Інтэрпол абвесціў у вышук падазраванага ў арганізацыі забойства Нямцова
- 29.05.2016, 13:41
- 7,681
На сайце Інтэрполу з'явілася картка Руслана Мухудзінава.
На сайце Інтэрполу размешчана картка наконт вышуку падазраванага ў забойстве апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова байца чачэнскага батальёна «Поўнач» Руслана Мухудзінава. Было гэта праз паўгода пасля таго, як Мухудзінава абвесціла ў міжнародны вышук Расея, паведамляе newsru.com.
У картцы 29-гадовага Мухудзінава гаворыцца, што яго шукаюць за забойства і незаконны абарот зброі. На сайце Інтэрполу ёсць дзве фатаграфіі Мухудзінава з афіцыйных дакументаў. Паказана, што Мухудзінаў нарадзіўся 13 траўня 1987 года ў станіцы Старагладаўскай Чачні.
Мухудзінава Расея абвінавачвае ў арганізацыі забойства Нямцова ўвечары 27 лютага 2015 года. Паводле дадзеных СМІ, у міжнародны вышук байца «Поўначы» абвесцілі 11 лістапада мінулага года. Тады ў МУС меркавалі, што ён паехаў у ААЭ з падробленымі дакументамі.
У канцы лютага ягоны адвакат сцвярджаў, што Мухудзінаў у Эміратах не быў і хаваецца дзесьці ў расейскай глыбінцы.
Нагадаем, Нямцоў быў забіты на Вялікім Маскварэцкім мосце побач з Крамлём позна ўвечары 27 лютага 2015 года. Паводле справы аб забойстве затрыманыя пяць нараджэнцаў Чачні – Заур Дадаеў, Хамзат Бахаеў, Тэмірлан Эскерханаў, браты Анзор і Шадыд Губашавы.
18 лістапада 2015 года суд санкцыянаваў завочны арышт былога афіцэра батальёна «Поўнач» Руслана Мухудзінава, якому высунута завочнае абвінавачванне ў арганізацыі забойства. Ён абвешчаны ў федэральны і міжнародны вышук.
29 снежня следства высунула абвінавачанне ў канчатковай рэдакцыі пяцярым меркаваным удзельнікам забойства Нямцова, а таксама заявіла, што заказчыкам злачынства з'яўляецца Руслан Мухудзінаў.
Адвакаты пацярпелых паводле справы Нямцова патрабавалі дапытаць «на прадмет датычнасці да арганізацыі забойства» шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў Чачні, у тым ліку кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава. Аднак следчыя адмовіліся гэта рабіць.