18 красавiка 2024, Чацвер, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва будуе ля беларускай мяжы палігон «Вільня»

1

На палігоне вайскоўцы Літвы і NATO будуць вучыцца абараняць горад ад агрэсара.

Літва будуе каля беларускай мяжы буйны палігон для імітацыі гарадскіх баёў. Ужо стаяць сцены і нават будуецца каналізацыя, але жыць тут ніхто не будзе, паведамляе «Белсат».

ФОТА: МІНІСТЭРСТВА АБАРОНЫ ЛІТВЫ

Менш чым у 10 км ад беларускай паўночна-заходняй мяжы, каля мястэчка Пабрадзе, знаходзіцца палігон, які выкарыстоўваўся яшчэ царскім і савецкім войскамі. У гэтым годзе тут з'явіцца горад без жыхароў, у якім жаўнеры будуць рыхтавацца штурмаваць і абараняць будынкі і цэлыя кварталы. Назва «горада», у якім літоўскія і іншыя жаўнеры NATO будуць вучыцца ваяваць, - «Вільня».

З 2014 года Літва значна павялічвае выдаткі на абарону і супрацоўніцтва з NATO. Гэта выкліканае небяспекай з боку Расеі, якая стала відавочнай пасля агрэсіі супраць Украіны. З тых часоў Вільня павялічвае выдаткі на абарону прыкладна на траціну штогод. У 2017 годзе яны складуць 725 мільёнаў еўраў - прыкладна 1,8% ВУП краіны, гэта дзесьці столькі ж, колькі ў 2011, 2012 і 2013 гадах, разам узятых.

ФОТА: МІНІСТЭРСТВА АБАРОНЫ ЛІТВЫ

Гарадскі палігон каля Пабрадзе будзе каштаваць прыкладна 5 млн еўраў - 26 двухпавярховых будынкаў, вялікая цэнтральная плошча, паліцэйскі пастарунак, гандлёвы цэнтр, школа, касцёл.

Будуецца і каналізацыя - каб жаўнеры вучыліся весці бой пад зямлёй.

ФОТА: МІНІСТЭРСТВА АБАРОНЫ ЛІТВЫ

Адначасова тут змогуць трэніравацца больш за тысячу байцоў з танкамі ды іншай бронетэхнікай. Першыя выпрабаванні запланаваныя на ліпень.

ФОТА: МІНІСТЭРСТВА АБАРОНЫ ЛІТВЫ

Краіны Балтыі, Польшча, Фінляндыя і іншыя дзяржавы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы прыкметна павысілі ўвагу да сваёй абароны ў сувязі з тым, што Масква прадэманстравала гатоўнасць ісці супраць сваіх міжнародных абавязацельстваў i патрабаванняў права.

У 2015 годзе Літва вярнула прызыў у войска - пакуль што на 5 гадоў, у адказ на «змену геапалітычнай сітуацыі», як заявіў прэм'ер-міністр краіны Альгірдас Буткявічус.

Цяпер краіна абнаўляе парк бронетэхнікі - купляе найноўшыя нямецкія бронетранспарцёры GTK Boxer у варыянце з ненаселенай вежай з 30-мм аўтаматычнай гарматай Rheinmetall MK 30/02/ABM, як на новай нямецкай БМП Puma, а таксама з узмоцненай бранёй.

Тэхніка, якая вызваляецца, пойдзе 2-й мотапяхотнай брыгадзе літоўскага войска, якую пачалі фармаваць з вясны мінулага года.

Краіны Балтыі таксама прымаюць у сябе амерыканскія войскі, бо без дапамогі хаўруснікаў па NATO не змогуць сябе абараніць у варунках пераважнай агнявой і колькаснай перавагі Масквы.

Аднак аналіз, які быў падрыхтаваны амерыканскім аналітычным цэнтрам RAND Corporation, сведчыць, што цяпер Літва, Латвія і Эстонія ўсё адно не змогуць доўга супраціўляцца ў выпадку маштабнай расейскай агрэсіі. Масіраваная дапамога заходніх хаўруснікаў проста не паспее прыбыць за тыя некалькі дзён, якія спатрэбяцца Маскве для поўнай акупацыі. Таму ўсходнія чальцы NATO робяць усё, каб павялічыць сваю абараназдольнасць.

ФОТА: МІНІСТЭРСТВА АБАРОНЫ ЛІТВЫ

У Літве праграма абнаўлення і пашырэння інфраструктуры вайсковых палігонаў пралічаная да 2022 года. Палігон у Пабрадзе ў 2017 годзе павялічыцца ўдвая - да 17,6 тысячы га.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках