25 красавiка 2024, Чацвер, 21:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўніцу прааперавалі. Нападнік - падлетак з добрай сям'і

37
Настаўніцу прааперавалі. Нападнік - падлетак з добрай сям'і

Нікога з пабочных асоб у сталічную гімназію №74, дзе ўчора адбыўся замах на настаўніцу, не пускаюць. Дзверы замкнутыя.

На ўваходзе - вахцёры і ахова з настаўнікаў. Пускаюць толькі дзяцей. У сярэдзіне дня ў чацвёртых класах - выпускныя, разам з дзецьмі прапускалі і бацькоў. На перапынках на школьны двор і стадыён нікога не выпускалі, дзеці забаўляліся ў будынку, паведамляе «Радыё Свабода».

На просьбу журналістаў на ганак выйшаў намеснік дырэктара гімназіі Дзмітрый Мікалаевіч Міхайлоўскі. Сказаў, што ўсе пытанні - да следчага камітэту, кіраўніцтва школы нічога каментаваць не будзе і ніякіх падрабязнасцяў не распавядае. На ўсе ўгаворы журналістаў, якія хацелі б пачуць, як усё было, з першых вуснаў, Міхайлоўскі адказаў, што нічога не скажа, маўляў, і так абы-чаго панапісвалі.

Учора ў сеціве з'яўлялася інфармацыя, што на настаўніцу 74-й гімназіі напалі некалькі чалавек, двое ці трое трымалі, адзін наносіў удары вострым прадметам. У аўторак Следчы камітэт афіцыйна зняпраўдзіў гэта.

«Падазраваны знаходзіўся з пацярпелай у класе сам-насам. Матывы і прычыны ягонага ўчынку следства высвятляе. Ніякага настаўніка з сякерай, які нібыта выбіваў дзверы, не было», - паведаміў кіраўнік прэс-службы Следчага камітэта Беларусі Сяргей Кабаковіч. Паводле ягоных слоў, праводзяцца следчыя дзеянні, допыты.

Падазраваны хлопец на кантакт са следствам не пайшоў. Матывы ягонага ўчынку незразумелыя.

Звестак аб падазраваным падлетку няшмат: быццам бы ён з нармальнай сям'і, ні на якіх уліках у міліцыі не стаяў, спакойны, ураўнаважаны, вучыцца ў 9 класе.

Настаўніцу прааперавалі. Раненні былі досыць цяжкія, нанесеныя ў жыццёва важныя мясціны цела. Стан пацярпелай стабільна цяжкі, яе жыццё падтрымлівае медыцынскае абсталяванне. Аднак следчыя спадзяюцца, што змогуць з ёй пагутарыць ужо сёння, кажа Сяргей Кабаковіч.

У дачыненні да падлетка распачтая крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 14 і часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса (замах на забойства). Адказнасць паводле гэтых артыкулаў надыходзіць з 14 гадоў.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках