20 красавiка 2024, Субота, 17:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як барысаўскія хлопцы жартам пераклалі World of Tanks на беларускую мову

5

Дзякуючы камандзе энтузіястаў тысячы прыхільнікаў World of Tanks больш за чатыры гады суправаджалі свае стрэлы загадамі на беларускай мове.

Нядаўна Wargaming ацаніў працу лінгвістаў, якія пераклалі «Танкі» на беларускую мову, і прапанаваў супрацоўніцтва. Афіцыйная беларуская лакалізацыя, зробленая хлопцамі, даступная ўжо паўтара месяца, а ў канцы красавіка па-беларуску і па-ўкраінску «загаварылі» і капітаны гульнявой флатыліі ў World of Warships. Гісторыя пра тое, як хлопцы з Барысава вырашылі не сумаваць і ператварылі хобі ў напружаную, але цікавую працу, - у матэрыяле Onliner.by.

Фотa: onliner.by

Арцель «RэZэрвацыЯ» утварылася яшчэ ў 2004 годзе. Тады трое барысаўчан узяліся перакладаць субтытры да фільмаў і анімэ на беларускую мову. З часам азарт трохі прыціх, і арцель часова сышла ў анабіёз. Але праз восем гадоў выпадкова кінутая на форуме фраза зноў падштурхнула хлопцаў да перакладаў.

- Закруцілася ўсё чатыры гады таму, у верасні, - пачынае аповед Саша, адзін з заснавальнікаў арцелі. - Заўсёднік былога форуму газеты «Виртуальные Радости» кінуў фразу «пераклаў бы ты «Танкі» на беларускую мову. Прайшло прыкладна паўгода, я не ведаў, чым сябе заняць, вольнага часу была процьма. Узгадаў гэтае паведамленне і падумаў: «Чаму б і не?» супраціўляцца дакучлівай ідэі я не стаў, і праз некалькі тыдняў, у верасні 2012-га, на афіцыйным форуме WoT быў апублікаваны першы варыянт беларусізацыі. Тады мы не думалі пра тое, што з гэтага выйдзе, было проста цікава перакласці, а потым і агучыць беларускую гульню.

Фотa: onliner.by

Праз нейкі час вакол хлопцаў сфармавалася каманда з наведвальнікаў форуму, ды і не толькі з іх. На той момант у арцелі не было ніводнага прафесійнага перакладчыка, затое былі фізік-ядзершчык, практыкуючы хірург, лагіст, цеплатэхнік, сістэмны адміністратар... У жарт сябры «RэZэрвацыІ» называюць талаку «транснацыянальнай карпарацыяй» - геаграфічна яе ўдзельнікі раскіданыя па ўсім свеце: энтузіясты ёсць у Беларусі, Украіне, Чэхіі, Славакіі і нават Карэі.

- З самага пачатку мы сутыкнуліся з некаторым скептыцызмам з боку наведвальнікаў форуму. З аднаго боку, былі «тролі», якія раз-пораз пісалі пра недасканаласці і непатрэбнасць мовы, з другога - назіралася банальнае неразуменне таго, навошта мы гэтым займаемся. Было шмат крытыкі, часцяком нічым не аргументаванай. Знаходзіліся таварышы, якія кідаліся на нашу ідэю беларускай лакалізацыі, як быкі на чырвоную анучу. Чаго толькі варта «двухдзённая вайна» ў тэме, дзе збіраліся подпісы пад адкрытым лістом, адрасаваным Wargaming, з просьбай уключыць у гульню беларускую і ўкраінскую лакалізацыі.

Фотa: onliner.by

Распрацоўшчыкі неафіцыйных украінскай і беларускай лакалізацый з самага пачатку імкнуліся развязаць некаторыя пытанні разам. Супрацоўніцтва было настолькі цесным, што з часам украінцы канчаткова ўліліся ў шэрагі «RэZэрвацыI». Аб'яднанню паспрыяў і іншая, сумная нагода: летась у выніку працяглай хваробы памёр Ігар Козак, стваральнік і «лакаматыў» украінізацыі. Працу Ігара хлопцы наважылі давесці да канца. Праз некалькі месяцаў ад Wargaming прыйшла афіцыйная прапанова аб супрацоўніцтве.

- За тры гады ў нас змянілася шмат удзельнікаў: некаторыя прыходзілі толькі на пэўныя праекты і віды работ, іншыя «зліваліся» з часам. Сёння засталіся толькі тыя, каму сапраўды цікава. Акрамя нашай асноўнай каманды ёсць людзі, якія дапамагаюць перыядычна. Напрыклад, Іван, якога мы таксама «падчапілі» на форуме. Часцей за ўсё ён толькі жартуе ў чаце, «троліць» і нясе поўную завею, але слухаць яго трэба абавязкова: раз у паўгода ён выдае проста геніяльную ідэю, якая ўсё пераварочвае. Гэта дзякуючы яму папулярнасць нашага мінулага перакладу павялічылася ў 20 разоў.

Фотa: onliner.by

Папулярнасцю перакладзеныя «Танкі» карысталіся і да выхаду афіцыйных лакалізацый: у беларускую версію гуляла прыкладна 20-25 тысяч унікальных геймераў, ва ўкраінскую - блізу 50 тысяч. Колькі гуляе зараз, сказаць складана, але можна меркаваць, што і афіцыйная версія карыстаецца попытам. Пра гэта кажа выхад беларускай і ўкраінскай версій «Караблёў», над якімі таксама працавала «RэZэрвацыЯ».

Запатрабаванасць нацыянальных перакладаў маладыя людзі тлумачаць сталеннем нацыі і насычэннем рынку гейм-індустрыі.

- Нацыя пасталела. Цяпер беларуская мова ў пераходным узросце. Раней вытворцы абсталявання, гульняў і тэлефонаў арыентаваліся на глабальныя рынкі і сусветныя мовы. Зараз жа, калі кампаніі-канкурэнты дасягнулі адной вагавай катэгорыі і ўжо складана наўскідку сказаць, чым тэлефон кампаніі «А» адрозніваецца ад аналагічнага кампаніі «Б», адбываецца адваротнае. Вытворцы сталі арыентавацца на лакальныя рынкі. Я сам калісьці купіў тэлефон Nokia толькі праз тое, што там была беларуская мова. Яшчэ нядаўна гэта былі адзінкавыя выпадкі, але зараз такія буйныя гульцы, як Microsoft, Samsung, Google або Sony прапануюць беларускім карыстальнікам свае прадукты «беларусізаваць». Кампаніі ўмеюць лічыць грошы і разлічваць рызыкі. Цяпер і Wargaming далучыўся да тых, хто трымае нос па ветры.

Фотa: onliner.by

Для неафіцыйнай агучкі хлопцы прапісвалі свае фразы, спрабавалі ажывіць гаворка «танкістаў». Каб дадаць маналог ваеннай рэалістычнасці, але не звяртацца да нецэнзурнай лексікі, удзельнікі арцелі адшукалі ў літаратуры блізу паўсотні беларускіх праклёнаў і пагрозаў накшталт «ў шпіталі будзем ляжаць у адным пакоі» або «ад фугаса ня ўцячэш». У пошуках аўтэнтычных фраз перакладчыкі перакапалі тоны беларускай вайсковай літаратуры пра танкістаў. У неафіцыйнай беларускай агучцы ўдзельнічаў вядомы металіст Уладзіслаў Наважылаў (LesleyKnife) - лідар гомельскай групы Gods Tower. У афіцыйную версію вострыя фразы не ўвайшлі. Арцельшчыкі мяркуюць, што атрымалася сухавата.

- У нас і Wargaming розныя погляды на канцэпцыю агучкі. Мы ўважаем, што гулец павінен чуць тое, што мог бы пачуць танкіст у танку падчас бітвы. Стваральнікі жа WoT наважылі, што гульнявы працэс павінен каментаваць іншы чалавек накшталт спартыўнага каментатара або рэферы. Хацелася знайсці кампраміс, зрабіць усё максімальна добра, - тлумачаць хлопцы. - І, напэўна, мы яго знайшлі: частка фраз з неафіцыйнай агучкі нашымі намаганнямі ўсё ж такі трапіла ў афіцыйную. Хоць яна ўсё роўна атрымалася сухаватай, не роўня польскай: жывая, з гумарам і «сакавітымі» тэкстамі.

Фотa: onliner.by

Як усё пойдзе далей, хлопцы не ведаюць, але праца доўжыцца.

- Для кожнага абнаўлення гульні, якая адбываецца раз на 2-3 месяцы, трэба актуалізаваць пераклад, дапоўніўшы яго новымі радкамі. Усё проста: нам дасылаюць тэксты, ставяць дэдлайн, а мы пераводзім анонсы разнастайных гульнявых акцый, працуем над прыкладаннямі для Android, лакалізуем банеры. Можа, з часам і ў вэб-сайтаў World of Tanks і World of Warships з'явяцца беларускія версіі, хоць, думаем, на бягучым этапе ў іх няма патрэбы.

Да нядаўняга часу арцельшчыкі не збіраліся звязваць жыццё з перакладамі, але ўжо сёння некаторыя сышлі ў іх з галавой. Хлопцы нават задумваюцца аб звальненні з нялюбых работ і поўным перапрафіляванні. Цяпер яны працуюць над лакалізацыямі яшчэ некалькіх праектаў, але распавесці пра іх пакуль не могуць.

Фотa: onliner.by

- Выхад беларускай, украінскай і казахскай лакалізацый выклікаў вялікі рэзананс як сярод геймераў, так і сярод распрацоўшчыкаў і выдаўцоў гульняў: праз пару тыдняў пасля гэтай падзеі па буйных бюро перакладаў прайшоў запыт на стварэнне беларускай версіі адной вядомай гульні. А раз растуць цікавасць і попыт, то будзе расці і прапанова. Але канкурэнцыі мы не баімся: мы самі ствараем гэты рынак і самі яго манапалізуем. А чаго баяцца манапалісту? Няма чаго! Думаю, гульнявая індустрыя пройдзе той жа шлях станаўлення, які прайшла калісьці з расейскай мовай. Будуць з'яўляцца мясцовыя аналагі «Фаргуса» і «7-га ваўка Мультымедыя» з кепскімі перакладамі і «трасянкай». Заказчыкі пачнуць эканоміць і шукаць перакладчыкаў танней, праз гэта пацерпіць якасць. Гэта непазбежна, але мы як-небудзь перажывем, - разводзіць рукамі Саша.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках