20 красавiка 2024, Субота, 12:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шарэйка: Не ўяўляю, чым кіраваліся, каб абезгаловіць нашыя прадпрыемствы

20
Шарэйка: Не ўяўляю, чым кіраваліся, каб абезгаловіць нашыя прадпрыемствы
Ганна Шарэйка
ФОТА: KP.BY

Сёння прадоўжыліся спрэчкі паводле справы «сенатара» Ганны Шарэйкі.

23 траўня ў Вярхоўным судзе прадоўжыліся спрэчкі паводле справы «сенатара» і гендырэктара Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганны Шарэйкі і яшчэ шасці абвінавачаных. Абвінавачаныя выступілі з апошнім словам.

Дзяржабвінаваўца Анатоль Мяцельскі адзначыў, што з абвінавачання выключылі толькі групу і матэрыяльную шкоду, астатняе абвінавачванне падтрыманае напоўніцу - стварэнне Норкусам ланцужкоў падкантрольных яму фірмаў для атрымання прыбытку, была асабістая зацікаўленасць Вальдэмараса Норкуса і Шарэйкі. Парушэнні закона былі пералічаныя, як і шкода дзяржаве. Абвінавачванне таксама звярнула ўвагу на сведчанні юрыстаў Пратасавіцкага і Амяльчэні, якія тлумачылі, дзе былі парушэнні членаў камісіі пры правядзенні перамоваў, піша tut.by.

Адвакаты, на думку пракурора, спрабавалі зняпраўдзіць паказанні юрыстаў, называючы Пратасавіцкага тэарэтыкам. «Гэтыя довады ўважаю непераканаўчымі, ён высокакваліфікаваны юрыст», - заявіў дзяржабвінаваўца.

Адвакат Шарэйкі Таццяна Сычова сказала пра тое, што рэпліка абвінавачвання прыводзіць абарону ў шок. Гаворка пра словы, што пракурор цалкам пацвярджае абвінавачванне, але адмаўляецца ад групы і асабліва значнай шкоды. Гэта, на думку абаронцы, стварае склад злачынства, не прадугледжанага законам. Перакваліфікаваўшы артыкул на частку 2 а не 3 (група паводле папярэдняй змовы), трэба разумець, што кожнае абвінавачванне павінна выбудоўвацца самастойна - бо групы няма. «Зыходзячы з існага абвінавачання, нельга зразумець, хто і ў чым абвінавачваецца, пакуль выстаўляецца ўсё і ўсім», - адзначыла адвакат.

Пры гэтым абсалютна незразумела, што такое грамадскі інтарэс, як яго падарвала Шарэйка.

Каментуючы заявы юрыста Пратасавіцкага, Таццяна Сычова адзначыла, што ён «такі ж адвакат, як і мы, нас тут 7 чалавек, і ў некаторых таксама ёсць ступень».

«Ён нічым не лепшы за іншых юрыстаў. Меркаванні юрыстаў не маюць ніякага дачынення да службовых дзеянняў абвінавачаных. Калі няма стратаў, а шкоды фабрыка не панесла, значыць, істотнай шкоды ад яе дзейнасці быць не можа», - мяркуе абарона.

Абаронца Норкуса Ірына Карасевіч звярнула ўвагу на тое, што адвакату нават не далі азнаёміцца з пісьмовым носьбітам новага абвінавачвання: «Людзі не ведаюць, у чым абвінавачваюцца. Прашу апраўдаць, толькі такі прысуд можа аднавіць справядлівасць».

Адвакат Міхаіла Разжывіна Барыс Ляскоўскі звярнуў увагу, што з усіх кантрактаў з «Рускім-Р» абвінавачаным ставіцца ў віну 5, а кантрактаў больш за 40. «То бок, гэта не можа ўважацца за працяг злачынства. А тады абвінавачванне павінна канкрэтызаваць шкоду і шкоду ў кожным канкрэтным эпізодзе», - адзначыў абаронца.

Затым у судзе выступілі абвінавачаныя з апошнім словам.

Ганна Шарэйка падкрэсліла, што працавала на птушкафабрыцы са студэнцкай лавы, заўсёды працавала добрасумленна і працавала з пазіцыі дзяржаўнага чалавека: «Ніякае асабістае стаўленне не магло паўплываць на мае дачыненні да фабрыкі».

Яна адзначыла, што бясспрэчны факт таго, што пры ёй фабрыка стала адным з самых паспяховых прадпрыемстваў краіны. «Прадпрыемства развівалася, нарошчвала аб'ёмы, выконвала даведзеныя паказчыкі, ніколі не мела запазычанасцяў перад бюджэтам, у заробку і за энэрганосьбіты», - падкрэсліла былая кіраўніца фабрыкі.

Шарэйка адзначыла, што не хоча насіць кляймо злачынцы, якое «не заслужыла ніякім чынам». Яна таксама падкрэсліла, што хоча зразумець, чым кіраваліся прадстаўнікі праваахоўных органаў, калі абезгаловілі буйное шматпрофільнае прадпрыемства ў разгар рэалізацыі стратэгічных для прадпрыемстваў і галіны аб'ектаў, у тым ліку магутнага камбікормавага завода, які ў гэты момант знаходзіцца ў стадыі пуска-наладкі, хоць увесці ў строй яго планавалі яшчэ ў канцы 2014 года.

Больш 120 млрд рублёў завода страчана, канстатавала гендырэктар фабрыкі. Спатрэбіўся час для таго, каб новаму кіраўніцтву паглыбіцца ў праект, і банкі сталі інакш ставіцца да некалі паспяховага пазычальніка. Страты фабрыкі за мінулы год Шарэйка ацаніла ў 110 млрд рублёў. Страты фабрыкі за перыяд сядзення ў следчым ізалятары ключавых спецыялістаў Шарэйка ацаніла ў 230 млрд рублёў.

Намесніца Ганны Шарэйка Надзея Семчанкова не прызнала сябе цалкам вінаватай і нагадала, што ўжо выклала сваю пазіцыю ў двух зваротах да Лукашэнкі.

Яна распавяла, што ў 2013 годзе на фабрыку прынялі на працу супрацоўніка праваахоўных органаў пад прыкрыццём, які пазней прыходзіў у следчы ізалятар, сцвярджаючы, што калектыў абвінавачаных не падтрымлівае. Гэты супрацоўнік, мяркуе Семчанкова, падрываў працу прадпрыемства, распаўсюджваў ілжывыя чуткі аб адміністрацыі прадпрыемства, але не дамогся таго, каб калектыў памяняў меркаванне аб сваіх кіраўніках. «Ананімка, пакладзеная ў аснову абвінавачвання, гэты ліст, напісаны Міністэрствам унутраных спраў, што спатрэбіўся для завядзення крымінальнай справы», - упэўненая абвінавачаная.

Шэсць абвінавачаных папрасілі іх апраўдаць. Сёмы, які прызнаў сваю віну, папрасіў вынесці «аб'ектыўны прысуд».

Суд пайшоў у дарадчы пакой.

Прысуд будзе вынесены а 10 гадзіне 10 чэрвеня.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках