24 красавiка 2024, Серада, 20:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самыя цікавыя вакансіі траўня: партыйны лідар, філосаф і пчаляр

6
Самыя цікавыя вакансіі траўня: партыйны лідар, філосаф і пчаляр
ФОТА З САЙТА ZOOHOZ.RU

Незвычайныя вакансіі, якія прапануюць беларускім беспрацоўным.

«Наша Нiва» пацікавілася самымі незвычайнымі вакансіямі, якія прапануюць беларускім беспрацоўным. Высветлілася, што айчынны рынак працы жыве не толькі ІТ-шнікамі, будаўнікамі і мэнэджарамі ў продажах.

Партыйны лідар

Самая незвычайная вакансія з'явілася на сайце minsk.jobs.tut.by ў сярэдзіне траўня. Паведамлялася, што імідж-студыя «Вітрын» шукае лідара палітычнай партыі. «Партыя Новая зямля - гэта першая прагрэсіўная партыя Беларусі. Яна прадстаўляе інтарэсы працоўных і беспрацоўных», - гаварылася ў аб'яве.

Высветлілася, што лідара палітычнай партыі шукае піяршчыца Марыя Храмцова. Прычым, лідару партыі - незарэгістраванай - Храмцова абяцала заробак блізу 400 даляраў. Хоць, у аб'яве паведамлялася, што першапачаткова дзейнасць «лідара» аплачвацца не будзе.

На пытанне, навошта яна палезла ў палітыку, Храмцова адказала так:

«Я з'яўляюся найлепшым іміджмэйкерам Еўропы і адзін з кірункаў, які я павінна засвоіць, гэта ніша палітычнага піяру».

На момант публікацыі вакансіі група «партыі» ў «фэйсбуку» складалася з 46 чалавек. Сёння ў ёй на траціну менш - 30 чалавек і 2 адміны.

Філосаф

Але зарабіць можна не толькі думкамі пра лёс Радзімы. Можна задацца і больш глабальнымі пытаннямі. І ўладкавацца на пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка ў Інстытут філасофіі беларускай Акадэміі навук.

Каб атрымаць працу, трэба мець ступень доктара філасофскіх навук і быць спецыялістам у галіне сацыяльнай філасофіі. Праца ў адну змену.

Заробак, вядома, таксама настройвае на філасофскае стаўленне да жыцця. Абяцаюць філосафу 5,9 мільёнаў рублёў.

Пчаляр

Пчаляроў шукаюць адразу некалькі беларускіх лясных гаспадарак. Патрабаванні наступныя: досвед працы (дзе 2 гады, а дзе і 5), дзесьці патрабуецца і профільная адукацыя. Так, на пчаляроў вучацца ў Беларусі, напрыклад, у Смілавіцкім аграрным каледжы.

Заробак, праўда, так сабе - ад 2,5 да 3,5 мільёнаў. Прычым, там, дзе патрэбен найбольшы досвед, прапануюць найменшы заробак.

Патолагаанатам і наглядчык могілак

Патрабуюцца людзі і ў не вельмі вясёлыя месцы. Напрыклад, патолагаанатамаў шукае рэспубліканскі навукова-медыцынскі цэнтр анкалогіі. З патрабаванняў - толькі адпаведная адукацыя. Заробак абяцаюць 6,5 мільёнаў рублёў.

Адукацыі досыць агульна-сярэдняй. Прыбіральніку могілак у Лагойску прапануюць 2,5 мільёна рублёў. Наглядчыку за калумбарыям у Смалявічах - 2,9.

Заробкі невялікія, затое праца ў ціхім месцы.

Клінер і сцюард

Саромеецеся працаваць прыбіральшчыкам? Паспрабуйце пасаду клінера! Гэта фактычна тое ж самае, затое гучыць прыгажэй. А, і патрабуецца вышэйшая адукацыя.

Вось, напрыклад, менская кампанія якраз шукае клінераў. Плаціць будуць ад 6,6 мільёнаў. Кажуць, што «праца цікавая, плацім добра, абяцаем драйв», таксама абяцаюць кар'ерны рост.

Умовы наступныя: не менш за 5 уборак на тыдзень (ад 4 да 8 гадзін), выкананне стандартаў уборкі і працы з кліентамі, рух на метро (праязны аплачваецца), усё для уборкі - з сабой, перавозка ў заплечніку.

Пры гэтым, працадаўцы публікуюць наступныя патрабаванні да суіскальнікаў: «Вам падабаецца прыбіраць; вы працуеце хутка, дысцыплінаваныя; вы ўважлівыя да дэталяў; вы ведзяце сябе адкрыта, усміхаецеся, прыязныя; у вас выказанае жаданне дапамагчы; вы здольныя развязаць пытанні і рэдка кажаце «я не ведаю» і «гэта не маё пытанне»; вы акуратныя, добра выглядаеце і кажаце; у вас вышэйшая адукацыя».

Пры гэтым, паказваецца, што за 20 уборак за месяц можна атрымаць блізу 5 мільёнаў. Астатняе - больш робіш, адпаведна больш зарабляеш.

А калі вы невук ва ўніверсітэце, адпаведна, шлях у клінеры вам закрыты, можаце паспрабаваць сябе на пасадзе сцюарда. Па-першае, гучыць таксама прыгожа. А па-другое, досвед працы не абавязковы, адукацыі хопіць і сярэдняй. Ад сцюарда чакаюць «своечасовага і якаснага мыцця посуду і кухоннага абсталявання гатэля» і таксама «прывядзенне асноўных і дапаможных кухонных памяшканняў у адпаведнасць з санітарна-гігіенічнымі нормамі і стандартамі абслугоўвання».

Плаціць сцюардам абяцаюць 30 тысяч рублёў за гадзіну.

Таемны пакупнік

Такіх вакансій хапае. Праца нескладаная: пад выглядам звычайнага наведвальніка прыйсці ў краму, пракансультавацца з прадаўцом з нагоды якога-небудзь тавару, затым дома падрабязна запоўніць справаздачу аб праверцы і выслаць мэнэджару праекту.

Працадаўца запэўнівае, што запаўненне анкеты займае ў сярэднім 20-30 хвілін. Працягласць візіту - 10- 20 хвілін. Сярэдні кошт кожнага візіту 60.000 да 100.000 рублёў. Правяраць прапануюць розныя месцы: крамы, салоны сувязі, нават аддзяленні банкаў і пошты. Час і дата праверкі ўзгадняюцца з начальствам.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках