25 красавiка 2024, Чацвер, 14:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Івацэвічах прайшла выстава «На радзіме Тадэвуша Касьцюшкі»

1

У Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музэі адкрылася мастацкая выстава, прымеркаваная да 270-й гадавіны нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі.

На выставе «На радзіме Тадэвуша Касьцюшкі» прадстаўленыя карціны дзесяці беларускіх мастакоў. Гэта пэйзажы, натурморты, і вядома ж, партрэты Тадэвуша Касьцюшкі, паведамляе «Радыё Свабода».

Некалькі мастакоў прымалі ўдзел у адкрыцьці выставы, паглядзець якую прыйшлі навучэнцы мясцовай мастацкай школы.

Фотa: svaboda.org
На выставу прыйшлі навучэнцы Івацэвіцкай мастацкай школы

Распавядае арганізатар выставы, мастак Андрэй Лычкоўскі зь Меншчыны:

«Выстава адметная, бо ўвабрала нашае мінулае, нашу гісторыю. 270 гадоў прайшло ад дня нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі. Касьцюшка, Каліноўскі — гэта нашы героі, вядомыя ў Францыі, Амэрыцы. А мы прысутнічаем цяпер на радзіме Тадэвуша Касьцюшкі, мы павінны ганарыцца, што ходзім па гэтай зямлі і што ў нас такая гісторыя».

Андрэй Лычкоўскі распавёў, што праз два тыдні мяркуецца арганізаваць мастацкі трохдзённы пленэр у Марачоўшчыне каля Косава, каля сядзібы, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка.

У часе імпрэзы супрацоўнікі музэю распавялі пра жыцьцё Тадэвуша Касьцюшкі, а мастакі зладзілі майстар-кляс, у часе якога наведнікі маглі павучыцца жывапісу.

Тадэвуш Касьцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 году. Вядомы як змагар за свабоду ЗША, Францыі, Рэчы Паспалітай. У 1794 годзе ўзначаліў паўстаньне за незалежнасьць Рэчы Паспалітай. У шмат якіх гарадах сьвету ёсьць помнікі Тадэвушу Касьцюшку, яго імя носяць вуліцы, школы, нават найвышэйшая гара Аўстраліі.

У Беларусі штогод 4 лютага — на дзень народзінаў Касьцюшкі — дыпляматы, прадстаўнікі ўладаў ды грамадзкасьці зьбіраюцца на ўрачыстасьці ў Марачоўшчыне пад Косавам, дзе нарадзіўся і быў ахрышчаны змагар за свабоду.

Адкрыцьцё выставы, прысьвечанай Тадэвушу Касьцюшку
Фотa: svaboda.org
Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках