26 красавiка 2024, Пятніца, 1:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Мы не здаемся

12
Алесь Бяляцкі: Мы не здаемся
Алесь Бяляцкі

Гісторыя «Вясны» з'яўляецца адлюстраваннем складанага і часам драматычнага жыцця ўсяго беларускага грамадства за апошнія 20 гадоў.

26 красавіка 1996 г. лічыцца днём узнікнення праваабарончай ініцыятывы «Вясна-96», якая пазней ператварылася ў праваабарончы цэнтр «Вясна» (пазбаўлены ўладамі рэгістрацыі і зарэгістраваны ў Вільнюсе). У гэты дзень актывісты арганізаваліся для пошуку затрыманых удзельнікаў акцыі «Чарнобыльскі Шлях – 1996», піша sn-plus.com.

Такім чынам, пачалося ўсё з «Чарнобыльскага шляху», які быў прымеркаваны да дзясятай гадавіны самай страшнай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва. А калі больш дакладна, то з таго, што было пасля гучнай акцыі пратэсту.

А было тое, што цяпер называюць «хапун». З той розніцай, што тады да іх толькі пачалі прызвычайвацца. І яшчэ тады не прызвычаіліся да «мабільнікаў». Гэта цяпер сотавы тэлефон падобны да зубной шчоткі, якая павінна быць у кожнага, а тады «мабільнік» з'яўляўся атрыбутам асаблівай статуснай і матэрыяльнай паспяховасці.

Дзейнасць праваабаронцаў пачалася з дапамогі тым, хто трапіў тады за краты, але вымяралася яна не толькі колькасцю прадуктовых перадачаў.

Зрэшты, вось як успамінае пра гэта кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі:

– Мы пачалі збіраць інфармацыю, бо ніхто нічога не ведаў. Хто затрыманы? На колькі сутак? Дзе знаходзіцца чалавек?.. Практычна ніякіх сродкаў сувязі не было. Ні мабільных тэлефонаў, ні інтэрнэту. Для тагачаснага беларускага грамадства дэфіцыт інфармацыі быў сапраўдным шокам.

Пратэставыя настроі выліліся ў масавую дэманстрацыю іншадумства. Улада ўпершыню пасля разгону «Дзядоў-88» адрэагавала вельмі жорстка. За кратамі апынуліся сотні людзей.

Збор інфармацыі фактычна быў першай «хуткай дапамогай» у той сітуацыі. Доўжылася яна некалькі дзён. Было затрымана амаль усё кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту. Праз трое сутак некаторых выпусцілі (Лявона Баршчэўскага, Віктара Івашкевіча, Вінцука Вячорку), а Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка, супраць якіх была заведзеная крымінальная справа, засталіся за кратамі і абвесцілі галадоўку. Я таксама праходзіў у гэтай крымінальнай справе як сведка.

Усё гэта азмрочвала сітуацыю. Тэлефоны ў офісе БНФ не змаўкалі.

Са збору інфармацыі фактычна і пачалася дзейнасць «Вясны». У тыя дні адзін з маіх знаёмых прывёз у музей Максіма Багдановіча, дзе я тады працаваў дырэктарам, прыкладна паўтоны розных прадуктаў – сланечнікавага алею, макароны – і папрасіў аддаць іх пацярпелым. Мы расклалі ўсё ў пакеты і раздавалі людзям, якія выходзілі з прыёмніка-размеркавальніка пасля адбыцця сутак арышту.

На жаль, да канца таго года ў нас не было адпачынку. Акцыі пратэсту ішлі адна за адной, а за імі – новыя арышты, новыя крымінальныя справы. Словам, працы ў нашай групы хапала.

Паралельна дзейнічаў Беларускі хельсінкскі камітэт, створаны ў 1995 годзе. Але яны не займаліся фактычнай дапамогай ахвярам палітычных рэпрэсій. Фактычна гэтая ніша пуставала. Мы яе і запоўнілі.

Спачатку ў арганізацыі праваабаронцаў быў сталічны статус і назва «Вясна-96», а ў 1998 годзе «Вясна» стала ўжо рэспубліканскай, з назвы знікла лічба.

– Якімі прынцыпамі кіруецца ў сваёй працы «Вясна»?

– У першыя гады нашай дзейнасці быў закладзены асноўны прынцып новай структуры – аб'ектыўнасць. Жадання камусьці спадабацца, змякчыць «вострыя куты» не было з самага пачатку. Арыенцірам стала бесстаронняя фіксацыя і ацэнка таго, што адбываецца.

Натуральна, праваабарончага досведу ні ў кога не было, таму напрамкі дзейнасці вызначаліся, што называецца, на хаду. Узнікалі яны з патрэбаў нашага грамадства. Штучных тэмаў і кірункаў мы не прыдумлялі.

Калі ў «Вясне» бачылі, што для таго, каб даваць людзям праваабарончыя веды, патрэбныя адпаведныя семінары, пачыналіся адукацыйныя, асветніцкія праграмы.

Калі рабілася відавочна, што грамадскім актывістам неабходная кваліфікаваная адвакацкая дапамога, шукалі кантакты адвакатаў.

Спачатку былі проста шакавальныя выпадкі. Напрыклад, тое, што адбылося з Аляксандрам Цішуком, дваццацігадовым хлопцам з Бярозаўкі Менскага раёна. На адной з дэмакратычных акцый ён у штурханіне надарваў міліцыянту пагон.

Яго затрымалі і кінулі ў следчы ізалятар. Месяц ніхто не ведаў, што ён сядзіць у СІЗА. Адбылося гэта ў 1997 годзе.

А «мінус» у тым, што нашая галоўная мэта яшчэ не дасягнутая. Мы надалей працуем ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы, якая бачыць у праваабаронцах калі не ворагаў, то непрыяцеляў – дакладна. Нас садзяць у турмы, нас выкідваюць з краіны, нас дыскрэдытуюць, але мы, як стойкія алавяныя салдацікі, не здаемся.

– А як цяпер?

– Цяпер сітуацыя супрацьлеглая. Дастаткова складання пратакола пра затрыманне, каб пра гэта стала агульнавядома. Па ўсёй Беларусі ў «Вясны» дзейнічае 15 філіялаў, што дае магчымасць маніторыць сітуацыю ва ўсіх буйных гарадах. Самы свежы прыклад – пратэставы пікет у Маладзечне супраць будаўніцтва экалагічна шкодных свінакомплексаў. Пра пераслед пратэстоцаў, дзякуючы прысутнасці ў гэтым горадзе «Вясны», адразу ж стала вядома ўсёй краіне.

У цяперашні момант у «Вясны» два галоўныя кірункі дзейнасці – кампанія супраць смяротнага пакарання і назіранне за выбарамі, якое праводзіцца сумесна з БХК.

Акрамя гэтага ёсць сэнс акцэнтаваць увагу і на стварэнні для Офіса вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека дакладу ў рамках працэдуры так званага «Універсальнага перыядычнага агляду». Робіцца гэта сумесна з іншымі праваабарончымі арганізацыямі і служыць для міжнароднай супольнасці надзейнай крыніцай альтэрнатыўнай інфармацыі наконт прававой сітуацыі ў Беларусі.

– Азіраючыся на мінулыя гады, як Вы сфармулявалі б, што такое «Вясна» для нашай краіны?

– Мне здаецца, што сам факт 20-гадовага існавання «Вясны» набыў сімвалічны сэнс. Бо яна стала арганізацыяй, якая ўжо нешта большае, чым проста структура. «Вясна» цяпер асацыюецца не толькі з праваабарончай дзейнасцю. Гэта – перамены ў цэлым. Гэта – свабода. Гэта – надзея на адраджэнне ўсяго нашага грамадства.

Гісторыя нашай арганізацыі з'яўляецца практычным адлюстраваннем складанага і часам драматычнага жыцця ўсяго беларускага грамадства за апошнія 20 гадоў.

– Наколькі я ведаю, першапачаткова быў намер прапрацаваць некалькі гадоў…

– Сапраўды, мы думалі, што праіснуем максімум да 1999 года. Але я ўжо даўно зразумеў, што гэта было ўтопіяй.

Асноўная наша праца звязаная з людзьмі, грамадскай свядомасцю, калі хочаце. Змена савецкага менталітэту, разумення каштоўнасцяў правоў чалавека не адбываюцца за год-два. Павінен змяніцца пэўны культурны ўзровень грамадства. Звычайна гэта адбываецца дзясяткі гадоў, змяняюцца цэлыя пакаленні. Гэты працэс пастаянны, яго нельга спыніць. Кожнае новае пакаленне, хоць і абапіраецца на досвед папярэдніх, вучыцца самастойна.

Мы пачыналі з выпаленага прававога поля, якое пакінуў незалежнай Беларусі Савецкі Саюз. Таму наша праца ідзе няпроста і драматычна. Тым не менш, ацэньваючы нашы 20 гадоў, я ўпэўнены, што станоўчыя перамены і гуманізацыя беларускага грамадства адбываюцца, нягледзячы на відавочныя постсавецкія арыенціры ўладаў, іх кансерватызм. Адбываюцца насуперак іхнім жаданням. Пад уплывам гуманістычных і дэмакратычных каштоўнасцяў Еўропы.

Працэс ідзе, і будзе ісці яшчэ доўга.

– Калі ўлада зменіцца, Вы будзеце абараняць яе цяперашніх апалагетаў?

– Збольшага змена ўлады не мяняе ментальнасці людзей. Мы часта назіраем, як недзе адбываюцца рэзкія палітычныя метамарфозы, як, напрыклад, ва Украіне ў 2005 годзе. Так, дэмакрат Юшчанка тады прыйшоў да ўлады. Але эліты перасварыліся, грамадства аказалася не гатовае адстойваць перамены, і неўзабаве ўсё вярнулася да зыходнага.

Іншы прыклад – Беларусь. У пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя многім таксама здавалася, што працэс дэмакратызацыі ў Беларусі незваротны, але наступіў 1994 год, і ўсё пайшло назад...

Не трэба спадзявацца на тое, што зменіцца ўлада, і мы будзем жыць ледзь не ў раі. Я ўпэўнены, што місія праваабаронцы – выступаць за справядлівасць. А зусім не абараняць тых, хто здзейсніў злачынства. Таму я выступаю за справядлівае правасуддзе для ўсіх.

– Апошнім часам ствараецца ўражанне, што Захад не надта прыслухоўваецца да альтэрнатыўных меркаванняў у Беларусі…

– Гэта жыццё, і ў ім ёсць розныя пункты ўплыву. Сёння многае вызначаецца геапалітыкай.

Вядома, нам стала цяжэй працаваць, але мы не апускаем рукі, бо разумеем, што каштоўнасці дэмакратыі і захавання правоў чалавека ў Еўропе не змяніліся.

– Калі коратка, што за 20 гадоў у «плюсе», а што ў «мінусе»?

– Дадатнае у тым, што мы даволі шырока змаглі распаўсюдзіць у беларускім грамадстве разуменне значнасці правоў чалавека. Прыемна таксама, што сёння любы іншадумец, любы, хто ўдзельнічае ў мірных вулічных акцыях, ведае, што яму заўсёды ёсць да каго звярнуцца...

З упэўненасцю можна казаць пра тое, што праваабарончы рух у Беларусі памужнеў, здабыў аўтарытэт.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках