19 красавiка 2024, Пятніца, 23:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-прэм'ер Літвы: Будучыня Беларусі - у Еўразвязе

9
Экс-прэм'ер Літвы: Будучыня Беларусі - у Еўразвязе
Андрус Кубілюс

У Беларусі можа быць толькі еўрапейскі шлях развіцця.

«У Беларусі ёсць толькі адзін курс для развіцця. І гэты курс - Еўропа. Я мяркую, што беларусы могуць скарыстацца досведам сваіх суседзяў з Украіны, якія выказаліся менавіта за цывілізаваную будучыню сваёй краіны. А гэта будучыня - Еўразвяз. У нашым рэгіёне - еўрапейскі шлях самы надзейны».

Такое меркаванне ў размове з «Радыё Свабода» выказаў былы кіраўнік урада Літвы, а цяпер лідар парламенцкай апазіцыі ў Сейме Андрус Кубілюс.

Ён прыехаў у Менск, каб распавесці беларускім індывідуальным прадпрымальнікам, у якіх варунках працуе малы бізнэс у ягонай краіне.

У адказе на пытанне журналістаў пра стаўленне ў Літве да скасавання еўрапейскіх санкцыяў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў Кубілюс адзначыў:

«У літоўскіх палітыкаў цяпер няма адзінага меркавання наконт таго, ці правільна зрабіў Брусэль, калі зняў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Некаторыя мяркуюць, што гэта паспешлівая і заўчасная пастанова, таму што тыя пытанні, праз якія санкцыі ўводзіліся, да канца дагэтуль не развязаныя.

Мне асабіста здаецца, што беларускім уладам цяпер ёсць над чым падумаць - асабліва над сітуацыяй з правамі чалавека. Беларусь - еўрапейская краіна. І стаўленне да свабоды чалавека тут павінна быць таксама еўрапейскім. Я мяркую, што Еўразвяз скасаваў санкцыі толькі таму, бо спадзяецца, што беларускія ўлады будуць мяняць сваю палітыку. Я не ведаю, наколькі ўважліва сочаць за гэтым у Брусэлі. Але і ў Вільні мы ўважліва сочым за кожнай навіной з Беларусі.

Нам не абыякава, як ідуць справы ў нашых суседзяў. Можа таму што мы бліжэй да Менска, чым Брусэль, мы не настолькі наіўныя, каб верыць вашым уладам на слова. Калі Лукашэнка хоча наладзіць стасункі з Еўразвязам, то хай даводзіць свае намеры не словамі, а канкрэтнымі справамі.

У верасні ў Беларусі пройдуць «парламенцкія выбары». Іх адкрытасць, адпаведнасць стандартам БДІПЧ АБСЕ і будзе адказам на ініцыятыву Брусэля аб скасаванні санкцый. Дарэчы, парламенцкія выбары ў кастрычніку пройдуць і ў Літве. Але я магу адразу сказаць: хто б у нас ні перамог на іх, увага да Беларусі застанецца. Гэта абсалютна дакладна».

Аб сённяшняй канферэнцыі «Ад вялікай дзяржавы - да малога бізнэсу: асновы структурных трансфармацый» Кубілюс выказаўся так:

«Я ўжо казаў, што нас хвалюе лёс суседзяў - і беларусаў, і ўкраінцаў. Мы вельмі хочам, каб яны былі ў агульнай еўрапейскай сям'і. Таму дапамагаем. Сённяшняя сустрэча - гэта экспэртная дапамога. Наш досвед паказаў, што ўвага да малога бізнэсу куды больш эфектыўны шлях, чым арыентаванне на дзяржаўную эканоміку і толькі на тых бізнэсоўцаў, якія маюць асаблівыя стасункі з уладай.

Я звярнуў увагу, як рэагавалі беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі, калі мы з Нікаласам Маяўскасам распавядалі пра стаўленне да бізнэсу ў Літве. Асабліва калі гэта тычылася лічбаў. Я казаў, што наша краіна атрымае з 2013 да 2020 года 13 мільярдаў еўраў ад Еўразвязу. І больш за палову гэтых грошай пойдзе на падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу. Па рэакцыі залы я зразумеў, што для Беларусі гэта завоблачныя грошы».

Адказваючы на пытанне, чаму замежныя інвестары ўкладваюць вялікія грошы ў Літву, а Беларусь абыходзяць, экс-прэм'ер адзначыў:

«За інвестыцыямі трэба паляваць. У пачатку мы гэтага не разумелі. Спадзяваліся, што Літва сама па сабе прывабная і мілая краіна, таму і інвестары прыйдуць сюды самі. Але час паказаў, што гэта марныя надзеі. Замежнаму капіталу не патрэбныя апавяданні пра прыгажосць краіны. Іх цікавіць перш за ўсё заканадаўства, магчымасці для развіцця, перспектывы. Гэта дзелавыя людзі. І яны хочуць зарабіць. Таму і трэба з імі дамаўляцца - як пойдзе працэс, колькі прыбытку яны пусцяць на стварэнне працоўных месцаў і г.д.

А проста сказаць: прыязджайце ў «сінявокую» і вам тут будзе добра, такое з сур'ёзным бізнэсам не спрацуе».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках