25 красавiка 2024, Чацвер, 2:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Якаўлеўскі: Нейтралітэт Беларусі - гэта проста абсурд

5
Раман Якаўлеўскі: Нейтралітэт Беларусі - гэта проста абсурд
Раман Якаўлеўскі
ФОТА: CHARTER97.ORG

Які можа быць нейтралітэт пры такім узроўні вайскова-палітычнага саюза Менска і Масквы?

Такім пытаннем задаўся вядомы беларускі палітаглядальнік Раман Якаўлеўскі на канферэнцыі «аўтакратычны выклік для еўрапейскага праекта: што рабіць і чаго не рабіць», якая прайшла 25 траўня ў Варшаве.

Мерапрыемства з удзелам вядучых экспэртаў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны і Нямеччыны было арганізаванае фондам «Хартыі-97» і прайшло ў рамках праекта «Еўразійскі выклік для ўсходняй Еўропы», падтрыманага Вышаградскі фонд.

Сайт charter97.org прыводзіць частка выступу Рамана Якаўлеўскага на канферэнцыі:

«Часта кажуць, што першае «хаджэнне» Лукашэнкі ў Еўропу скончылася трагедыяй. 19 снежня 2010 года прайшлі «прэзідэнцкія выбары», і дэмакратычныя кандыдаты ў прэзідэнты папалі ў турму. Здавалася, што гэта адчыніла Еўропе вочы, ужо ніякіх кампрамісаў не будзе і надыходзіць нейкі новы перыяд.

На жаль, гэта не так, і Мікалай Статкевіч тут добра пра гэта сказаў. Розныя фактары, у тым ліку і ў самой Еўропе, калі каштоўнасны базіс Еўрапейскага Звязу выявіўся размытым, дазволілі Лукашэнку пачаць чарговае «хаджэнне ў Еўропу». Але не з пустымі рукамі ён туды пайшоў, а са сваімі інструментамі. Адзін з такіх інструментаў - Міністэрства абароны Беларусі, і прынамсі, новая структура, якая ўзнікла ў канцы мінулага года, пад назвай Дэпартамент міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва, які, на мой погляд, стаў канкураваць з МЗС.

Вайскоўцы, трэба прызнаць, досыць эфектыўныя і гэта сведчыць пра тое, што беларускае войска становіцца суб'ектам палітыкі ўнутры Беларусі. Разгледзім новую вайсковую дактрыну Беларусі. На мой погляд, у гэтай дактрыне самае галоўнае тое, што войску надаюцца праваахоўныя функцыі, гэта значыць, барацьба не з вонкавым, а з унутраным «ворагам» (а гэта праславутая «пятая калона»). Лукашэнка, як і Пуцін, падзяліў краіну на «пятую калону» і «шостую палату».

Не сакрэт, што Лукашэнка ўвесь час жыве ў чаканні вайны. Гэта толькі ён мог прызначыць свой Усебеларускі сход на 22 чэрвеня, дату знаёмую ўсяму народу. Я не выключаю, што ён там вымавіць фразу на сталінскі манер «Браты і сёстры!». Усё б гэта можна б каментаваць з гумарам, калі б не адно «але». У атачэнні Лукашэнкі надаюць вялікае значэнне таму, што ў чэрвені ў Польшчы пачнуцца вучэнні «Анаконда», дзе будуць удзельнічаць не толькі краіны NATO. Адпаведным, так бы мовіць, тонусам Менск «падбадзёрвае» Крэмль, таму калі мы чуем пра нейкі нейтралітэт Рэспублікі Беларусь - гэта проста абсурд. Які можа быць нейтралітэт пры тым узроўні вайскова-палітычнага хаўрусу Менска і Масквы? Гэта, дарэчы, тычыцца і Украіны.

Калі кажуць пра міратворчасць Лукашэнкі, то яна палягае, як ён сам прызнаўся, у вядры кава, якое ён падносіў у сваім палацы Мэркель і астатнім. З некаторых часоў з вуснаў міністра абароны Беларусі сталі гучаць такія характарыстыкі ў дачыненні да Кіева, як «дзяржаўны пераварот» і «кіеўская хунта». Знаёмая тэрміналогія з Масквы. Я задаў пытанне начальніку дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва генералу Воінаву: «Як гэта разумець? Дзяржпераварот вы кажаце. Што, ва Украіне выбары не прайшлі і прэзідэнцкія, і парламенцкія? Чаго вы не прызнаеце?». Ён кажа: «Але гэтак жа галоўнакамандуючы кажа». А галоўнакамандуючы у нас адзін - Лукашэнка. І дарэчы, у ліпені напярэдадні варшаўскага саміту аб NATO будзе грандыёзны вайсковы парад у Менску з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці Беларусі, і мы зноў ўбачым гэтага галоўнакамандуючага ў вайсковай форме.

На гэтым парадзе, у чарговы, не першы раз будуць удзельнічаць падраздзяленні расейскага войска «слаўных» дэсантнікаў, якімі сёння ў Расеі камандуе генерал Шаманаў (яго ўважаюць за ката чачэнскага народа).

З нагоды расейскай авіябазы ў Беларусі. Людзям «пудрылі мазгі» пра значэнне гэтай базы, будзе яна ці не будзе. Адзін заходні дыпламат добра пажартаваў: «Як разумець: расейскія самалёты ёсць, а базы няма». Сёння сітуацыя пагоршылася. Тэма авіябазы змянілася на ракетную. Вось ужо магчыма з'яўленне ракет у Беларусі, расейскіх, падкрэсліваю, не беларускіх. Казкі, што беларусы могуць у Дзяржынску пад Менскам рабіць свае ракеты, я не ведаю на каго разлічаныя. Ні рэсурсаў, ні тэхналогій. Кітайцы чымсьці дапамогуць? Калі Лукашэнка хоча быць у ролі Албаніі часоў Мао Цзэдуна, калі там стаялі кітайскія ракеты - можа быць. Вось гэта ўжо безумоўна да такой ступені панізіць парог бяспекі ў рэгіёне, што нейкая выпадковасць можа трансфармавацца ў грандыёзны канфлікт.

І апошняе: мы з Андрэем Саннікавым нядаўна былі на Талінскай канферэнцыі і звярнулі ўвагу, што там не згадвалі пра Беларусь, кажучы аб рэгіянальнай бяспецы. Калінінград фігуруе, Расея фігуруе, а Беларусі практычна няма. На пытанне чаму, быў адказ: у гэтым кантэксце мы разглядаем Беларусь як саюзную дзяржаву Расеі. Пры гэтым гэта «саюзная дзяржава» не з'яўляецца суб'ектам міжнароднага права. Што гэта значыць? Што ад мяне як ад грамадзяніна Беларусі нічога не залежыць. Мы проста закладнікі гэтай палітыкі.

Тое, як Лукашэнка паводзіць сябе ў Менску і ў Маскве, як кажуць у Адэсе, «гэта дзве вялікія розніцы». Брусэльскія камісары і еўрачыноўнікі кажуць, што гэта прагматызм. Не, гэта цынізм пад шырмай прагматызму. На жаль, з вельмі дрэннымі перспектывамі не толькі для беларускага народа. А Пуцін «слухае ды есць».

Акупацыя Крыма ўстанавіла «лінію Пуціна» ад Сухумі да Калінінграда. У Беларусі ёсць «лінія Сталіна», а тут «лінія Пуціна», складовай і неад'емнай часткай якой з'яўляецца суверэнная Беларусь».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках