28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алексіевіч: Пастанову пра Астравецкую АЭС прымаў асабіста Лукашэнка

35
Алексіевіч: Пастанову пра Астравецкую АЭС прымаў асабіста Лукашэнка
Святлана Алексіевіч
ФОТА: REUTERS

Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч назвала злачынствам пастанову беларускіх уладаў будаваць новую атамную станцыю.

Пра гэта паведамляе літоўскі тэлеканал TV3 (пераклад - «Радыё Свабода»).

«Я думаю, што гэта злачынства. Злачынства, якое сведчыць аб тым, што мы не зразумелі Чарнобыльскай катастрофы, не зрабілі высноў», - сказала пісьменніца на пытанне, як яна ацэньвае праект Астравецкай АЭС.

Пытанне было пастаўленае ў суботу падчас сустрэчы з гледачамі пасля прэм'еры спектакля па яе кнізе «Чарнобыльская малітва» ў Панявежыскім драматычным тэатры імя Юозаса Мільцыніса.

Святлана Алексіевіч мяркуе, што людзі як след не ўсвядомілі, якой катастрофай была аварыя ў Чарнобылі, бо з распадам Савецкага Саюза іх увага была занятая іншымі праблемамі - стратай працы, развалам сістэмы.

Пісьменніца таксама заявіла, што пастанову будаваць атамную электрастанцыю прымаў адзін чалавек - аўтарытарны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«Беларусь - закрытая, аўтарытарная сістэма, і тэма Чарнобыля - таксама закрытая тэма. Аўтарытарная сістэма не думае пра чалавечае жыццё як каштоўнасць, не думае пра будучыню нацыі, а толькі аб праблемах улады. Грамадства паралізаванае страхам, сталым кантролем», - адзначыла Алексіевіч.

«У аўтарытарнай краіне ўсё вызначае адзін чалавек, і ён вызначыў, каб будавалі атамную электрастанцыю», - адзначыла пісьменніца.

Літва выступае з вострай крытыкай пабудовы Беларуссю АЭС у 50 кіламетрах ад Вільні. Літва сцвярджае, што Беларусь не гарнатуе бяспекі праекта. Вядучыя палітычныя партыі Літвы заявілі аб тым, што іх краіна не будзе набываць электраэнэргію з Астравецкай АЭС.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках