20 красавiка 2024, Субота, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Гомелем прадавец «зарабіла» 21 мільён запазычанасці за 2,5 месяца працы

30
Пад Гомелем прадавец «зарабіла» 21 мільён запазычанасці за 2,5 месяца працы
Аляксандра Грамыка

Прадавачка Аляксандра Грамыка мае намер бараніць свае правы ў судзе.

Прадавачка прадуктовай крамы ў Сеўрукоў 23-гадовая Аляксандра Грамыка звярнулася ў незалежны прафсаюз РЭП па юрыдычную дапамогу. Наймальнік (райпо Гомельскага раёна) патрабуе ад прадаўвачкі выплаціць 20 млн. рублёў нястачы, якая была знойдзена падчас апошняй рэвізіі, паведамляе сайт gomelspring.org.

Усяго нястача склала блізу 80 млн. рублёў і была размеркавана паміж 4 супрацоўнікамі крамы. Усе, акрамя Аляксандры, пагадзіліся плаціць. Прадавачка перакананая, што яе віны няма і мае намер бараніць свае інтарэсы ў судзе.

Аляксандра адпрацавала ў сельскай краме толькі 2,5 месяца. Яна згодная, што частка нястачы магла быць праз тое, што прадаўцы былі вымушаныя выкідваць пратэрмінаваныя прадукты.

«Вядома, у гэтай нястачы ёсць і наша віна, - кажа Аляксандра, - я памятаю пару разоў выкідалі гнілыя апельсіны, лімоны. Аднойчы, нават выкінулі скрынку з печывам. Нічога не зробіш, мы ж гандлюем прадуктамі, якія маюць і маленькі тэрмін прыдатнасці. Крама ў нас невялікая, сельская. Тавар хутка не раскупляецца, таму і мінае тэрмін прыдатнасці на нейкія прадукты. Я можа пагадзілася б, калі б знайшлі 15-20 мільёнаў нястачы, але, 80 млн. - Гэта ж касмічная лічба. Ні дырэктар райпо, ні наша загадчыца крамы, ні прадаўцы не можам зразумець адкуль узялася такая нястача».

Прадстаўнікі райпо (дырэктар, галоўны бухгалтар) пачалі прапаноўваць Аляксандры розныя варыянты, каб спагнаць грошы. Між іншым, намагалі ўзяць хуткі крэдыт, і нават, са слоў Аляксандры, гатовыя былі выдаць ёй даведку аб тым, што яна адпрацавала 3 гады ў краме, каб банк даў крэдыт.

Альбо ёй прапанавалі ўзяць у растэрміноўку канапу, а райпо яе прадасць і выплаціць нястачу. І, вядома, ёй прапанавалі год адпрацаваць у краме і са свайго заробку аддаваць нястачу. А, калі ўлічыць, што заробак складае крыху больш за 2 млн. рублёў, наймальнік фактычна прапанаваў найманаму работніку год працаваць задарма.

«Я не магу ўзяць такі буйны крэдыт у банку, з чаго я яго буду аддаваць? Гэта ж тысяча даляраў амаль, а калі ўлічыць вялікія адсоткі, то, у выніку, я буду вымушана аддаць банку ўдвая больш. Маці мая катэгарычна адмовілася мне дапамагаць у гэтай справе. Канапа ў растэрміноўку я таксама браць не хачу, не кажучы ўжо пра тое, каб працаваць год бясплатна. Калі я была б вінаватая, гэта адна справа, а я магу прысягнуць, што працавала сумленна і нічога не крала, не прысвойвала. Таму я маю намер судзіцца з райпо. Я ім не раз казала, хай падаюць у суд. Яны не хочуць, палохаюць мяне, што мяне будуць судзіць за крадзеж у буйнай суме, што, маўляў, у мяне будзе крымінальны артыкул», - кажа дзяўчына.

Аляксандра паспрабавала звольніцца на згоду бакоў, але райпо катэгарычна адмовілася яе звальняць.

«У наймальніка няма довадаў, што прадавец Аляксандра Грамыка выносіла матэрыяльныя каштоўнасці або брала грошы з крамы, - каментуе прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. - Ёсць калектыўная дамова аб матэрыяльнай адказнасці і наймальнік, вядома, можа звярнуцца ў суд, і ён размяркуе нейкую суму паміж супрацоўнікамі крамы, і яны павінны па 20 адсоткаў штомесяц выплачваць нястачу са свайго заробку да поўнай выплаты. Але, у гэтым выпадку, дзіўную пазіцыю заняло кіраўніцтва райпо. Прапануюць, калі Грамыка пакладзе грошы на стол, то яе звольняць на згоду бакоў, а калі не, то яна будзе працаваць да канца тэрміну кантракта, які скончыцца праз год у студзені 2017 года».

Леанід Судаленка падкрэсліў, што Аляксандра правільна ставіць пытанне, што наймальнік не можа гарантаваць, што ў будучыні не будзе новых недастач, бо праз некалькі месяцаў - новая рэвізія і новая нястача і ўжо не 20 млн, а сорак, напрыклад.

«Прадавачка правільна кажа, калі наймальнік не можа навесці парадак у сябе ў райпо, навошта прадаўцам працаваць і так рызыкаваць. Наймальнік можа, вядома, прапанаваць работніку выплаціць нястачу, а работнік у сваю чаргу мае права пагадзіцца і аплаціць, альбо ісці ў суд і даказваць сваю невiнаватасць. Здзіўляе пазіцыя наймальніка, калі ты не аддаеш грошы, то з выкарыстаннем сумна вядомага дэкрэта прэзідэнта №29 аб працоўных кантрактах, мы цябе бяром у закладнікі, у кабалу, і не можам табе гарантаваць, што і надалей ты нам не будзеш павінна за кожныя 2,5 месяцы работы па 21 млн. рублёў. Фактычна працадаўца штурхае работніцу да ўчынення прагулу», - адзначыў прафсаюзны юрыст.

Цяпер Аляксандра Грамыка напісала заяву ў райпо, каб спынілі кантракт на патрабаванне работніка. Яна больш не хоча працаваць у краме на пазіцыі закладніка.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках