24 красавiка 2024, Серада, 5:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белнафтахім»: Беларусь пастаўляе досыць бензіну ў РФ

2
«Белнафтахім»: Беларусь пастаўляе досыць бензіну ў РФ
ФОТА: РІА Новости/Аляксандр Кандрацюк

Раней улады заяўлялі, што Беларусь мае права не ажыццяўляць пастаўкі са стратамі для сябе.

Пастаўкі бензіну ў Расею вядуцца ў рамках дамоўленасцяў, заявіў намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Віталь Паўлаў 25 траўня на прэс-канферэнцыі ў Светлагорску (Гомельская вобласць). Аб'ёмы паставак ён не назваў, піша БелаПАН.

«Працуем у рамках дзейных дамоўленасцяў. У прынцыпе, казаць аб лічбах, калі прамінула няпоўных пяць месяцаў, няма сэнсу», - сказаў Паўлаў.

Кажучы пра перспектывы росту паставак бензіну ў Расею, ён адзначыў: «Паглядзім з улікам коштавай кан'юнктуры. Рынак Расейскай Федэрацыі для нас - адзін з асноўных у частцы прасоўвання прадукцыі на экспарт».

Як паведамлялася раней, з пачатку 2016 года Беларусь моцна скараціла пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею. У студзені-лютым аб'ём паставак знізіўся амаль у два разы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года.

Прадстаўнікі ўрада тлумачылі гэта тым, што продаж бензіну ў Расею стаў нявыгадны. Як заяўляў журналістам у лютым віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, спыняючы пастаўкі ў РФ, Беларусь дзейнічае ў адпаведнасці з пагадненнем аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза.

«Там дакладна абумоўлена: што да балансу паліўна-энэргетычных рэсурсаў і ўзаемных паставак, яны ажыццяўляюцца паводле прынцыпу зваротнага лічэння», - сказаў ён.

Калі выявіцца, што кошт пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею ніжэйшы за кошт, якім можна іх рэалізаваць у Еўропе, беларуская старана мае права не ажыццяўляць пастаўкі са стратамі для сябе.

«Сёння кошт сапраўды істотна ніжэйшы, розніца даходзіць да 100 даляраў за тону», - паведаміў Сямашка, дадаўшы, што «рэнтабельнасць рэалізацыі беларускіх НПЗ вельмі далёкая ад гэтых 100 даляраў».

Мінэнэрга Расеі ў адказ папярэдзіла, што расейская старана мае права паменшыць аб'ём паставак нафты ў Беларусь у пяціразовым памеры ў дачыненні да недапастаўленага аб'ёму беларускага бензіну.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках