцібаковых перамовах аб ядзернай праграме Пхеньяна з удзелам дзвюх Карэй, Кітая, Расеі, ЗША і Японіі.

Аднак у сакавіку 2013 года, пасля астуджэння стасункаў з ЗША і ўвядзення новых санкцый ААН, паўночнакарэйскія ўлады паабяцалі зноў запусціць рэактар.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках