29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грабоўскі не патрапіў у нацыянальную каманду Еўропы на Кубак свету ў хакеі

1
Грабоўскі не патрапіў у нацыянальную каманду Еўропы на Кубак свету ў хакеі
ФОТА: REUTERS

Генеральны мэнэджар нацыянальнай каманды Еўропы Міраслаў Штатан вызначыўся з заяўкай на Кубак свету-2016, які пройдзе з 17 верасня да 1 кастрычніка ў Таронта.

Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Асацыяцыі гульцоў НХЛ, піша tut.by.

Каманда Еўропы сфармаваная з хакеістаў, што не з'яўляюцца гульцамі нацыянальных каманд Чэхіі, Фінляндыі, Расеі і Швэцыі. Яны выступяць на турніры асобнымі дружынамі.

Сёння былі запоўненыя пакінутыя 7 заявак у ростэры, якія дапоўнілі спіс з 16 гульцоў, абвешчаных яшчэ 2 сакавіка.

Да 16 раней абвешчаных прозвішчаў дадаліся 7 хакеістаў - Томас Грайс, Крысціян Эрхоф і Тобіяс Рыдэр (усе - Нямеччына), Ніно Нідзеррайтэр і Лука Сбіса (абодва - Швэйцарыя), Марыян Габорык (Славаччына) і П'ер-Эдуар Бельмар (Францыя).

Мабыць, самая нечаканая кандыдатура ў гэтым спісе - француз Бельмар з «Філадэльфіі», які набраў 14 (7+7) балаў у 74 матчах рэгулярнага чэмпіянату НХЛ і 1 (0+1) бал у 5 паядынках Кубка Стэнлі.

Французскі форвард таксама выступіў за сваю нацыянальную каманду на чэмпіянаце свету-2016 у Расеі, дзе ў 7 матчах зарабіў 4 (1+3) балы пры паказчыку карыснасці «-3».

Чакалася, што гэтую вакансію запоўніць 20-гадовы датчанін Мікалай Элерс з «Вініпегу», які ў дэбютным для сябе сезоне ў НХЛ праявіў сябе куды больш яскрава - 38 (15+23) балаў у 72 паядынках рэгулярнага чэмпіянату. А на ЧС-2016 у Маскве ён зарабіў 6 (4+2) балаў у 8 паядынках.

Беларускі форвард «Айлендэрс» Міхаіл Грабоўскі таксама фігураваў у папярэдніх спісах на Кубак свету. І генмэнэджар нацыянальнай каманды Еўропы Міраслаў Штатан пахвальна адазваўся пра беларуса. Аднак праблемы Міхаіла са здароўем выкраслілі яго са спісу кандыдатаў.

Грабоўскі не згуляў за «Айлендэрс» у Кубку Стэнлі, а на фінішы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ прапусціў 24 з 25 матчаў сваёй каманды. Хоць да пашкоджання Міхаіл стабільна трапляў у асноўны склад і часам выходзіў ва ўдарным звяне разам з капітанам «астраўлянаў» Джонам Таварэсам. У 51 паядынку «рэгуляркі» беларус зарабіў 25 (9+16) бамбардзірскіх балаў.

Хоць у «Айлендэрс» ад Грабоўскага чакалі большага, бо з заробкам 5 мільёнаў даляраў на год ён з'яўляецца адным з самых высокааплатных гульцоў каманды, аднак за два апошнія сезоны праз траўмы беларус прапусціў 55 матчаў у «рэгулярцы» і 15 з 18 паядынкаў у плэй-оф.

І ў апошні час за акіянам усё больш настойліва ідуць размовы пра тое, што «астраўляне» могуць развітацца з Грабоўскім.

Зрэшты, нацыянальная каманда Беларусі не губляе надзеі на дапамогу Міхаіла Грабоўскага ў адборачным турніры да Алімпіяды-2018, які пройдзе ў Менску з 1 да 4 верасня. Спаборнікамі беларусаў за адзіны тур на Гульні ў Пхенчхане стануць каманды Даніі (1 верасня), Польшчы (2 верасня) і Славеніі (4 верасня).

Адзначым, што 4 прадстаўнікі Даніі (галкіпер Фрэдэрык Андэрсан, форварды Мікель Бедкер, Франс Нільсан, Янік Хансен) уключаныя ў склад нацыянальнай каманды Еўропы на Кубак свету.

Склад нацыянальнай каманды Еўропы на Кубак свету-2016

Брамнікі - Фрэдэрык Андэрсан (Данія, «Анахайм»), Яраслаў Галак (Славаччына, «Айлендэрс»), Томас Грайс (Нямеччына, «Айлендэрс»).

Абаронцы - Здэна Хара (Славаччына, «Бостан»), Раман Ёзі (Швэйцарыя, «Нэшвіл»), Дэніс Зайдэнберг (Нямеччына, «Бостан»), Андрэй Сякера (Славаччына, «Эдмантан»), Марк Штрайт (Швэйцарыя, «Філадэльфія»), Крысціян Эрхоф (Нямеччына, «Чыкага»), Лука Сбіса (Швэйцарыя, «Ванкувер»).

Нападнікі: Мікель Бедкер (Данія, «Каларада»), Леон Драйзайтль (Нямеччына, «Эдмантан»), Янік Хансен (Данія, «Ванкувер»), Марыян Гос (Славаччына, «Чыкага»), Анжэ Капітар (Славенія, «Лос- Анджэлес»), Франс Нільсан (Данія, «Айлендэрс»), Томаш Татар (Славаччына, «Дэтройт»), Томас Ванек (Аўстрыя, «Мінесота»), Матс Цукарэла (Нарвегія, «Рэйнджэрс»), Марыян Габорык (Славаччына, «Лос-Анджэлес»), Ніно Нідзеррайтэр (Швэйцарыя, «Мінесота»), Тобіас Рыдэр (Нямеччына, «Арызона»), П'ер-Эдуар Бельмар (Францыя, «Філадэльфія»).

Найбольшае прадстаўніцтва ў нацыянальнай камандзе Еўропы ў Славаччыне (6 гульцоў). З Нямеччыны ў склад патрапілі 5 хакеістаў, са Швэйцарыі і Даніі - па 4, са Славеніі, Нарвегіі, Аўстрыі і Францыі - па 1.

У Кубку свету-2016 возьмуць удзел нацыянальныя каманды Расеі, Канады, ЗША, Швэцыі, Чэхіі, Фінляндыі, Паўночнай Амерыкі (з гульцоў ЗША і Канады не старэйшыя за 23 гадоў), а таксама нацыянальная каманда Еўропы з хакеістаў, якія прадстаўляюць Нямеччыну, Швэйцарыю, Славаччыну, Аўстрыю, Нарвегію і іншыя краіны, не прадстаўленыя асобнымі камандамі.

На папярэдняй стадыі каманды будуць падзеленыя на дзве групы, з якіх дзве наймацнейшыя нацыянальныя каманды выйдуць у паўфінал. Фінальны раўнд Кубка свету ў традыцыі будзе праведзены да дзвюх перамог адной з каманд.

Група А: Канада, Чэхія, Еўропа, ЗША.

Група В: Фінляндыя, Паўночная Амерыка, Расея, Швэцыя.

Аб адраджэнні Кубка свету было абвешчана ў студзені 2015 года. Пастанова прынятая пасля доўгіх перамоваў НХЛ, прафзвязу гульцоў і Міжнароднай федэрацыі хакея. Чакаецца, што ў турніры возьмуць удзел больш за 150 найлепшых хакеістаў, якія гуляюць у НХЛ.

Турнір пройдзе на пляцоўках памеру НХЛ па правілах НХЛ і будзе абслугоўвацца арбітрамі лігі. Іншыя аспекты, такія як антыдопінгавы кантроль, дысцыплінарныя пакаранні, тэлевізійныя правы, акрэдытацыя прэсы і г.д., будуць знаходзіцца пад кантролем НХЛ і прафзвязу гульцоў лігі. Пры гэтым у пэўных пытаннях магчымыя кансультацыі з Міжнароднай федэрацыяй хакея.

Трэніровачныя лагеры зборных-удзельніц турніру адкрыюцца 4-га верасня.

Папярэднікам Кубка свету быў Кубак Канады, які праводзіўся 5 разоў - у 1976, 1981, 1984, 1987 і 1991 гадах. Цяперашнюю назву турнір атрымаў пазней і праводзіўся пад ёй у 1996 і 2004 гадах.

Пераможцамі Кубкаў Канады станавіліся нацыянальныя каманды Канады (1976, 1984, 1987) і СССР (1981). Пры гэтым найлепшым бамбардзірам турніраў чатыры разы станавіўся легендарны Уэйн Грэцкі (1981, 1984, 1987, 1991).

Нацыянальная каманда СССР перамогу ў Кубку Канады ў 1981 годзе прысвяціла легендарнаму форварду Валерыю Харламаву, які загінуў у аўтакатастрофе 27 жніўня 1981 года - незадоўга да старту турніру. У фінале нацыянальная каманда СССР тады разграміла Канаду з лікам 8:1.

Кубак свету здабылі каманды ЗША (1996) і Канады (2004).

У пачатку траўня была абвешчаная сума прызавых для ўдзельнікаў Кубка свету-2016.

Пераможца розыгрышу Кубка свету атрымае не менш як $1,5 млн - $1 млн за перамогу і $500 тысяч за ўдзел.

«Кожнай камандзе - удзельніцы турніру будзе выплачана па 500 тысяч даляраў плюс прыбытак ад трансляцый выставачных матчаў напярэдадні Кубка свету, дзе яна будзе намінальна з'яўляцца гаспадыняй лядовай пляцоўкі. Пераможца турніру атрымае таксама прызавыя сумай $1 млн, каманда, якая заняла другое месца, - $500 тысяч», - распавёў камісар НХЛ Біл Дэйлі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках