19 красавiка 2024, Пятніца, 10:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Навумчык: Я застаюся на тых пазіцыях, на якіх і быў

3

Журналіст Сяргей Навумчык прыляцеў у Беларусь з ЗША пасля дваццаці гадоў палітычнай эміграцыі.

Карэспандэнты «Нашай Нівы» знайшлі яго на Усходніх могілках. Ён адправіўся туды прама з аэрапорта, каб ушанаваць памяць Васіля Быкава.

«За гэтыя 20 гадоў не было ні дня, калі б я не думаў пра вяртанне ў Беларусь, — сказаў Навумчык. — На магілу Быкава прыехаў, бо ён шмат значыў у маім лёсе. На жаль, на пахаванне я прыехаць не змог, таму хоць так».

ФОТA: NN.BY/СЯРГЕЙ ГУДЗІЛІН

Таксама Навумчык усклаў кветкі да магіл паэта Генадзя Бураўкіна і журналіста Ігара Гермянчука.

У Беларусь Навумчык прыехаў на некалькі дзён. «Раней мае бацькі маглі ездзіць да нас, цяпер ужо не — узрост. Мая дачка, якая нарадзілася ў Амерыцы, увогуле першы раз прыехала ў Беларусь, хоць у яе беларускае грамадзянства. Яна ніколі не бачыла сваіх дзеда і бабку па лініі маці. Таму, калі бацькі выказалі жаданне нас пабачыць, мы не маглі не пайсці ім насустрач», — распавёў ён.

ФОТA: NN.BY/СЯРГЕЙ ГУДЗІЛІН

Са слоў Навумчыка, прыехаць ён змог, бо сітуацыя з яго бяспекай змянілася.

Сёння ў планах паездка на малую радзіму жонкі, потым — некалькі дзён у Менску.

Галоўнае ўражанне ў Сяргея Навумчыка – што ён вярнуўся дадому.

«Хоць за 20 гадоў і змянілася амаль усё тут, я адчуваю, што гэта ўсё сваё, што я дома, — кажа Навумчык. — Таксама дачка мне сказала, што разумее, чаму расейскія кінематаграфісты здымаюць свае серыялы ў Менску — бо гэта сапраўды вельмі прыгожы горад».

ФОТA: NN.BY/СЯРГЕЙ ГУДЗІЛІН

Пры гэтым ён узгадаў, што ў эміграцыі прайшла амаль палова яго жыцця. Але Навумчык падкрэсліў, што ніколі не хацеў з’язджаць з краіны, гэта не быў яго выбар.

Навумчык падкрэсліў, што ён не змяніў сваіх поглядаў: «Я застаюся на тых пазіцыях, на якіх і быў. І калі краіна называецца Рэспубліка Беларусь, то кіраўнік павінен займаць пасаду не больш за два тэрміны, калі гэта сапраўды рэспубліка, а не манархія».

На пытанне, ці плануе ён вярнуцца назусім і ці не збіраецца ўзначаліць партыю ці стварыць уласны рух, Навумчык адказаў так: «Я лічу, што мая і маіх калегаў па апазіцыі галоўная гістарычна-палітычная місія была выкананая 25 жніўня 1991 года, калі пры падтрымцы тысяч людзей мы стварылі гэтую краіну, калі прымалі першыя законы. І я разумею, што я ў палітыцы нічога большага за гэтае не зраблю. Таму для мяне сёння галоўнае — завяршыць цыкл кніг найноўшай гісторыі. А ўвогуле, ёсць такая прымаўка: «Хочаш насмяшыць Бога — раскажы яму пра свае планы на наступны тыдзень».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках