29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Параф’янаве паставілі помнік святару, які блаславіў беларускае нацыянальнае адраджэнне

Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій асвяціў 24 мая 2016 года памятны знак у гонар святара Віталія Баравога.

Помнік — валун з замацаваным на ім барэльефам — пастаўлены на цвінтары царквы святога Панцеляймона Лекара ў мястэчку Станцыя Параф’янава ў Докшыцкім раёне.

З раніцы праваслаўныя вернікі з Параф’янава і навакольных вёсак сабраліся на Літургію, якую адсужыў докшыцкі благачынны а. Георгій Мялешка са святарамі навакольных цэркваў. Да вернікаў далучыліся вучні мясцовай школы ды прадстаўнікі мясцовых уладаў — невялікая царква была поўная людзей, піша «Наша Ніва».

Пасля літургіі ў царкву прыехаў уладыка Феадосій, архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі. Ён памаліўся за супакой душы а. Віталія Баравога, сказаў пропаведзь, у якой падзяліўся ўспамінамі пра а. Баравога, якога ён ведаў асабіста. Архіепіскап заклікаў вернікаў трымацца праваслаўнай веры гэтак, як вучыў а. Віталій Баравы. Таксама архіепіскап заклікаў любіць Радзіму і працаваць дзеля яе дабра і славы.

Памаліўшыся і сказаўшы пропаведзь, архіепіскап Феадосій асвяціў помнік, з клічам «Хрыстос Уваскрос!» акрапіў асвечанай вадой вернікаў, а таксама разам са старшынём райвыканкама Алегам Пінчуком ды святарамі Докшыцкага благачыння ўсклаў да помніка кветкі.

«Да 100-годдзя протапрэсвітара Віталія Баравога – царкоўнага дзеяча, нашага земляка. 2016 г» — напісана на барэльефе абапал выявы а. Баравога. Надпіс зроблены на беларускай мове.

Віталій Баравы прыйшоў на свет 18 студзеня 1916 года ў засценку Несцераўка, што побач з Параф’янавам.

У 1929 годзе ён пайшоў вучыцца ў Віленскую духоўную семінарыю – і да сваёй смерці ў 2008 годзе служыў Богу ў Рускай Праваслаўнай Царкве.

Айцец Віталій Баравы служыў і працаваў на многіх царкоўных пасадах. Выкладаў у Мінскай духоўнай семінарыі (ў Жыровічах), у заснаванні якой сам прымаў удзел. Быў выкладчыкам гісторыі Царквы ў Ленінградскай духоўнай акадэміі, дзе атрымаў ступень прафесара. Працаваў у аддзеле Знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхата. Служыў настаяцелем у двух праваслаўных храмах у Маскве.

Айцец Віталій быў непераўзыдзеным у свой час багасловам, бліскучым прапаведнікам, выдатным выкладчыкам, якому шмат чым абавязаны вядомыя зараз багасловы і іерархі.

Ён заўсёды выступаў за абнаўленне царкоўнага жыцця, каб Царква была «моцнай не ўладай, а верай і Божай ласкай». Імкнуўся да праўды, не хаваўся ад балючых праблемаў Царквы і выступаў за тое, каб яны свабодна абмяркоўваліся і вырашаліся. Айцец Віталій заўсёды падтрымліваў тых, хто нёс ў Царкву нешта новае і свежае, што давала надзею на сапраўднае адраджэнне Царквы. Даволі часта яму прыходзілася такіх людзей сваім аўтарытэтам абараняць ад ціску і ганенняў з боку афіцыйнай царкоўнай улады.

Айцец Віталій ніколі не забываўся пра свае беларускія карані, шчыра спачуваў беларускаму нацыянальнаму адраджэнню і вельмі радаваўся любым кантактам з землякамі. «Жыве Беларусь!» — з гэтага заўсёды пачыналася ў такіх выпадках ягоная размова.

Мець такога земляка як айцец Віталій Баравы, які сваім служэннем рабіў зрабіў вялікі ўнёсак у захаванне і развіццё Рускай Праваслаўнай Царквы, ёсць вялікім гонарам для нашай краіны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках