20 красавiка 2024, Субота, 9:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Полацкі прафсаюзны лідар змагаецца з міліцэйскай самаўпраўнасцю

3
Полацкі прафсаюзны лідар змагаецца з міліцэйскай самаўпраўнасцю
Мікола Шарах
ФОТА: ПЦ «Вясна»

Мікалай Шарах напісаў дзве скаргі ў пракуратуру на міліцыянтаў у цывільным, якія напалі на яго каля ягонай кватэры.

Работніка ААТ «Полацк-Шкловалакно» і намесніка старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафзвязу Мікалая Шараха будуць судзіць за несанкцыянаваны пікет і непадпарадкаванне міліцыі. Ні з адным абвінавачваннем Мікалай Шарах не згодны. Больш за тое: ён напісаў шэраг заўваг да пратаколаў і дзве скаргі ў пракуратуру.

Скаргі датычацца парушэння ягоных правоў. Першая - аб затрыманні для высвятлення асобы, якое праводзілася з ужываннем сілы ў пад'ездзе ягонага дома, другая - за адмову скарыстацца дапамогай адваката, паведамляе ПЦ «Вясна».

«Затрыманне было неапраўдана гвалтоўным. За мной ля пад'езда дома, дзе я жыву, упляліся два чалавекі ў цывільным, якія крычалі нешта накшталт «Гэй, стой, мужык!» Я не спыніўся, бо на хамскія звароты не рэагую. Гэтыя двое не далі мне зайсці ў кватэру, пачалі заломліваць рукі. І толькі калі суседзі, пачуўшы шум, выклікалі міліцыю, тыя двое наважылі назвацца: «А мы ж міліцыя і ёсць!». Пасведчанні паказалі ўжо тады, калі мяне скруцілі. Давялося прасіць, каб адпусцілі рукі, бо не бачу без акуляраў, а яны - у кішэні... Сказалі, што павязуць у пастарунак для высвятлення асобы. А ў мяне і пашпарт, і іншыя дакументы з сабой. Не, кажуць, усё адно трэба ехаць», - распавёў Мікалай Шарах.

У аддзяленні пачалі складаць пратаколы. Спачатку за незаконнае пікетаванне, потым - за непадпарадкаванне міліцыі. На заяву аб неабходнасці кансультацыі з адвакатам у міліцыі не адрэагавалі - сказалі, што адваката могуць дазваляць толькі ў выпадку крымінальных спраў. Пра гэта парушэнне Мікалай Шарах напісаў другую скаргу ў пракуратуру. Трэцяя скарга - на чарзе. Бо ў пастарунку яго пратрымалі больш за належныя паводле закона за тры гадзіны.

Інцыдэнту з міліцыяй папярэднічаў удзел Мікалая Шараха ў пікеце, арганізаваным актывістамі СПБ дзеля ягонай падтрымкі. Справа ў тым, што Шараха, работніка з больш чым 30-гадовым стажам, звальняюць з працы.

Адміністрацыя ААТ «Полацк-Шкловалакно» абвясціла, што ягоны працоўны кантракт з 30 чэрвеня падоўжаны не будзе. Прафсаюзны актывіст перакананы, што кіраўніцтва такім чынам адпомсціла яму за прынцыповую пазіцыю ў абароне правоў працоўных. І ўжо цягам апошняга года Шарах нярэдка чуў пагрозы аб звальненні.

Каб здзейсніць пагрозы, давялося пайсці на хітрасць, кажа кіраўнік «пяршоўкі» СПБ на «Шкловалакно» Віктар Стукаў:

«Паводле калектыўнай дамовы, з нашага прадпрыемства нельга звольніць работніка, калі яму застацца менш за тры гады да пенсійнага ўзросту. Міколу Шараху ў траўні споўніцца 58, і з ім нельга было б не падоўжыць кантракт, калі б адміністрацыя не схітравала. Раней у калектыўнай дамове было запісана, што абавязковая ўмова для падаўжэння кантракту, калі справа ў перадпенсійным узросце, - гэта калі не было спагнанняў цягам апошняга года. Аднак 1 сакавіка, якраз напярэдадні падзеяў з Мікалаем, калектыўную дамову змянілі: запісалі, што спагнанняў нельга мець не за год, а за ўвесь тэрмін кантракту! І тут жа знайшлі тры зачэпкі: спазненне на працу на 10 хвілін у 2014 годзе, прагул аднаго працоўнага дня ў 2012 годзе, калі Мікалай быў на замежным семінары, і адзінкавае дробнае парушэнне тэхнікі бяспекі ў 2012 годзе. Дарэчы, Мікалая як прадстаўніка СПБ, не дапусцілі якраз на тое пасяджэнне камісіі ў працоўных перамовах, дзе прымаліся гэтыя змены», - кажа Стукаў.

Змены ў калектыўнай дамове Віктар Стукаў уважае за незаконныя, бо яны заведама пагаршаюць становішча працоўных. А гэта супярэчыць Працоўнаму кодэксу.

Аб парушэннях заканадаўства на прадпрыемстве актывісты і хацелі паведаміць усім гараджанам падчас пікета каля кінатэатра «Радзіма». Дазволу на яго не прасілі. Проста паведамілі, што СПБ будзе праводзіць акцыю.

«Нашы патрабаванні - гэта і праца для Мікалая Шараха, і скасаванне незаконных змяненняў у працоўнай дамове, і спыненне дыскрымінацыі паводле прафсаюзнай прыкметы, якая на «Шкловалакне» даўно відавочная. У адпаведнасці з артыкулам 3 Канвенцыі Міжнароднай Арганізацыі Працы №87 аб свабодзе аб'яднанняў і абароне права аб'ядноўвацца ў прафзвязы дзяржаўныя ўлады не маюць права перашкаджаць прафсаюзнай дзейнасці ва ўсякай форме, у тым ліку і падчас масавых акцый», - кажа Віктар Стукаў.

Дарэчы, ніякага адказу з полацкага райвыканкаму актывісты так і не атрымалі. Так што забароны на акцыю не было. І на пікеце насамрэч пабывала шмат гараджан, у тым ліку калегі са «Шкловалакна», людзі з іншых прадпрыемстваў, дзе чальцы СПБ неаднаразова кансультавалі работнікаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках