19 красавiка 2024, Пятніца, 7:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бандарэнка: Прапановы спыніць падтрымку беларускіх СМІ - работа спецслужбаў Расеі

4

Чаму небяспечна скарачаць дапамогу беларускім незалежным СМІ.

Размова з каардынатарам кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцерам Бандарэнкам на «Белсаце».

- Нядаўна нарвежская журналістка Эрыка Фатланд зрабіла рэпартаж пра сваю паездку ў Беларусь. Напісала, што была некалькі дзён у Беларусі і не бачыла людзей, якія б падтрымлівалі Лукашэнку. Была ў Казахстане, у Расеі, там шмат прыхільнікаў сваіх дыктатараў - Назарбаева, Пуціна. А ў Беларусі вось так. Гэта добрая навіна. А што рэйтынг Лукашэнкі вельмі знізіўся, сведчыць тое, як пішуць некаторыя, што калі яго цяпер успамінаюць, то часта яшчэ побач дадаюць моцнае слова. Але адначасова ў Беларусі вельмі папулярны Пуцін. Ведаю нават, што ў асяроддзі тэхнічнай інтэлігенцыі гэта так ёсць. Ведаем таксама, што паводле сацыялагічных звестак больш за 50% беларусаў падтрымлівалі анэксію Крыма Расеяй і фактычна агрэсію Расеі на Данбасе. Гэта сведчыць аб тым, што няма інфармацыйнага процідзеяння расейскай прапагандзе ў Беларусі.

І праца тых СМІ, якія сёння працуюць у Беларусі і працуюць на Беларусь з-за мяжы, знаходзіцца пад пагрозай. Таму што скарачаецца дапамогу. А калі гэтага не будзе, то будзе не 50% беларусаў падтрымліваць розныя расейскія агрэсіўныя праекты, а можа 70%. І тады розніцы паміж Беларуссю і, напрыклад, Калінінградскай вобласцю, не будзе.

- Калі ідзе скарачэнне падтрымкі беларускіх праектаў Захадам, у тым ліку медыйных, чаму яно адбываецца? Ці беларусы сябе нейкім чынам дыскрэдытавалі? Тут згадваецца, хай і не медыйны праект, але ЕГУ, кампанія «Гавары праўду» і г.д.

- Ёсць такое паняцце «інфармацыйная бяспека», і ёсць такое паняцце «гібрыдная вайна», дзе інфармацыйны складнік гэтай вайны вельмі моцны. Мая версія, што Расея задзейнічае розныя свае рычагі, каб уплываць на заходніх палітыкаў, каб скараціць дапамогу незалежным СМІ Беларусі ў тым ліку. Я ведаю, што беларускія ўлады таксама дзейнічаюць у гэтым кірунку. «Гавары праўду» я б вынес асобна, бо на мой погляд, гэта абсалютна КДБшны праект, і Някляеў пра гэта казаў. Гэта як раз быў адзін з варыянтаў, калі ствараюцца псеўдапраекты, а потым кажуць: «О! Глядзіце, яны ж такія несумленныя!» Гэта было відавочна адразу, што гэта быў праект улады. Магчыма, яны таксама мелі і заходнія грошы. Гэта такія тэхналогіі беларускіх спецслужбаў і расейскіх.

- Ёсць крамлёўскі Медыяпраект «Спутник», які займаецца «купляй» досыць вядомых людзей, аўтараў. Наколькі такая з'ява нясе пагрозу?

- Лукашэнка з'яўляецца часткай «саюзнай дзяржавы», расейцы зразумелі, што ён прайграе інфармацыйную вайну сваім незалежным медыя, і таму яго трэба падтрымаць вось такімі праектамі як «Спутник».

Ведаю, кіраўніка гэтага праекта Андрэя Качура, ён працаваў на «РТР». Гэта цікавы чалавек, прафесіянал, але ён былы афіцэр КДБ.

- Разам з гэтым на «Спутнику» працуюць сапраўды цікавыя людзі, у тым ліку і такія, якія адзначыліся ў незалежным беларускім руху. Ці можа быць сітуацыя, што гэтыя людзі, працуючы на «Спутник», запрацуюць для яго пэўны крэдыт даверу, пэўную аўдыторыю, а ў патрэбны для Крамля час проста будуць замененыя крамлёўскімі тролямі, і такім чынам расейская прапаганда шматкроць узмоцніцца?

- «Lifenews», «Спутник», «Russia Today» - фактычна праекты Мінабароны Расеі. І трэба так да іх ставіцца.

- Захад не мае ружовых балаў што да агрэсіўнасці Расеі. Чаму тады Захад у інфармацыйным полі ў сутнасці здае, хаця б часткова, Беларусь? І навошта?

- Вось гэта абсалютна нелагічная рэч. Бо была надзея, што зразумеўшы, што такое гібрыдная вайна і яе інфармацыйны складнік, павялічыцца фінансаванне незалежных СМІ і ў Беларусі, складуцца, новыя расейскія дэмакратычныя СМІ. У тым ліку медыя, якія будуць працаваць на Крым, на Данбас. Але мы атрымалі іншае: пайшлі чуткі, што трэба спыніць «Белсат», таму што ён па-беларуску, а большасць беларусаў у жыцці карыстаюцца расейскай мовай. Што трэба спыніць падтрымку «Хартыі», іншыя праекты, у тым ліку адукацыйныя. І вось гэта дзіўная рэч.

Каб супрацьстаяць расейскай пуцінскай прапагандзе - трэба закрыць беларускія незалежныя СМІ. Або скараціць ім падтрымку. Таму я вяртаюся да сваёй першай думкі: гэта працуюць расейскія спецслужбы. Працуюць вельмі ўдала. І потым калі-небудзь мы даведаемся, хто быў аб'ектам ціску ці подкупу сярод заходніх палітыкаў, сярод заходніх экспэртаў.

- Тое, што Крэмль пераважае на інфармацыйным полі Беларусі, прызнаюць нават улады нашай краіны. Яны неяк нясмела кажуць, што таксама будуць нешта рабіць. Ці не позна яны прачнуліся і ці прачнуліся?

- Гэта адзіная каманда. Можа Лукашэнка хацеў бы нешта змяніць, але расейцы дзейнічаюць сістэмна, укладваюць велізарныя рэсурсы, скупляюць найлепшых журналістаў. А тое, што Лукашэнка страціў папулярнасць у Беларусі, тут шэраг фактараў. І праца незалежных СМІ, і яго праца па сістэматычным падмане беларускага народа, і безумоўна гэта бесталковае стаўленне да расейскай прапаганды.

Але мы - еўрапейцы, беларускія патрыёты - павінны гэтаму супрацьстаяць, бараніць свае інтарэсы, тлумачыць нашым заходнім партнёрам, нашым калегам журналістам пра небяспеку такой сітуацыі. Таму што заходнім бюракратам, вядома, пляваць на бяспеку беларусаў, але калі Беларусь стане вобласцю Расеі, гэта небяспека для ўсіх. І для Польшчы, і для NATO.

Небяспека будзе на іншым узроўні.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках