19 красавiка 2024, Пятніца, 20:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За галінкі замест ражноў - штраф да 30 базавых адзінак

56
За галінкі замест ражноў - штраф да 30 базавых адзінак

Выправа з шашлыкамі можа выліцца ў сур'ёзны штраф, калі для гэтага спатрэбіцца секчы дровы ці зразаць галінкі з хмызнякоў.

«Памятаеце, як шашлыкі ладзяць? З сабой ражны не прывезлі, значыць, ідзём у найбліжэйшы хмызняк, выразаем, высякаем - гэта парушэнне заканадаўства», - папярэджвае напярэдадні лета кансультант управы абыходжання з адкідамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталь Каранчук.

Паводле ягоных слоў, за некалькі зрэзаных галінак вінаватага могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкулу 15.22 КоАП (незаконнае знішчэнне, канфіскацыя або пашкоджанне дрэў і хмызнякоў да ступені спынення росту). Штраф за гэтае парушэнне ў звычайным лесе можа дасягаць 30 базавых адзінак (6,3 млн рублёў), пішуць «Беларускія навіны».

Пры гэтым неабавязкова чакаць, калі дрэва або куст загіне зусім. За парушэнне ўважаецца нават проста зразанне галінкі.

«Мы такім чынам парушаем рост дрэва. Дрэвы - гэта не пакаёвая расліна, якую можна надрэзаць, і яна разрастаецца ў бакі. Яны проста спыняюць рост і гінуць», - распавёў Каранчук журналістам на прэс-канферэнцыі 26 траўня.

Аднак давесці гэтае правапарушэнне вельмі складана, прызнае спецыяліст, бо трэба злавіць парушальніка менавіта ў той момант, калі ён ломіць галінку.

«А ён можа сказаць: прабачце, я скарыстаўся тым, што тут пакінулі», - кажа прадстаўнік Мінпрыроды.

Аднак, адзначае ён, інспектар, які добра ведае месцы адпачынку, можа з упэўненасцю сказаць, што дрэва або хмызняк зламалі канкрэтныя людзі: «з надрэзу можна вызначыць, што ён зроблены менавіта цяпер, а ўчора на гэтым месцы ўсё было выдатна».

Спецыяліст не змог сказаць, колькі канкрэтна чалавек атрымлівалі штрафы паводле артыкулу 15.22 у мінулым годзе, але адзначыў, што парушальнікі ўсё ж прыцягваюцца да адказнасці.

Агулам у 2015 годзе ў рамках навядзення парадку на зямлі да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнутыя больш за 8 тысяч чалавек, большасць з іх - за невыкананне правілаў абыходжання з адкідамі.

Культура адпачынку ў насельніцтва, са слоў Каранчука, усё яшчэ нізкая, і шмат хто ўсё яшчэ не бачыць патрэбы збіраць за сабой смецце і выкідваць яго ў кантэйнер.

«Гэта будзе доўжыцца, напэўна, датуль, пакуль не павысім штрафы настолькі, што людзі не ў змозе будуць плаціць. Я не ведаю, што яшчэ рабіць - больш жорсткія штрафы не дапамагаюць», - кажа прадстаўнік Мінпрыроды.

Давесці вінаватасць такіх людзей, паводле ягоных слоў, таксама складана. Камеры-пасткі, якія ставілі ў зонах адпачынку летась, каб лавіць парушальнікаў, не далі выніку. Як адзначыў Каранчук, гэты метад разглядаўся нават у віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага, які прыняў яго за нядзейсны. Усталяванне камер каштуе дорага, а ідэнтыфікаваць парушальніка, калі ён прыехаў не на самаходзе ці ён не патрапіў у кадр, практычна немагчыма.

«Калі проста праходзіў чалавек, як яго пазнаць? Нібыта як паспрабавалі летась усталяваць камеры ў Менскай вобласці і хваліліся, што паказалі станоўчыя вынікі, але, па-мойму, на 25-30% больш парушэнняў выяўлена. Праводзіць далейшае расследаванне і даводзіць - складана», - сказаў прадстаўнік Мінпрыроды.

Ён мяркуе, што камеры могуць рабіць хіба што псіхалагічнае ўздзеянне на адпачывальнікаў.

«Калі б гэтыя кадры і відэаролікі паказвалі ў «Зоне Х» або дзесьці яшчэ - вось, паглядзіце, як нашы грамадзяне адпачылі... Хай іх не змаглі б прыцягнуць, але ўсё ўбачылі б, як яны ўсё гэта робяць, і калі гэтыя людзі самі сябе ўбачаць, можа быць, гэта дасць нейкі эфэкт», - мяркуе Віталь Каранчук.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках