18 красавiка 2024, Чацвер, 18:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Магілёве дэмантуюць калонкі, нягледзячы на пратэсты жыхароў

35

Дэмантаж калонак матывуюць тым, што гэта няўлічаная вада, і жыхары за яе не плацяць.

У Магілёве доўжыцца чынны дэмантаж калонак. У канцы мінулага тыдня ён дакаціўся да вуліцы Лакамабільнай, што на ўскраіне горада ля самога Дняпра.

Сітуацыю са дэмантажом калонкі каментуе "Еўрарадыё" жыхарка гэтай вуліцы Іна Яўсеева, для якой з'яўленне экскаватара з будаўнікамі каля дома стала поўнай неспадзяванкай:

"Дэмантаж калонак матывуюць тым, што гэта няўлічаная вада, і мы за яе не плацім. Нібыта з гэтай калонкі ідзе велізарны выдатак вады. Пазіцыя Водаканала: усе маюць водаправод, і калонкі больш не патрэбныя. У нас на вуліцы прыбралі дзесьці тры- чатыры калонкі. Я не разумею, каму перашкаджала наша калонка. Для чаго гэта ўсё было зроблена? У нас вуліца транзітная. Шмат людзей прыязджае на Дняпро, шпацыруе лесам. Ідуць і спыняюцца вады папіць ці твар абмыць. Нават бывае, што зломіцца кран дома, перацялі трубу, а вады ўжо і набраць няма як! Трэба ехаць немаведама куды!" - абураецца жанчына.

Вуліца, на якой жыве Іна Яўсеева, - гэта прыватны сэктар. Далёка не ва ўсіх дамах ёсць водаправод. Зазвычай тутэйшыя жыхары выкарыстоўваюць калонкі як для палівання сваіх агародаў, так і для гатавання ежы ды іншых патрэб. У сувязі з дэмантажом жанчына мерыцца пісаць скаргі на магілёўскіх чыноўнікаў.

Іншы жыхар, які таксама жыве ў прыватным сэктары, аднак ужо ў самым цэнтры Магілёва, Дзмітрый Люнтаў, таксама абураецца ініцыятывай чыноўнікаў:

"У нас мінулай восенню каля дома на Тупіковым завулку дэмантавалі калонку. З гэтай прычыны мы пісалі скаргі, бо нам вельмі патрэбная вада. Нам адказалі, што на суседніх вуліцах ёсць іншыя калонкі, дык бярыце ваду там. Ведаю, што калонкі каля сярэдняй школы № 9 цалкам прыбралі. Магчыма, таму, што там свая вада ёсць у кожнага. Казалі, што выйшаў такі закон, і неўзабаве дэмантуюць усе калонкі. Калонкі пакуль пакінулі толькі на тых вуліцах, дзе вада не праведзеная".

Зміцер кажа, што раней яму па ваду даводзілася хадзіць 50 мэтраў, цяпер удвая больш. Паліць свой агарод праблема - столькі вады не наносіш.

Дырэктар магілёўскага Водаканала Валерый Цімашэнка сцвярджае, што калонкі прыбіраюць толькі ў тых месцах, дзе людзі прылучаныя да водаправода.

"Мы не знялі калонку ні ў воднага чалавека, які не мае вады. Калонкі здымаюцца ў тых зонах, дзе людзі забяспечаныя "ўводамі ў дом". Хто мае ўвод у дом, у той зоне здымаецца калонка. Калі ёсць хоць адзін чалавек без вады, чакаем, прапануем яму пазыку без адсоткаў на вялікі тэрмін, робім дакументацыю, падводзім і патроху атрымліваем грошы".

На пытанне, колькі калонак яшчэ ладзяцца дэмантаваць у Магілёве, дырэктар адказвае:

"Рэч не ў калонках, а ў безуліковым выдаткаванні вады. Калі там няма спажыўца, навошта трымаць калонку".

Раней у газэце "Веснік Магілёва" галоўны інжынер "Гарводаканала" Аляксандр Палагін распавёў пра пачатак маштабнай кампаніі ашчады водных рэсурсаў. У канцы мінулага года на магілёўскіх вуліцах налічвалася 1500 калонак, якія былі ў агульным карыстанні, і, на ягоную думку, шмат хто з грамадзян выкарыстоўваў ваду без адпаведнага ўліку: на паліванне агародаў, мыццё самаходаў, будаўніцтва і г.д. Гэта і падштурхнула гарвыканкам да адпаведнай пастановы.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках