19 красавiка 2024, Пятніца, 14:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнікі: Ліквідацыя сельскіх крам - гэта «аптымізацыя»

7
Чыноўнікі: Ліквідацыя сельскіх крам - гэта «аптымізацыя»

Вяскоўцы ж павінны днямі чакаць аўтакраму, але пры гэтым «прыватнікаў» у вёску не пускаюць - ствараюць невыносныя ўмовы.

Вясковую краму прасцей ліквідаваць, чым трымаць: штомесячныя страты складаюць ад 5 да 7 мільёнаў на адзін аб'ект, уважае Белкаапсаюз - манапаліст у гандлі на вёсцы і ў большасці райцэнтраў. Вяскоўцы ж павінны днямі чакаць аўталаўкі ці ехаць за самым неабходным у райцэнтр. А вось прыватнікаў у вёску не пускаюць - ствараюць невыносныя варункі, паведамляе «Радыё Свабода».

30 красавіка ў СМІ з'явілася інфармацыя, што ў сельскай мясцовасці масава закрываюцца крамы Белкаапсаюзу. І вяскоўцы павінны ці чакаць аўталаўкі, ці ехаць у найбліжэйшы райцэнтр.

Управа гандлю Белкаапсаюзу даслала афіцыйны адказ, які называецца «Аб аптымізацыі гандлёвай сеткі спажывецкай кааперацыі».

«70% аб'ектаў працуюць у сельскай мясцовасці, з іх больш за тысячу крам - у населеных пунктах з насельніцтвам менш за 100 чалавек. З улікам нізкага аб'ёму тавараабароту такіх крам і значных выдаткаў на іх утрыманне (будынак, заробак прадаўца, транспартныя выдаткі ў дастаўцы тавараў) сярэднемесячныя страты складаюць ад 5 да 7 мільёнаў за адзін аб'ект.

Цяпер назіраецца тэндэнцыя скарачэння колькасці жыхароў у сельскай мясцовасці, у сувязі з чым праводзіцца работа для аптымізацыі стратнай гандлёвай сеткі Белкаапсаюзу. Закрыццё крам - гэта крайні захад, які ўжываецца толькі пасля дакладнага аналізу іх працы і далейшых перспектыў развіцця населеных пунктаў. Як правіла, закрываюцца крамы ў вёсках з колькасцю насельніцтва, меншай за 200 чалавек», - гаворыцца ў адказе.

І далей ідзе пералік інструкцый – згодна з ацэнкай выканання нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў у гандлі, бытавым абслугоўваннi i г.д., паводле якіх дазваляецца закрываць сельскія крамы.

Управа гандлю Белкаапсаюзу таксама паведамляе, што ў населены пункт, дзе закрылася стацыянарная крама, тры разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. І апісвае:

«Сучасныя фургоны забяспечаныя поўным наборам халадзільнага і гандлёвага абсталявання, што дазваляе пакупніку мець заўсёды поўны асартымент свежых харчовых тавараў і прамтавараў паўсядзённага попыту. У аўтакраме прымаюцца папярэднія заказы на дастаўку тавараў, не ўключаныя ў асартыментны пералік. У многіх устаноўленыя аплатныя тэрміналы, за пакупкі можна разлічвацца банкаўскай карткай».

Здавалася б, як паклапаціліся аб вяскоўцах: далікатэсы або прысмакі можна нават замовіць - у наступны раз прывязуць. А вось жыхары Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці наракаюць: аўталаўка прыязджае ў вёскі з суседняга Мсціслаўскага раёна, бо крычаўскі райспажыўсаюз збанкрутаваў. Аўтакраму даводзіцца чакаць - улетку яшчэ сяк-так, а зімой гэта вельмі нязручна. Пасля таго, як машына пройдзе па пыльных дарогах, за шклом тавараў не разгледзець. Пральныя парашкі, бытавая хімія знаходзяцца побач з хлебам і іншымі прадуктамі. Да таго ж асартымент тавараў небагаты, а прадаюцца яны з нацэнкай.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў Аляксандр Ярашук выказаў меркаванне, што спажывецкая кааперацыя - даўно ўжо перажытак мінулага, але прыватніка яна ў вёску не пусціць:

«Гэта калі не зусім яшчэ мярцвяк, то істота, якая знаходзіцца ў коме, у вегетатыўным стане: мозг памёр, а цела яшчэ рухаецца. Але праблема больш глыбокая: мала таго, што Белкаапсаюз сам ужо недзеяздольны, анахранізм, але гэты мярцвяк бервяном ляжыць і не пускае ў вёску прыватніка. Гэта палітыка і раённых уладаў, мясцовай вертыкалі, гэта палітыка і самага Белкаапсаюзу, але гэта і палітыка беларускай улады.

Я ведаю шмат прыкладаў, калі закрываюцца крамы ў даволі вялікіх вёсках, і як гэтыя аўталаўкі не заўсёды паводле раскладу прыязджаюць, і нацэнкі там вялікія. Адзінае выйсце - прыватнік. І ён прыходзіць, але яму такія невыносныя варункі ствараюць, бо ён канкурэнт, ён кідае выклік гэтаму монстру - Белкаапсаюзу, а таксама ўсёй сістэме ўлады, эканамічнай і палітычнай. А ўлады ўсё робяць, каб задушыць прыватніка. І пакуль я не бачу сімбіёзу прыватніка і кааперацыі.

Насамрэч кааперацыі як самастойнай структуры даўным-даўно няма, дзесьці з гадоў 1960-70-х, калі ў яе былі нейкія паі, я памятаю, яшчэ нейкія маркі клеілі гэтым «пайшчыкам». Але потым дзяржава ўзяла поўны кантроль над Белкаапсаюзам з усімі наступствамі. І мы адзіная дзяржава на постсавецкай прасторы, якая захавала гэты анахранізм - Белкаапсаюз. Гэта сіямскія двайняты: беларуская ўлада, дзяржаўны гандаль - Міністэрства гандлю, Белкаапсаюз...

А прыватніку не дадуць разгарнуцца, яны не падолеюць Мінгандлю і Белкаапсаюз. Выхад толькі адзін: мяняць сістэму. Бо пакуль будзе гэтая ўлада, нічога добрага не чакае людзей у вёсцы», - мяркуе Ярашук.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках