24 красавiка 2024, Серада, 0:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СК адмовіў удаве Дзмітрыя Завадскага ў выдачы дакументаў у справе аб ягоным знікненні

6
СК адмовіў удаве Дзмітрыя Завадскага ў выдачы дакументаў у справе аб ягоным знікненні
СВЯТЛАНА ЗАВАДСКАЯ
ФОТА: ZAVADSKY.ORG

Святлана Завадская будзе абскарджваць гэтую пастанову Следчага камітэта.

Следчы камітэт адмовіў удаве тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага ў выдачы копій працэсуальных дакументаў у крымінальнай справе аб ягоным знікненні ў 2000 годзе, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Свае хадайніцтвы, падкрэсліваюць у БАЖ, Святлана Завадская абгрунтавала той акалічнасцю, што ў адпаведнасці з законам яна прызнаная пацярпелай паводле крымінальнай справе ў факце знікнення мужа і мае права ва ўстаноўленым парадку ўдзельнiчаць у крымінальным пераследзе абвінавачанага і атрымліваць ад органа, які вядзе крымінальны працэс, паведамленні аб прыняцці пастаноў, якія закранаюць яе інтарэсы, а таксама атрымліваць копіі гэтых пастаноў.

Прынамсі, у хадайніцтвах, накіраваных у СК у сакавіку і красавіку, яна прасіла паведаміць, ці аднаўлялася прыпыненае ў 2006 годзе папярэдняе расследаванне крымінальнай справы аб знікненні Завадскага, і калі не аднаўлялася, то на якіх падставах, а таксама выдаць копіі пастаноў з матэрыялаў справы.

Копіі працэсуальных дакументаў неабходныя Завадскай для абскарджання дзеянняў (бяздзейнасці) органа крымінальнага пераследу.

У адказах, атрыманых са СК 11 красавіка і 16 траўня, сказана, што крымінальная справа прыпыненая, а законам не прадугледжанае права пацярпелага атрымліваць копіі названых працэсуальных дакументаў.

Паводле інфармацыі журналісцкай арганізацыі, атрыманыя адказы Завадская мае намер абскардзіць старшыні Следчага камітэта Івану Наскевічу і генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку.

Беларускі тэлеаператар, карэспандэнт Грамадскай расейскай тэлевізіі (цяпер - Першы канал) Дзмітрый Завадскі бясследна знік у Беларусі 7 ліпеня 2000 года. На той момант яму было 27 гадоў.

З 1994 да 1997 года Завадскі працаваў у аператарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, пасля стаў працаваць на ОРТ. Вясной 1997 года ён разам з карэспандэнтам ОРТ Паўлам Шараметам быў арыштаваны і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак рэпартажу, яго ўмоўна асудзілі на паўтара гады пазбаўлення волі. З кастрычніка 1999 года да траўня 2000-га Завадскі працаваў у Чачэніі, дзе з Шараметам здымаў фільм «Чачэнскі дзённік».

Уранку 7 ліпеня 2000 года Завадскі выехаў з дому ў нацыянальны аэрапорт «Мінск» сустракаць Шарамета, які прылятаў з Масквы. З тых часоў аператара ніхто не бачыў. Ягоны аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.

У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча, які сустракаўся з Завадскім у Чачэніі. Ігнатовіч, а таксама прызнаны вінаватым у выкраданні Максім Малік асуджаныя на пажыццёвае зняволенне. У сакавіку 2004 года пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні Завадскага «ў сувязі з немагчымасцю адшукаць без вестак зніклую асобу». У 2005 годзе расследаванне было адноўленае, але ў красавіку 2006-га зноў прыпыненае.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках