19 сакавiка 2024, aўторак, 4:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень забытых герояў

31
Дзень забытых герояў
Наталля Радзіна

26 красавіка - гэта дзень подзвігу тысяч вайскоўцаў, пажарных, работнікаў МЧС, якіх кінулі тушыць рэактар.

Сярод гэтых людзей быў і мой бацька - вайсковец верталётнага палка вайсковай часткі 64683 у Кобрыне. Тры экіпажы МІ-6 паднялі тады ўначы па трывозе і адправілі ў Чарнобыль, дакладна не патлумачыўшы, навошта.

Сем дзён у пекле - так можна назваць той тыдзень, праведзены на ЧАЭС. Лётчыкі тушылі рэактар з паветра - скідалі на яго свінец. Падымаліся а 5-й раніцы, вярталіся бліжэй да поўначы. Ад радыяцыі выдавалі толькі супрацьгазы і касцюмы хімабароны (якія ніхто не адзяваў праз спёку), а яшчэ рэкамендавалі старанна мыцца гаспадарчым мылам і піць віно. «Адпусцілі нас, калі мы ўжо свяціліся ў цемры», - горка жартуе бацька.

Праз 30 гадоў сёння сярод тых маладых вясёлых лётчыкаў кобрынскага верталётнага палка жывымі засталіся ўсяго некалькі чалавек. Хтосьці «згарэў» праз некалькі гадоў, хтосьці пазней. Але мала хто дажыў нават да 60.

Гэтых людзей ніхто не ўзнагародзіў ні пры жыцці, ні пасмяротна. Іх сем'і не атрымліваюць ніякай дапамогі. Ды і тых, хто выжыў, даўно пазбавілі амаль усіх ільготаў. Улады занятыя рэкультывацыяй заражаных на сотні гадоў зямель і адмаўляюцца прызнаваць сувязь паміж радыяцыйным апрамяненнем і жахліва вялікай колькасцю анкахворых.

Дарэчы, ведаеце чаму 26 красавіка 1986 года з таго ж Кобрына было адпраўлена ўсяго тры верталёты? Таму што астатнія былі ў Афганістане. Неяк я пачула ад бацькі фразу: «Мне пашанцавала. Маглі адправіць у Афганістан, а адправілі ў Чарнобыль».

Божа, і мы таксама прадаўжаем жыць праз 30 гадоў, і думаем, што нам «пашанцавала», калі пакаранне адклалі на заўтра...

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка charter97.org

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках