19 красавiка 2024, Пятніца, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Палій: З'яўленне беларускіх міратворцаў ва Украіне немагчымае

6
Аляксандр Палій: З'яўленне беларускіх міратворцаў ва Украіне немагчымае
Аляксандр Палій

Беларусь з'яўляецца вайсковым хаўруснікам Расеі, з якой Украіна знаходзіцца ў стане не абвешчанай вайны.

«Нармандская чацвёрка» ўхваліла разгортванне паліцэйскай місіі АБСЭ на Данбасе. Такую пастанову, калі верыць прэс-службе прэзідэнта Украіны, уночы 24 траўня ў тэлефоннай размове прынялі лідары Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі.

Ці магчыма з'яўленне паліцэйскай місіі на Данбасе? У якім фармаце і з якім статусам? Якія яе задачы? Ці могуць з'явіцца беларускія міратворцы на ўкраінскай зямлі, пра што раней казаў Лукашэнка?

«Беларуская праўда» адрасавала свае пытанні палітолагу з Кіева Аляксандру Палію.

- Кіраўнікі Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі падтрымалі ідэю разгортвання паліцэйскай місіі АБСЭ на Данбасе. Ці азначае гэта, што прынцыповая пастанова аб паліцэйскай місіі прынятая?

- Не, да канкрэтнага выніку яшчэ рана. Расея глядзіць на гэтую місію зусім інакш, чым гэта прадугледжана Менскімі пагадненнямі. Для яе гэта просты камуфляж ды імітацыя выканання Менскіх пагадненняў з боку Расеі.

- Навошта на Данбасе паліцэйская місія?

- Пунктам 10 Менскіх пагадненняў прадугледжаны «вывад усіх замежных узброеных фармаванняў, вайсковай тэхнікі, а таксама наймітаў з тэрыторыі Украіны пад наглядам АБСЕ. Раззбраенне ўсіх незаконных груп».

Акрамя таго, выбары на Данбасе таксама павінны прайсці паводле стандартаў і пад наглядам АБСЕ, гэта значыць свабодныя, без гвалту і запалохвання. Расейскія войскі і баевікі, а таксама мясцовыя калабаранты, якія забілі ў засценках масу іншадумцаў, на гэта, зразумела, не здольныя.

- Як у Кіеве бачаць функцыі і паўнамоцтвы паліцэйскай місіі?

- Украіна зацікаўленая ў праверцы ўзброенай місіяй АБСЕ пашпартоў ва ўсіх баевікоў на Данбасе і выдаленні з Украіны ўсіх расейцаў, кім бы яны ні былі, у адпаведнасці з пунктам 10 Менскіх пагадненняў. Гэта значыць, гэтая місія павінна атрымаць і паўнамоцтвы правяраць вайсковую тэхніку баевікоў, а ўсю тэхніку не ўкраінскага паходжання высылаць, а найлепш - знішчаць. Такім чынам будзе выкананы пункт 10 Менскіх пагадненняў.

Таксама гэтая місія павінна забяспечыць надзейную праверку з тым, каб новыя расейцы і новае ўзбраенне не ўрываліся з Расеі. І толькі пунктам 11 Менскіх пагадненняў ідзе прыняцце закона аб асаблівым статусе і змяненне канстытуцыі.

- Ці акрэсленыя часовыя рамкі працы паліцэйскай місіі?

- Украіна хоча, каб місія працавала цягам як мінімум некалькіх гадоў, Расея - толькі на час выбараў, у якасці дэкарацыі да легітымізацыі сваіх баевікоў.

- Экспэрты мяркуюць, што на Данбасе могуць з'явіцца беларускія міратворцы, пра што ў свой час казаў Лукашэнка. Наколькі гэта магчыма?

- Думаю, гэта наўрад ці магчыма. Беларусь з'яўляецца вайсковым хаўруснікам Расеі ў адпаведнасці з так званай Ташкенцкай дамовай. А Расея з'яўляецца бокам канфлікту ў вачах Украіны і свету.

Думаю, і беларусам гэта не патрэбна: сярод місіі, на жаль, магчымыя ахвяры. На некаторых адцінках лініі фронту місія АБСЕ наогул не паказваецца, яе там ніколі не бачылі. І нават калі Расея аддае загады знізіць эскалацыю, эксцэсы з боку расейскіх баевікоў доўжацца. Нічога дзіўнага: расейцы самі перабілі ўсіх сваіх вядомых камандзіраў, а надоечы кіраўніку адміністрацыі «кіраўніку ДНР» калега прастрэліў нагу.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках