19 сакавiка 2024, aўторак, 10:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Ва ўладаў не стае мазгоў пачаць дыялог з апазіцыяй

33
Наталля Радзіна: Ва ўладаў не стае мазгоў пачаць дыялог з апазіцыяй

Крызіс у Расеі адкрывае для Беларусі акно магчымасцяў.

Пра гэта галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна заявіла 28 сакавіка падчас інтэрнэт-канферэнцыі ў прэс-цэнтры кіеўскага інфармацыйнага агенцтва «Галоўкам», адказваючы на пытанні чытачоў.

Віктар Іванавіч: Пані Наталля, якой беларусы бачаць сваю будучыню: выключна незалежную Беларусь, у складі ЄЗ, ці, магчыма, ва ўмоўным Еўразійскім союзі з цэнтрам у Маскве або ў складзе балтыйска-чарнаморскага ўтварэння, Украіна, Беларусь, Літва? Ці ёсць нейкая сацыялогія ў гэтым пытанні? Хто і калі даследаваў гэтае пытанне і наколькі гэтаму можна давяраць?

- Значная частка беларусаў бачыць у будучыні сваю краіну ў складзе Еўрапейскага Звязу. Еўразійскі саюз - гэта саюз дыктатараў, але ніяк не народаў, прычым ён разглядаецца Крамлём як прамежкавая фаза да поўнага аднаўлення Расейскай імперыі. А ў рамках Еўрапейскага Звязу, натуральна, Беларусь будзе мець найбольш цесныя стасункі са сваімі суседзямі - Літвой, Латвіяй, Польшчай і Украінай.

Сацыялагічныя пытанні ў геапалітычным вектары развіцця краіны праводзіліся сацыялагічнай лабараторыяй Андрэя Вардамацкага і інстытутам НІСЭПД. І нават ва ўмовах дыктатуры ад 30 да 60 адсоткаў беларусаў у розны час выступалі за ўступленне Беларусі ў ЕЗ.

Хунтацайтунг: Наталя, наколькі магчымыя выбары пры дыктатарскім рэжыме? Чаго чакаць?

- Немагчымыя выбары пры дыктатарскім рэжыме. Іх не было 20 гадоў - не будзе і цяпер. Мае сябры, якія сядзелі ў беларускіх калоніях, кажуць, што выбары лагернага актыву з'яўляюцца больш дэмакратычнымі, чым на волі.

Дэкамунізатар: Ці магчымы ў Беларусi, ленінапад, як ва Украіне? І на ваш погляд, ці патрэбныя такія дзеянні для краіны?

- Вядома, магчымы. Нам сапраўды таксама не патрэбныя гэтыя балваны, як і вам. Думаю, што трансфармацыя Беларусі будзе мець рэвалюцыйны характар, бо ва ўлады не хапае мазгоў пачаць дыялог з апазіцыяй у інтарэсах краіны. Лукашэнка занадта дрыжыць за сваю скуру і нарабаваную ўласнасць.

Партызан: Як Вы ацэньваеце зняцце санкцый з Беларусi,? Варта было захаду зрабіць такую паслугу Лукашэнку? І што напраўду стаіць за здыманнем санкцый?

- За здыманнем санкцый стаіць зацікаўленасць як Усходу, так і Захаду ў кантрабандным «хабе», якім, паводле слоў украінскага аналітыка Аляксандра Цітарчука, стала лукашэнкаўская Беларусь. Беларускія нафтапрадукты з нафты Сечына ідуць праз Беларусь ва Украіну і Галандыю; польскія яблыкі цудоўным чынам становяцца беларускімі, а смак цудоўных беларускіх крэветак, ласося і амараў ужо даўно ацанілі масквічы.

Лідзія Іванаўна: Наташанька, як Вам жывецца ў эміграцыі? Ці сумуеце? Чым займаецеся ў Польшчы?

- У Польшчы я працую. Дзякуючы падтрымцы польскага ўрада ў Варшаве функцыянуе рэдакцыя сайта charter97.org, а ў Беларусі я, напэўна б, сядзела ў турме або калоніі.

Супраць мяне ў Беларусі былі распачатыя 4 крымінальныя справы. Я добра памятаю, як людзі ў форме і ў масках урываліся ў наш менскі офіс, збівалі мяне, журналістаў, забіралі ўсю тэхніку. Сёння я рада, што хоць бы можна спакойна працаваць. Гэта ўжо шчасце. Тут таксама няма ні цэнзуры, ні самацэнзуры, якая непазбежная ва ўмовах працы ў Беларусі. Таму аўдыторыя сайта charter97.org за час працы з Польшчы вырасла ў 4 разы.

Але па радзіме, безумоўна, сумую і пры першай магчымасці вярнуся.

Кіеў: Наталля, вітаю. Скажыце, чаму ўлада Беларусі так баіцца ўласных грамадзян, якія дапамагаюць Украіне адстаяць тэрытарыяльную цэласнасць. Вось ужо 135 крымінальных справаў распачалі... Хіба ж іх можна ўважаць за экстрэмістаў? Дзякую за адказ.

- Сярод гэтых 135 крымінальных спраў і нейкая частка беларусаў, якія ваююць на баку расейскага гібрыднага войска. Але, вядома ж, большасць спраў распачатая супраць добраахвотнікаў, якія сёння ваююць за свабоду і незалежнасць Украіны.

Рэжым Лукашэнкі падтрымаў захоп Крыма Расеяй падчас галасавання ў ААН. Ён баіцца імкнення беларускага народа да свабоды і незалежнасці. Людзі, якія з'ехалі ваяваць, - пасіянарыі, і безумоўна, ён баіцца іх вяртання.

Алег: Добрай раніцы. Нядаўна ў Беларусi прайшоў Дзень Волі. Што для вас гэта азначае?

- Гэта галоўнае беларускае свята. Дзякуючы абвяшчэнню Беларускай Народнай Рэспубліку мы сёння маем суверэнную краіну. Хачу адзначыць, што ўрад БНР у Беларусі, а ў наступстве за мяжой мог весці сваю дзейнасць, дзякуючы значнаму крэдыту з боку Украінскай Народнай Рэспублікі. Так што можна сказаць, што гэта інвестыцыя дазволіла Украіне сёння мець усё ж такі, няхай і з абмежаванай незалежнасцюі, але суверэнную дзяржаву на поўначы, а не правінцыю варожай Расеі.

Мне здаецца, сённяшняй украінскай уладзе такой стратэгічнай празорлівасці не хапае. Гарантам беларускай незалежнасці з'яўляецца не рэжым Лукашэнкі, а нацыянальныя дэмакратычныя сілы Беларусі.

Хітрыя бацька: Наталля, як вы мяркуеце, хто больш выйграў ад менскага працэсу: Пуцін, Парашэнка, Лукашэнка?

- Больш за ўсё выйграў Пуцін. Лукашэнка толькі выконваў ягоныя ўказанні. Дзякуючы Менскім пагадненням Расея, а разам з ёй адначасна і беларускі дыктатар, выйшлі з міжнароднай ізаляцыі. Пуцін таксама дамогся легалізацыі сепаратыстаў праз гэтыя перамовы.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ўсё ж такі дзякуючы гэтым пагадненням Украіна і Расея ўклалі адноснае замірэнне.

Валерый: Наколькі моцны ўплыў Крамля на вашу Радзіму? Дзякуй.

- 20 гадоў гэты рэжым існуе толькі за кошт падтрымкі Расеі. Гэта абсалютна марыянеткавы, кішэнны рэжым Пуціна, які цягам усяго свайго існавання знішчаў усё беларускае нацыянальнае - мову, гісторыю, культуру, адукацыю.

І сёння Беларусь з'яўляецца фактычна вайсковым плацдармам Расеі для магчымай агрэсіі супраць Літвы, Польшчы і Украіны.

Лена: Добры дзень! Як доўга Лукашэнка будзе нязменным кіраўніком????? Беларусаў усё задавальняе?

- Беларусы розныя. Але трэба ўлічваць, што рэжым у Беларусі значна больш жорсткі, чым быў ва Украіне пры Кучме або нават Януковічы. Для прыкладу - у Беларусі ў 7 разоў больш міліцыянтаў на 100 тысяч насельніцтва, чым было ў СССР. І гэта без уліку шматлікіх спецслужбаў. Як ні дзіўна, алігархія ва Украіне не дазволіла стварыць таталітарную дзяржаву, якую атрымалася пабудаваць Лукашэнку.

Мы захапляемся мужнасцю ўкраінцаў, якія выходзілі на Майдан у 2004, 2013-2014 гадах, але ў беларусаў былі свае Плошчы, на якія выходзілі 50-80 тысяч чалавек, але душыліся ў самым пачатку самым жорсткім чынам. Але мы таксама, як і ўкраінцы, хочам волі.

Аляксандр: Наташа, а як ты ставішся да таго, што ты ў меншасці - спрабуеш навязваць свае ідэі большасці!? Знаходзячыся ў выгнанні, ці падтрымліваеш лозунг, які бытуе ва Украіне, «чамадан-вакзал» для тых, хто не згодны з палітыкай і становішчам спраў у краіне?

- Ну, пайшла гуляць гэбуха...

Неабыякавы: Скажыце, а як можна абудзіць Беларусь? Што адбываецца з апазіцыяй? Хто яе падтрымлівае ўнутры краіны? Якія краіны падтрымліваюць апазіцыйны рух? Наогул, якая сітуацыя сёння?

- Калі б у Беларусі існавалі выбары, то апазіцыя б на іх перамагла. Не таму што яна такая выдатная, а таму што Лукашэнка надакучыў горш горкай рэдзькі. Беларуская апазіцыя вядзе сваю барацьбу ўжо цягам 20 гадоў, і калі б не было падтрымкі з боку простых людзей, то гэта было б немагчыма. Існуе таксама пэўная дапамога з боку дэмакратычнага свету для незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці.

Нягледзячы на выдаткі палітычнага працэсу ва Украіне, вы маеце ўжо пятага прэзідэнта (а з Турчынавым - нават шостага). У нас жа прарасейскі сатрап Лукашэнка, які, як і Гітлер, быў абраны дэмакратычным шляхам, захапіў уладу ўжо ў 1994 годзе. Ён не саромеўся папросту забіваць лідараў апазіцыі. На жаль, ні краіны-суседзі, ні Захад на гэта сур'ёзна не рэагавалі. І лукашэнкаўская мадэль была запазычаная Пуціным.

Але Расея сёння ў вельмі цяжкім стане, кошты нафты ўпалі, як падчас распаду СССР - і гэта стварае для беларускай апазіцыі акно магчымасцяў.

Вольга: Наташа, вы часта называеце рэчы сваімі імёнамі, напрыклад, прэзідэнта называеце дыктатарам, і за гэта вам гонар і хвала, але не страшна вам?

- Ну, а як інакш? Ні адны выбары ў Беларусі з 1996 года не былі прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі. Чалавек незаконна знаходзіцца ва ўладзе і ўтрымлівае яе ўзброеным шляхам. Як яго яшчэ называць?

Вучуся мужнасці ва ўкраінцаў. Вам часта было значна цяжэй, чым беларусам.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках