16 красавiка 2024, aўторак, 22:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

76-гадовая актывістка з плошчы Свабоды спыніла «судовы канвеер» у Менску

9

Пенсіянерка, якая брала ўдзел у пікеце супраць беззаконня, пераканала суддзю вярнуць справу «для ліквідацыі недахопаў».

Пасля таго, як у канцы сакавіка на плошчы Свабоды беларускі элегантнага ўзросту правялі мітынг «супраць беззаконня ў судах і пракуратуры», менская міліцыя не пакідае спробаў аштрафаваць яго ўдзельнікаў, піша «Салідарнасць».

Спачатку 22 красавіка ў судзе была разгледжаная справа пенсіянеркі з Бабруйска, якую аштрафавалі на дзве пенсіі, а затым 25 красавіка судзілі адну з арганізатарак мітынгу - актывістку Тамару Сяргей.

Напярэдадні ж у судзе Цэнтральнага раёна Менска была разгледжаная адміністрацыйная справа пенсіянеркі Камеліі Чарняўскай, якая выйшла на плошчу з плакатам «Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народу за плотам адпісак».

З боку міліцыі на пасяджэнні прысутнічалі ўчастковы міліцыянт Антон Зубцоў, які складаў пратакол і накіроўваў матэрыялы ў суд, а таксама два супрацоўнікі АМАПу Дзмітрый Лабкоў і Аляксандр Сакольчык, якія выступалі ў ролі сведак.

З іх слоў, пенсіянерка ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, трымала ў руках плакат - а значыць, учыніла правапарушэнне. Самі сілавікі прызналіся, што былі на плошчы «ў грамадзянскай форме адзення» і апынуліся там «паводле абавязку службы». Пра тое, што яны рыхтаваліся да акцыі загадзя, і што на месцы, акрамя іх, таксама працавала вялікая група сілавікоў, сведкі не паведамілі.

76-гадовая Камелія Дзмітрыеўна, у сваю чаргу, прызнала, што сапраўды знаходзілася на плошчы ў гэты час і ўдзельнічала ў мітынгу, але не ўважае, што парушала закон. Пры гэтым яна спаслалася на Канстытуцыю, якая гарантуе свабоду мітынгаў і сходаў. Таксама жанчына абвінаваціла супрацоўнікаў міліцыі ў хлусні, калі яны заявілі, што папярэджвалі яе аб тым, што яна парушае закон.

«Я не бачыла і не чула, каб нехта з супрацоўнікаў міліцыі да нас падыходзіў і казаў гэта - вы хлусіце. Сведку можна адпусціць, пакуль ён яшчэ што-небудзь не схлусіў», - дадала яна, выклікаўшы смех у залі.

У выніку суддзя Вікторыя Шабуня, наважыўшы, што міліцыя склала пратакол не паводле правілаў, вярнула справу заяўніку «для ліквідацыі недахопаў».

Цікава, што ў залі пасяджэння жанчыну падтрымлівалі і іншыя ўдзельніцы мітынгу на плошчы Свабоды. Перад пачаткам разгляду справы паміж імі і сведкамі-міліцыянтамі адбылася невялікая сварка.

- Пайшлі б вы, узялі б кавалак зямлі і сталі б фермерамі лепш. А так ходзіце ў суд як на працу, супраць бабуль тут ваюеце...- абурылася група падтрымкі.

- Значыць, лёс у нас такі, - адказаў адзін з сілавікоў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках