19 красавiка 2024, Пятніца, 1:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Мы выступім адзіным спісам і з агульным пасланнем

29
Генадзь Фядыніч: Мы выступім адзіным спісам і з агульным пасланнем
Генадзь Фядыніч

Апазіцыя аб'ядноўваецца напярэдадні «парламенцкіх выбараў» 11 верасня.

Пра гэта charter97.org заявіў старшыня незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

- Якое ваша ўражанне ад учорашняга пасяджэння стала дзейнай рады дэмакратычных арганізацый?

- Вельмі пазітыўнае. Было вельмі шмат зроблена для стварэння адзінага спісу дэмакратычных сіл на «парламенцкіх выбарах». Спачатку ў розных партый і груп былі свае спісы: свой у кааліцыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі і БХД, свой у партыі БНФ, свой у «левых» і ў Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Было складана сфармаваць з гэтага класічны спіс паводле прынцыпу «адзін кандыдат - адна акруга». Таму мы прыйшлі да высновы, што гэтага, магчыма, не варта і рабіць ва ўсіх акругах: калі людзі гатовыя ісці і размаўляць з народам, каардынацыю дзеянняў мы зможам забяспечыць. Я думаю, дэмакратычныя кандыдаты змогуць не проста не перашкаджаць адзін аднаму, але і падтрымліваць і дапаўняць. Пры гэтым у нейкіх акругах будзе і па аднаму ўзгодненаму чалавеку ад дэмакратычных сіл.

Але самае галоўнае, пра што мы дамовіліся: у кожнага кандыдата, акрамя ягонай уласнай праграмы, будзе нейкае агульнае пасланне, распрацаванае аб'яднанай апазіцыяй. Гэта, па-мойму, і з'яўляецца найбольшым прагрэсам у аб'яднанні намаганняў апазіцыі ў найбліжэйшай «парламенцкай» кампаніі. А ці не жорсткі падыход да складання адзінага спісу.

Як паказвае практыка, улады паспрабуюць «адсеяць» частку дэмакратычных кандыдатаў, таму прынцып «адзін кандыдат - адна акруга» можа не спрацаваць. Таму няма вялікай праблемы ў тым, калі ў акрузе будуць узаемадзейнічаць некалькі апазіцыйных кандыдатаў.

- Чаму апазіцыя наогул бярэ ўдзел у «парламенцкай» кампаніі, бо ніякіх зменаў у Выбарчы кодэкс з апошніх «выбараў» не было ўнесена?

- Зразумела, што ў Беларусі ніякіх «выбараў» няма і ў найбліжэйшы час іх не будзе. Але да людзей трэба данесці ўсё, што дэмакратычныя сілы думаюць пра крызіс, які ахапіў краіну, і пра шляхі выхаду з яго. І тут у кандыдатаў ад апазіцыі будзе такая праграма.

І тое, што пра гэта ўдалося дамовіцца на радзе дэмакратычных арганізацый - вялікі пазітыў. Я ўпэўнены, што кампраміс і агульныя падыходы будуць знойдзеныя ва ўсіх тэхнічных момантах, што тычацца выступлення апазіцыі на гэтых «выбарах» адзіным спісам і з агульным пасланнем у праграме.

На наступным тыдні, 3 траўня, мы адпрацуем механізм каардынацыі дзеянняў на «выбарах». Будзе разгледжанае і пытанне, колькі чалавек ад апазіцыі будзе на кожнай з акругаў. Гэта будзе вызначаць зацверджаная намі рабочая група са спецыялістаў, якія разгледзяць кожную акругу і ацэняць магчымасці кожнага з апазіцыйных кандыдатаў.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках