25 красавiка 2024, Чацвер, 20:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень дэнамінацыі

61
Дзень дэнамінацыі
Уладзімір Халіп

Дэнамінацыя – таямнічае слова. Выразнае. Упартае. Злое.

З такім словам толькі ў атаку хадзіць. Грымне яно нечакана з камандных вышыняў, і рушыць краіна да пераможных даляглядаў. У адзіным парыве, неадольна.

Ды што там гаварыць, гэта бясспрэчная падзея. З такой нагоды варта было б і новае свята абвесціць – Дзень дэнамінацыі. І адзначаць яго ўзнёсла і шыкоўна. Ідэолагі не маглі не заўважыць у ім невычарпальную крыніцу народнага патрыятызму. А Міністэрства гандлю, парэкамендавала супермаркетам і крамам ўжо з першага красавіка кошты тавараў пазначаць у старых і новых грашовых знаках. Ды не проста крэмзаць лічбы абы як, а ў розных колерах. Да прыкладу, чырвоным і зялёным. Хіба не крэатыўная задума – у колерах дзяржаўнага сцяга. Сапраўды, нішто так не абуджае любоў да начальства, як адпаведны цэннік.

І ўсё ж, якая гэта шалёная адвага – вось так адным узмахам адрэзаць ажно чатыры нулі. Да іх жа неяк прызвычаіліся. І калі нават і чакалі грамадзяне чагосьці ад уладаў, дык хіба толькі новых жвавых нолікаў. І калі б яны з’явіліся, ніхто б чарговаму падарунку нават не здзівіўся б. Такі час, такое жыццё.

А тут штосьці нечаканае – краіне спрэс мільянерскай вяртаюць раптам пачуццё рэальнасці. Апамятайцеся, дарагія таварышы, хіба тут Зімбабве? Сорамна за нейкі адзін грынік аддаваць ажно дваццаць тысячаў нашых працоўных рублёў. Мала таго, дык яшчэ розныя эканамісты-аналітыкі цвердзяць у адзін голас: краіна скіравалася ў бездань, што гэта за мільёны ходзяць па руках, куды глядзіць улада?

І вось у няпросты гэты час знайшоўся рэзчык, ліхі і рашучы, узмахнуў нажніцамі – і чатырох нулёў нібы і не было. Дачакаемся яшчэ ліпеня, памяняем старыя паперкі на новыя, хрусткія, і вось тады будзе жыццё. Нездарма ж мудрая ўлада паспяшалася паказаць узоры будучых купюр. Іх жа не проста так друкавалі – кожная з глыбокім сэнсам. Усё тут прадумана, узважана. Лічбы простыя, выразныя. А колер, панове, колер!..

Кожны, зазірнуўшы летам ў свой дэнамінаваны гаманок, не зможа не заўважыць, якая гэта непрыхаваная спроба хоць бы ў нечым імітаваць Еўропу. Ужо не звыклы шэры зайчык затрапеча на далоні, а выліты еўрык. Камуфляж рацыянальны, нібы ў спецназа. Ды ўсё тут вытрымана ў адзіным стылі – стваральнікі шчыравалі не дармна.

Вось толькі ці варта гэтыя грошы падчас паездкі за мяжу трымаць разам з еўра – няпростае пытанне. Пераблытае легкадумны турыст падчас разлікаў родную купюру з замежнай, а які-небудзь не надта дасведчаны бармен угледзіць у гэтым няўдалую спробу саматужнай імітацы еўрапейскай валюты. Потым даказвай, што банкнота мае толькі знешні выгляд нібыта замежны, а сутнасць яе чырвона-зялёная.

І ўвогуле, выхваляцца асабліва новымі грашыма няма падстаў. Нічога істотага гэтая дэнамінацыя не прынесла. Фанцік застаецца фанцікам, нават страціўшы свой шматнулявы хвасток. Добра, што гаспадыням не давядзецца ўжо несці на рынак ці ў краму ладны камяк адпаведнай макулатуры, а можна будзе абысціся нават адной паперкай сціплага фармату. Аднак пры поўнай адсутнасці эканамічных рэформаў і лютай нянавісці да іх з боку тутэйшага кіраўніцтва знікненне аднаго або нават чатырох нулёў нічога не зменіць. Сёння яны зніклі, заўтра вернуцца. Такое было. І не аднойчы.

Найвялікшы эканаміст так і не здолеў за дваццаць два гады амаль абсалютнай улады стварыць сапраўдную валюту незалежнай краіны. Гэтую праблему паспяхова і без крыку вырашылі нашы суседзі. На літах, латах, кронах не дамалёўвалі бясконцыя нулі. І калі прыйшоў час, без асаблівых цяжкасцяў далучыліся да зоны еўра. А мы свой найноўшы фанцік у выніку нашай экзатычнай інтэграцыі на што памяняем? На расійскі рубель? На ваяўнічы алтын?

Пытанні без адказу. У краіне феерверкаў і хакею ўсё ідзе сваёй хадой. Грукочуць клюшкі. Лыжаролеры спаборнічаюць з ветрам. Людзі ў пагонах днём і ноччу стаяць на варце нашай застойнай стабільнасці. Раптоўнае абурэнне імклівым коштам камунальных плацяжоў , якое ўзнікла на пачатку года, паспяхова пераключана з высокага начальства на дробнае чынавенства. Вінаватыя выяўлены, ім пакарання не пазбегнуць. Дык якога яшчэ ражна грамадству трэба? Жыві і радуйся.

Вось кепска толькі, што грошай бракуе. І падобна на тое, што гэты дэфіцыт неадольны. Знешні доўг – 12,5 мільярдаў даляраў. І пазычаюць гэтай уладзе вельмі неахвотна. Патрабуць рэформаў. А тут ужо і ранейшыя крэдыторы настойліва грукаюць у дзверы. І спадзявацца застаецца хіба што на цуд. З неверагоднай шчырасцю пра гэтыя надзеі распавёў у інтэрв’ю Finansial Times галоўны банкір краіны. “Кожную раніцу я гляджу на царкву і думаю: “Божа, зрабі так, каб у Расіі ўсё было добра. Дай нам на наступны год цану на нафту вышэй за 50 даляраў. І няхай кітайскі ВУП расце больш чым на 6,5 працэнтаў”.

Вось такая ў іх незалежнасць. Усе надзеі звязаныя з Усходам. А ўвогуле, каштоўнае прызнанне. Дачакацца не можа мясцовае кіраўніцтва высокіх коштаў на нафту, калі зноў зазвіняць залатыя капяжы на гэтым канцы расійскай трубы. Банкір сутнасць справы добра ведае. Толькі малітвы ягоныя наўрад ці што зменяць. Бога на рынку нафты ніхто пакуль што не заўважыў. Норавы там грубыя і жорсткія. І пакуты тутэйшага кіраўніцтва нікога не цікавяць. Ніякіх цудаў чакаць не выпадае – вытокі тутэйшых няўдач вядомыя ўсім.

Збяднелі? Абцяжараныя вялізным доўгам? Змяніце каманду – на гэтую ўжо няма чаго спадзявацца. Дваццаць два гады займаліся абы чым. Ганялі шайбу. Вырошчвалі кавуны ды ананасы. Спрабавалі зняць нейкі блакбастэр і здзівіць свет. Вучылі Дэпардзье касіць. Учынялі неверагодныя парады і манеўры з пскоўскімі дэсантнікамі. Пераследвалі і цкавалі лепшых людзей краіны. Палохалі бабулек – “кругом урагі!” Абвесцілі татальную мадэрнізацыю, аднак хутка стаміліся. Ды яшчэ і грошай няма. Аднак нікога тое не хвалюе. Можа, зноў хтосьці наважыцца даць пакутнікам пазыку. А калі не, то застаецца ж яшчэ самая надзейная крыніца фінансавання бяздарнай улады – даўно спустошаныя кішэні на здзіўленне цярплівых грамадзян гэтай нясчаснай краіны.

Усе бачаць, што драздоўскі рэсурс вычарпаны дашчэнту. Гэтыя людзі нічога не могуць і нічога не хочуць. Абы толькі ціха было. Адзінае, на што нарэшце наважыліся – прымітыўны фокус з дэнамінацыяй. А далей што? Ды нічога, толькі мітусня. І дзівосная перспектыва ў фармаце 3D – дэнамінацыя, дэвальвацыя, дэфолт.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках