28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Варшаве адкрылі мураль у гонар палітзняволенай Хадзіджы Ісмаілавай

Такія акцыі салідарнасці адбудуцца ў некалькіх дзясятках еўрапейскіх краін.

24 траўня ў Варшаве адбылася цырымонія адкрыцця муралю, прысвечанага азербайджанскай журналістцы Хадзіджы Ісмаілавай, якая знаходзіцца ў зняволенні паводле палітычнай справы. Мураль адкрыты ў гонар 40-годдзя Ісмаілавай, якое 27 траўня яна адзначыць за кратамі, паведамляе «Польскае Радыё».

Мураль намаляваны на сцяне эстакады, размешчанай на вуліцы Прымас Тысячагоддзя. Ён быў створаны актывістам Дарыюшам Пачкоўскім пры супрацоўніцтве з Хельсінскім фондам у правах чалавека і арганізацыяй «Польская зялёная сетка».

ФОТА: PAP/TOMASZ GZELL

«Мы хацелі выказаць салідарнасць з палітычнай зняволенай. Паказаць, што мы памятаем пра яе», - сказала на цырымоніі адкрыцця прадстаўніца Хельсінскага фонду ў правах чалавека Дамініка Быхаўская-Сінярская.

Яна адзначыла, што такія акцыі адбудуцца ў некалькіх дзясятках еўрапейскіх краін.

«Такім чынам мы хочам заклікаць улады Азербайджана памятаць пра правы чалавека», - дадала Быхаўская-Сінярская.

Яна таксама нагадала, што ў зняволенні ў Азербайджане знаходзяцца блізу 74 палітычных вязняў.

На цырымоніі адкрыцця муралю прысутнічаў амбудсмэн Польшчы Адам Боднар. На ягоную думку, такога кшталту акцыі, якія праходзяць у Польшчы і Еўропе, маюць «глыбокі сэнс». «Гэта не будзе так, што мы тут сабе папратэстуем і гэтага ніхто не заўважыць. Гэтыя дзеянні ствараюць атмасферу супраціву, ціску. Потым гэта ўсё перальецца ў дыпламатычныя колы, знойдзе сваё адлюстраванне ў ціску на аўтарытарныя структуры той ці іншай дзяржавы», - заявіў амбудсмэн.

Адам Боднар
ФОТА: PAP/TOMASZ GZELL

Хадзіджа Ісмаілава вядомая як аўтарка серыі журналісцкіх даследаванняў, што выкрывалі карупцыю ў колах улады і шматлікія парушэнні правоў чалавека ў Азербайджане. 1 верасня 2015 года Бакінскі суд прыгаварыў Хадзіджу Ісмаілава да 7,5 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Журналістку абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, крадзяжы, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і злоўжыванні службовым становішчам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках