20 красавiка 2024, Субота, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Малгажата Гасеўская: Даклад аб вайсковых злачынствах РФ выклікаў цікавасць у Гаазе

2
Малгажата Гасеўская: Даклад аб вайсковых злачынствах РФ выклікаў цікавасць у Гаазе
Малгажата Гасеўская
ФОТА: POLSKIE RADIO

На падставе пададзеных матэрыялаў Бюро пракурора прыме пастанову аб пачатку следства супраць расейцаў, пазначаных у дакладзе.

Даклад аб вайсковых злачынствах Расеі ва Усходняй Украіне ў 2014 годзе, які 22 красавіка быў перададзены ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, выклікаў цікавасць.

Пра гэта напісала на сваёй старонцы ў Facebook дэпутатка Сэйма, намесніца старшыні камісіі замежных спраў Малгажата Гасеўская, якая асабіста перадала дакумент, паведамляе «Польскае радыё».

«Довады расейскіх вайсковых злачынстваў, якія былі ўчыненыя на тэрыторыі Усходняй і Паўднёвай Украіны ў 2014 годзе былі перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе на аснове 15 артыкула Рымскага статута», - адзначыла Малгажата Гасеўская.

«Дзякуючы падтрымцы Пасольства Польшчы ў Гаазе, 22 красавіка я сустрэлася з прадстаўнікамі Бюро пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. Заяву аб падазрэнні ва ўчыненні шэрагу злачынстваў, прадугледжаных Рымскім статутам, а таксама даклад з довадамі на 500 старонках прынятыя з вялікай цікавасцю. Сустрэча доўжылася паўтары гадзіны, а канкрэтная размова датычылася, перш за ўсё, метадалогіі, якая ўжывалася падчас работы для збору довадаў злачынстваў і ідэнтыфікацыі злачынцаў», - напісала польская дэпутатка.

Паводле ейных слоў, працягласць сустрэчы, а таксама дэталёвы характар пытанняў з боку прадстаўнікоў суда, даюць падставы меркаваць, што «справа успрынятая вельмі сур'ёзна».

«Цяпер матэрыялы будуць вывучаныя з юрыдычнага і фактычнага боку. На падставе гэтага Бюро пракурора прыме пастанову аб пачатку следства супраць асоб, указаных у дакладзе», - падкрэсліла Малгажата Гасеўская.

Яна дадала, што пасля пачатку расследавання доказную базу можна будзе дапаўняць, напрыклад, інфармацыяй чарговых сведак.

Як паведамляў раней сайт charter97.org, 18 снежня польская дэпутатка Малгажата Гасеўская апублікавала даклад «Расейскія вайсковыя злачынствы ва Усходняй Украіне ў 2014 годзе».

Дакумент, створаны дэпутаткай партыі «Права і Справядлівасць» пры падтрымцы валанцёраў, тычыцца дзеянняў расейскіх жаўнераў і прарасейскіх баевікоў на тэрыторыі Усходняй Украіны. Акрамя таго, у тэксце згадваюцца некалькі падзей, якія адбыліся ў Крыме і ў Расеі, куды вывозілі палонных.

Рапарт складзены на базе больш як 60 інтэрв'ю, якія польскія экспэрты правялі з палоннымі. Гаворка ідзе пра такія злачынствы як пазбаўленне волі, фізічныя і псіхічныя катаванні, рабавання і забойствы. Частка матэрыялаў шакуе сваёй жорсткасцю. У дакуменце 153 старонкі.

Рапарт складзены ў дзвюх моўных версіях - польскай і ангельскай.

5 красавіка справаздачу «Расейскія вайсковыя злачынствы ва Усходняй Украіне» прэзентавалі ў Еўрапарламенце.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках