19 красавiка 2024, Пятніца, 9:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады пераследуюць патрыётаў, але «прыгрэлі» прарасейскіх баевікоў

31
Улады пераследуюць патрыётаў, але «прыгрэлі» прарасейскіх баевікоў

Прарасейскія групоўкі ў Беларусі становяцца ўсё больш актыўнымі.

18 красавіка беларускія ўлады пачалі судовы працэс паводле справы Тараса Аватарава, які ўдзельнічаў ва ўкраінскім канфлікце ў складзе батальёна «Правы сектар».

Раней у красавіку «парламент» ухваліў змены ў заканадаўстве, якія прадугледжваюць турэмнае зняволенне для асоб, якія змагаюцца ў замежных канфліктах з ідэйных меркаванняў, а не з мэтай зарабіць грошы.

Акрамя таго, на мінулым тыдні затрымалі яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў у шэрагах дабравольніцкага батальёна «Азоў» на баку Украіны.

Чаму беларускія ўлады не пераследуюць прарасейскіх баевікоў? Такім пытаннем задаецца Вадзім Смок - каардынатар праектаў Цэнтра Астрагорскага ў Беларусі і навуковы супрацоўнік Інстытута «Палітычная сфера» ў гутарцы з «Радыё Рацыя».

- Варта звярнуць увагу не толькі на гэтых двух затрыманых добраахвотнікаў, але і на тое, што адбываецца з моладзевымі групамі ўнутры Беларусі апошнім часам: я кажу пра рух футбольных фанатаў, анархістаў і іншых груповак, якія патэнцыйна могуць стаць актыўнымі ўдзельнікамі масавых пратэстаў. Дык вось, з той інфармацыі, якую мы атрымліваем з адкрытых крыніц, можна ўбачыць нават, што фактычна прайшла вельмі грунтоўная зачыстка розных груповак, якія не кантралююцца ўладамі.

Гэта робіцца для таго, каб усякія патэнцыйныя пагрозы ад іх, на аснове ўдзелу ў масавых пратэстах, былі мінімізаваныя. Пакуль што мы не можам напоўніцу назіраць і асэнсоўваць, бо папраўкі толькі прынятыя, але думаю, бліжэйшым часам, стане зразумела як улады будуць дзейнічаць у гэтым кірунку.

- Вы звярнулі ўвагу на радыкальныя групоўкі, але яны пераважна прабеларускай накіраванасці. Чаму беларускія ўлады не звяртаюць увагу, напрыклад на, вайскова-патрыятычныя лагеры беларускага казацтва?

- Прарасейскія групоўкі, якія мы называем казакамі, ці нейкія іншыя праваслаўныя арганізацыі, маюць істотную падтрымку ўнутры Беларусі з боку некалькіх груп. Па-першае, гэта сілавікі, сярод якіх многія маюць прарасейскія погляды, ці самі з'яўляюцца этнічнымі расейцамі або маюць там сяброў і калег і цесна супрацоўнічаюць з расейскімі структурамі. Па-другое, гэта Праваслаўная царква, з блаславення якой многія гэтыя арганізацыі існуюць і шчыльна з ёй супрацоўнічаюць.

Таксама важна разумець, што гэтыя арганізацыі ў сваіх публічных выступах і наогул на публіку пазіцыянуюць сябе як прыхільнікі беларускіх уладаў. Але, калі мы паглядзім на сацыяльныя сеткі, што таксама праскоквала ў мэдыя-прасторы, то многія з іх лічаць Беларусь проста часткай расейскага міру і фактычна адмаўляюць якую дзяржаўнасць і асобнасць беларускай нацыі. Гэта значыць, існуе супярэчнасць паміж тым, як яны сябе пазіцыянуюць, і іх рэальнымі поглядамі.

Тым не менш, гэта вядзе да таго, што беларускія ўлады ставяцца да іх больш-менш лаяльна, адкрыта, вядуць сваю дзейнасць, трэніруюць моладзь у вайсковых лагерах і, мяркую, ідэалагічна, безумоўна, таксама. Думаю з іх падтрымкай многія і адправіліся ўдзельнічаць у канфлікце на Данбасе.

- Наколькі беларускія ўлады ўсведамляюць, што сацыяльныя праблемы могуць быць прычынай нестабільнасці, а ў перспектыве, і стварэння «народных рэспублік», і ўмяшання замежных дзяржаў у палітыку Беларусі?

- На мой погляд, беларускія ўлады вельмі слаба гэта ўсведамляюць. Яны больш займаюцца макра-сацыяльнымі пытаннямі, агульнанацыянальнага маштабу, а не рэгіянальнымі, дробнымі пытаннямі. Ніхто не робіць даследаванняў, не праводзіць апытанняў, хоць тое ўздзеянне расейскай прапаганды, якое адбываецца апошнія пару гадоў, было проста неймаверным і спалучанае з нізкім узроўнем жыцця ў рэгіёнах і адсутнасцю працы гэта сапраўды можа весці да вельмі негатыўных наступстваў, але, на жаль, беларускія ўлады мала звяртаюць увагі на гэта, ці яны не маюць жадання разумення або рэсурсаў - тут цяжка сказаць.

Але я ўважаю гэта вельмі істотнай праблемай.

Улады павінны звярнуць увагу на дзеянні прарасейскіх груповак унутры Беларусі. Я мяркую ненармальным калі школьнікі ўдзельнічаюць у трэніроўках, якія ладзяць людзі з выразна прарасейскімі поглядамі, якія растуць лаяльнымі да расейскай дзяржавы і «расейскага свету».

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках