20 красавiка 2024, Субота, 9:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэсоўцы, пераходзьце на бок народа

29
Бізнэсоўцы, пераходзьце на бок народа
ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА
Фотa: charter97.org

Усеагульная радасць ахапіла краіну пасля арышту прыдворнага бізнэсоўца Юрыя Чыжа.

Дакладней, не радасць, а ўсеагульная злараднасць. І, напэўна, у людзей для гэтага ёсць падставы: чым думаў Чыж ды іншыя хакеісты-касцы, калі цягам многіх гадоў падтрымлівалі агідны рэжым апошняга дыктатара Еўропы? Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года я быў адным з кіраўнікоў выбарчага штаба Андрэя Саннікава і магу сказаць, што майго кандыдата тады падтрымлівалі ўсе - студэнты, пенсіянеры, рабочыя і сяляне, былыя міліцыянты і вайскоўцы. Не падтрымлівалі толькі бізнэсоўцы. За рэдкім выключэннем, гэта насіла абсалютны характар.

У мае абавязкі ўваходзіў, у тым ліку, і пошук сродкаў для правядзення кампаніі. Напярэдадні выбараў і падчас збору подпісаў я правёў дзясяткі сустрэч з беларускімі бізнэсоўцамі рознага калібру і на ўсіх сустрэчах гучала адно меркаванне: «Мы ўжо ўбудаваныя ў сістэму, мы ведаем, каму і колькі несці грошай для таго, каб нас не чапалі і давалі пэўныя прэферэнцыі. Улада зменіцца і будзе перадзел, і мы не будзем ведаць, як дзейнічаць у новай сітуацыі». Пэўныя мінімальныя сродкі на правядзенне кампаніі нам удалося знайсці ў апошні момант, а мае гутаркі з бізнэсоўцамі прадоўжыліся пасля Плошчы ўжо ў турмах і калоніі. Я даведаўся пра лёс многіх убудаваных у сістэму бізнэсоўцаў (там іх называюць «комерсамі»), кіраўнікоў вядучых беларускіх гігантаў індустрыі і многіх чыноўнікаў.

Мне даводзілася адказваць на крытыку дзеянняў апазіцыі. Я казаў: за ўвесь час дыктатуры крымінальны пераслед зазналі не больш за 300 апазіцыянераў і за вызваленне кожнага з нас ішла сталая барацьба ў Беларусі і ў свеце. Я казаў сваім таварышам у зняволенні: «Вы бачыце, я атрымліваю кожны дзень сотні лістоў з усяго свету. Мне напісалі Джордж Буш і Вацлаў Гавэл, з маім партрэтам стаяў на мітынгу салідарнасці Кевін Спэйсі, я стаў намінантам на прэмію імя Сахарава Еўрапарламента. Вы ж у большасці сваёй не патрэбныя нікому, вашы сябры ў бізнэсе забываюць вас на наступны дзень пасля арышту. Вас кідаюць жонкі, вас прымушаюць перапісаць бізнэс на дзядзькаў з сілавых органаў і адміністрацыі Лукашэнкі. І самае галоўнае, за ўсе гэтыя гады праз турмы і лагеры прайшлі дзясяткі, калі не сотні тысяч бізнэсоўцаў, дырэктараў, дзяржаўных службоўцаў».

Сёння цалкам зразумела, што дыктатура Лукашэнкі развальваецца. Грошай у краіне няма і не прадбачыцца. Новыя крэдыты пойдуць на вяртанне старых пазык, таму рэжым будзе выбіваць грошы з прадпрымальнікаў.

Нядаўна памочнік Лукашэнкі Руды напісаў, што строй, які існуе ў Беларусі, можна назваць дзяржаўным капіталізмам. Гэта не праўда. У краіне дзейнічае калгасна-феадальная сістэма, калі галоўны калгаснік можа зламаць хрыбет кожнаму так званаму алігарху. Краіна стаіць на парозе буржуазнай рэвалюцыі, але яна не можа адбыцца без удзелу прадпрымальніцкага класа.

Я заклікаю бізнэсоўцаў і кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў перастаць быць кампрадорскай буржуазіяй і сталым аб'ектам для выбівання грошай. Пераходзьце на бок народа і вы перастанеце быць «комерсамі», да якіх ставяцца з пагардай, а станеце паважанымі людзьмі.

Праз пару месяцаў у краіне пачнецца «парламенцкая кампанія». Не разглядайце яе як выбары. Разглядайце яе, як барацьбу за свае правы, як кампанію годнасці, уступайце ў беларускія апазіцыйныя партыі, дапамагайце беларускім незалежным СМІ і праваабарончым арганізацыям, будзьце разам са сваім народам. У краіне ёсць палітычныя лідары, вакол якіх вы можаце згуртавацца. Адзін з іх гэта Мікалай Статкевіч. Адначасова вы можаце ствараць свае партыі і свае арганізацыі. Толькі так вы зможаце абараніць сябе, свой бізнэс, свае сем'і ды дапамагчы стварыць нармальную еўрапейскую Беларусь - краіну для бізнэсу і годнага жыцця.

Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы камерцыйны дырэктар «Радыё 101,2», спецыяльна для сайта charter97.org

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках