19 красавiка 2024, Пятніца, 5:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лінас Лінкявічус: Ніхто не здымаў патрабаванняў з рэжыму ў Беларусі

19
Лінас Лінкявічус: Ніхто не здымаў патрабаванняў з рэжыму ў Беларусі
Лінас Лінкявічус

Еўрапейскі Звяз чакае ад беларускіх уладаў дзеянняў, а не размоў.

Пра гэта заявіў у інтэрв'ю карэспандэнту charter97.org у Вільні міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.

Паводле яго слоў, гэта шанец для Беларусі, аднак калі будуць толькі размовы пра рэформы і не будзе выніку, то таксама будуць зробленыя адпаведныя высновы.

Ён таксама сказаў, што Астравецкая АЭС – гэта не двухбаковая праблема ў стасунках Літвы і Беларусі, а праблема больш шырокага маштабу.

– Санкцыі знятыя, як мы ведаем, Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні наведаў Італію, сустрэўся з Папам Рымскім. Ці не з'яўляецца гэта прызнаннем дыктатуры? Як ЕЗ цяпер глядзіць на Беларусь? І якой пазіцыі прытрымліваецца Літва паводле гэтага пытання?

– Ніхто не кажа ні пра якое прызнанне або непрызнанне. Ёсць стасункі і пэўныя меры ўздзеяння, якія ўжываліся. У Беларусі не засталося палітычных зняволеных, таму санкцыі былі знятыя. Але ніхто не зняў ні чаканняў, ні патрабаванняў, ні крытэрыяў і такой палітыкі мы павінны прытрымлівацца ў дачыненні да іншых краін, напрыклад, Расеі. Стандарты падобныя.

З нагоды ўсяго астатняга не раз гаварылася, што для Беларусі – гэта шанец, магчымасць скарыстацца гэтым перыядам для канструктыўных стасункаў, выгодных Беларусі і ўсяму рэгіёну, каб рушыць наперад і паводле тых тэмаў, з якімі раней не працавалі. Я сказаў бы, што пасля саміту ЕЗ падчас старшынства Літвы ў Радзе ЕЗ пачалася больш канкрэтная праца, калі гаварыць наконт палягчэння візавага рэжыму, дыялогу аб мадэрнізацыі, якога раней не было.

Мы хацелі б, каб змены былі станоўчымі і хоць вынікі, магчыма, не да канца тыя, як мы хацелі б, але кірунак такі, і мы дакладна не хочам вярнуцца назад.

Я яшчэ згадаў бы, што ўвесну былі спробы рэалізаваць некаторыя меры. У Менску прайшла канферэнцыя Беларусі і ААН наконт праблематыкі смяротнай кары, у красавіку прайшла першая дагэтуль сустрэча каардынацыйнай працоўнай групы Беларусі і ЕЗ, у чэрвені пройдзе дыялог аб правах чалавека і г. д. Але разам з тым ёсць і вострыя праблемы, некаторыя з іх, магчыма, з'яўляюцца двухбаковымі праблемамі Літвы і Беларусі, але я ўпэўнены, што яны рэгіянальныя, больш шырокага маштабу. Напрыклад, гэта звязана з будаўніцтвам Беларускай АЭС. І тут мы пакуль не бачым прагрэсу, а бачым размовы і намеры, але мы хочам бачыць вынік і ніякіх зніжак і кампрамісаў не будзе.

– Адно з пытанняў да Беларусі – правядзенне рэформаў. Ці можна, на Ваш погляд, дзеянні беларускіх уладаў назваць рэформамі?

– Рэформамі мы можам гэта назваць, калі ўбачым вынік. А тое, што пра гэта кажуць, гэта яшчэ не рэформы. Прызнанне праблемы таксама не рэформа. Павінен быць вынік, калі ён будзе, то будзе відаць, што ёсць шчырае жаданне нешта мяняць. І наадварот, калі будуць толькі размовы і не будзе выніку, то таксама будуць зробленыя адпаведныя высновы.

– Што больш за ўсё турбуе Літву ў будаўніцтве Астравецкай АЭС?

– Пачнем з таго, што яе будаўніцтва пачалося з парушэння міжнародных нормаў. Будаўніцтва фактычна пачалося сем гадоў таму і будаўнічая пляцоўка была абраная паводле незразумелых крытэраў. Для гэтага таксама ёсць тэхналогіі, пэўныя механізмы. Тое ж МАГАТЭ мае адмысловую каманду экспертаў, якая абследуе крытэрыі выбару пляцоўкі. Так што сам пачатак ужо быў такім.

Зусім не даследавана ўздзеянне на навакольнае асяроддзе паводле міжнароднай методыкі, і пачынаць будаўніцтва ў такім выпадку – гэта ў прынцыпе заганна. Таму мы і сцвярджаем, што гэтага будаўніцтва не павінна быць увогуле, але калі яно адбываецца, то павінна ісці без усялякіх кампрамісаў і адпавядаць міжнародным стандартам. І пра некаторыя з іх мы нагадваем. Яшчэ раз магу нагадаць.

У сваёй ноце пасля інцыдэнту на будаўніцтве АЭС мы пісалі, што будзем патрабаваць, каб Беларусь змяніла сваю пазіцыю і пагадзілася з рэкамендацыямі камітэта ААН пра стварэнне міжнароднай экспертнай групы, якая расследавала б дзеянні, звязаныя з будаўніцтвам. Іншы момант – падрыхтоўка пляцоўкі, гэтыя крытэры павінны разглядацца з камісіяй МАГАТЭ. Паводле еўрапейскіх стандартаў, павінны быць праведзены стрэс-тэсты з удзелам еўрапейскіх экспертаў. Калі не будзе ўдзелу, то цяжка будзе давяраць такім вынікам.

Таксама мы атрымалі адказ, у якім абяцаюць да канца года абследаваць пляцоўку і правесці гэтыя тэсты. Так што будзем уважліва назіраць за сітуацыяй і будзем гэта рабіць не толькі мы самі, гэта адно з найважнейшых пытанняў у маштабе Еўропы, Еўракамісія таксама гэтым займаецца і сочыць за сітуацыяй. Дык гэта не праблема нас дваіх, не рэгіянальная праблема, гэта праблема больш шырокага маштабу, паколькі аб'ект гэты адчувальны і можа быць вельмі небяспечным. І будаўніцтва павінна ажыццяўляцца без усялякіх сумневаў і дакладна без усялякіх парушэнняў.

– Астравецкую АЭС можна прылічыць да пытанняў бяспекі. Але ёсць і іншыя аспекты бяспекі, напрыклад, ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Расеі. Як Літва глядзіць на гэтае супрацоўніцтва?

– Краіны могуць самі выбіраць сваіх партнёраў для супрацоўніцтва, інтэграцыі, яе глыбіні і маштабу. Пытанне – якія ставяцца мэты? Без сумневу, калі мы чуем, што некаторыя рэчы адбываюцца ў якасці адказу на «агрэсіўныя» паводзіны NATO, то з цяжкасцю можам гэта зразумець.

Нядаўна чуліся заявы, што ў якасці адказу на элементы СПА (супрацьракетнай абароны) у Румыніі будуць прыняты адпаведныя дзеянні. Гэтыя элементы – абарончыя і накіраваны на абарону ад ракет, якія могуць пасылацца, скажам, нестабільнымі, некантраляванымі сіламі. І такія дзеянні ў адказ супраць NATO выглядаюць даволі дзіўна, тады і супрацоўніцтва набывае пэўны адценне.

Мы заўсёды спадзяемся, што канфрантацыі не будзе, бо Альянс – абарончы, а не наступальны. Альянс не мае намеру на кагосьці нападаць, але дакладна зробіць усё неабходнае для забеспячэння бяспекі сваёй тэрыторыі і грамадзянаў. Гэта не павінна выклікаць ні ў каго сумневаў.

– Як Вы ўвогуле ацэньваеце бяспеку ў рэгіёне ў дадзены момант?

– Яна павінна быць у дастатковай ступені забяспечана паводле дамовы NATO. І гэта павінны рабіць штабы NATO, ураду і дзяржавы, вылучаючы на гэта сродкі. Мы заўсёды даволі адкрыта абмяркоўваем такія пытанні, вядомыя і праблемы, і слабыя бакі. І, я думаю, мы паспяхова рыхтуемся да саміту NATO ў Варшаве, вялікая колькасць пазіцый і параметраў будуць палепшаныя. Можна сказаць, што межаў дасканаласці няма, з іншага боку, ведаючы, дзе слабыя месцы, праблемы, вырашаецца і сітуацыя. Альянс не толькі дэкларуе, але рэальна ўзяў на сябе абавязальніцтвы гарантыі бяспекі на сваёй тэрыторыі. І ён будзе ажыццяўляць свае абавязальніцтвы.

– Якая сітуацыя цяпер з Сувалцкім калідорам?

– Гэта адно з слабых месцаў. Нядаўна было праведзена даследаванне, у якім звярнулі ўвагу, што ў краінаў Балтыі 1400 кіламетраў мяжы з Расеяй і Беларуссю, якія даволі інтэграваныя, асабліва ў галіне бяспекі. І ў нас ёсць, скажам так, брамы 65 кіламетраў для сувязі з хаўруснікамі. Гэта вузкае месца і адно з месцаў, на якое мы павінны звярнуць практычную ўвагу, і пра гэта ў NATO кажуць, ведаюць гэтую праблему і маюць намер адпаведным чынам на яе рэагаваць.

– Як Вы гледзіце на перспектывы Беларусі ва Усходнім партнёрстве цяпер?

– Усе шэсць краін Усходняга партнёрства даволі розныя. Розныя не толькі паводле сітуацыі, але і паводле пастаўленых мэтаў. Тры з іх не хаваюць свайго жадання зблізіцца з ЕЗ – Грузія, Украіна, Малдова. Калі Азербайджан з Арменіяй вядуць часам ваенныя дзеянні адно з адным, гэта спецыфічная сітуацыя. Але Арменія не хавае свайго кірунку ў бок Еўразійскай Звязу, як і Беларусь.

Краіны вельмі розныя і розныя сітуацыі, але кожная з іх мае сваю пэўную зацікаўленасць у дыялогу з ЕЗ, і ЕЗ з павагай на гэта глядзіць, і адпаведным чынам выбудоўвае сваю палітыку. Так што перспектывы ёсць, інтэнсіўнасць і глыбіня супрацоўніцтва залежаць ад выбару гэтых краін. І краіны-партнёры выберуць, наколькі інтэнсіўна і глыбока яны хочуць супрацоўнічаць з ЕЗ. ЕЗ прыме гэта да ўвагі.

– І апошняе пытанне, колькі ўсё ж літоўскіх тавараў патрапіла праз Беларусь у Расею?

– У мяне няма такой статыстыкі, адказаць не магу. Напэўна, маглі патрапіць, і напэўна патрапілі, але мне пра гэта цяжка казаць.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках