25 красавiка 2024, Чацвер, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лябедзька - Радзе Еўропы: Нельга даваць грошы «судоваму канвееру»

4
Лябедзька - Радзе Еўропы: Нельга даваць грошы «судоваму канвееру»
АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА

Інвестыцыі ў судовую сістэму, якой не існуе - гэта дрэнная практыка.

28 красавіка на адкрыцці міжнароднай канферэнцыі «Прафесійнае навучанне суддзяў і пракурораў. Падыход Рады Еўропы» журналісты нагадалі прадстаўніку Рады Еўропы Піліпу Буая пра суды над актывістамі апазіцыі і спыталі, чаму ў гэтых варунках Рада Еўропы разлічвае навучыць беларускіх суддзяў і пракурораў, паведамляе «Радыё Свабода».

<>«Мне цяжка адказаць, бо я не ведаю канкрэтных фактаў, на якія вы спасылаецеся. Што я магу зрабіць у гэтым становішчы, - гэта прыцягнуць увагу да стандартаў Рады Еўропы ў гэтых пытаннях», - адказаў Піліп Буая і растлумачыў, што мэта навучання - «наблізіць Беларусь да прававых стандартаў Еўропы».

Старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку за апошнія паўгода больш за пяць разоў штрафавалі на вялікія сумы за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту.

Са словаў Анатоля Лябедзькі, міліцыянты, якія сведчылі супраць яго на тых працэсах, давалі ілжывыя паказанні, але суддзяў гэта не зацікавіла. Анатоль Лябедзька мяркуе, што навучанне беларускіх суддзяў і пракурораў на канферэнцыі, якую правялі пры ўдзеле Рады Еўропы, ніяк не наблізіць іх да стандартаў еўрапейскай дэмакратыі.

«Мяркую, інвестыцыі ў тое, чаго не існуе, - гэта дрэнная практыка. Нельга выдзяляць гранты на судовую сістэму, якой няма або якая ўяўляе сабой палітычны рэпрэсіўны канвеер. Калі праводзіць такія мерапрыемствы, то на іх абавязкова павінны прысутнічаць два, а то і тры бакі. Калі вы запрашаеце туды суддзяў і пракурораў, то запрашайце і іх ахвяр. Тады гэта будзе дыскусія. Яна можа быць непрыемнай, яна можа быць вострай, але толькі яна можа паказаць, якія ёсць рэаліі ў Беларусі. Бо калі слухаць толькі Сукалу, то ён ніколі не будзе казаць пра дэградацыю судовай сістэмы, а будзе казаць нейкія стандартныя словы.

Таму было б добра, каб тыя, хто арганізуе такія канферэнцыі, у гэтым выпадку Рада Еўропы, першапачаткова палягалі на тым, што там павінна быць пляцоўка для дыскусіі, дзе розныя бакі будуць бараніць розныя пункты гледжання. Гэта тое, чаго яны не робяць. Другое, - хай Буая пабывае на судовых працэсах, калі людзей будуць судзіць толькі за факт прысутнасці на Дні Волі, дарэчы, спецыяльна прызначаным. Дзякуй журналістам, якія ставяць перад імі гэтыя пытанні, хай яны тады чырванеюць за гэтую практыку. Бо гэта вядзе толькі ў тупік», - мяркуе апазіцыйны палітык.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках